Піяністка-Сяміспраўніца

Піяністка-Сяміспраўніца

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Так Тамару Любаеву называла ў дзяцінстве мама – за імгненнае жаданне брацца за любую работу і займацца некалькімі справамі адначасна

“Асоба павінна развівацца гарманічна – да гэтага неабходна імкнуцца ў любым часе. І гэта заўжды было модна!”
ПРА СЯБЕ: раўненне на Шапэна

У сям’і настаўніка беларускай мовы Міхаіла Гаўрыліка і ўрача-педыятра Аляксандры Сямашка ўсе (а гэта тата, мама і дзве іх дачушкі) жылі хваляваннямі за маленькіх пацыентаў гаспадыні дома. А калі дзіця памірала (і такое, на жаль, здаралася!), сэрца шчымела не ў адной Аляксандры Іванаўны – таму зразумела, чаму яна была супраць таго, каб Ірына і Тамара ішлі па яе прафесійнай сцяжыне. “Не, – казала жанчына катэгарычна, калі пасля Тамашоўкі Брэсцкага раёна і Ружан сям’я асела ў Баранавічах, – паступайце лепш у мясцовае музвучылішча. Уяўляеце, якая прыгожая будзе ў вас работа? Музыка, радасць!..”
Спачатку малодшая, Тамара, вырашыла стаць піяністкай пасля дзіцячых практыкаванняў з бабулінай качалкай-прасам (былі некалі такія драўляныя рабрыстыя прыстасаванні). Следам за ёй старэйшая пайшла вучыцца па класе баяна.
Нашай гераіні пашанцавала з педагогамі. Прафесіяналам высокага класа была першы з іх – Рахіль Саулаўна Вяршубская. Яна аддана любіла сваю справу, хоць пры гэтым вылучалася строгасцю і патрабавальнасцю – ды такой, што дзеці, як кажуць, баяліся яе духу. Здаецца, і праз бясконца доўгую плынь гадоў чуецца незадаволены пачутай музыкай голас педагога: “Шапэн сачыніў гэты паланэз у 7 гадоў, а ты нават у 11 не можаш яго сыграць!”
Ды Рахіль Саулаўна цяжка хварэла і хутка яе не стала. Шкадуючы сваю настаўніцу, Тамара перажывала, хто будзе наступным яе педагогам: няхай бы Ларыса Мікалаеўна Лебедзева – такая яркая, прыгожая, бы свята! Зайшоўшы ў аўтобус, дзяўчынка загадала: “Калі кандуктар дасць шчаслівы білецік – жаданне збу-дзецца”. І што ж вы думаеце? Убачыўшы запаветныя, тыя самыя шчаслівыя лічбы на білеце, Тамара тут жа скамячыла яго і хуценька… праглынула, усміхаючыся: усё будзе так, як задумала!
Дзяўчынка захоплена займалася музыкай з Ларысай Мікалаеўнай. Яна не адводзіла зачараваных вачэй ад настаўніцы-прыгажуні. Калі ж занявесцілася, вусны і вочы стала фарбаваць гэтак, як яе любімы педагог.  У свабодныя ж хвіліны, затаіўшы дыханне, Тамара слухала аповеды англічанкі Ірыны Уладзіміраўны пра вандроўкі – асабліва ў Індыю. А сама вучаніца ў гэты час уяўляла сябе сцюардэсай, якая ўсюды лятае і абавязкова гуляе па Лондане –
недасягальным, як пазаземная цывілізацыя…
Шмат чаму Тамара навучылася ў Баранавіцкай спецшколе англійскай мовы, дзе выкладаліся і ўрокі працы. Яна з ахвотай асвойвала спачатку азы, а потым – сакрэты шыцця і вязання. Відаць, у дзяўчынку з нараджэння быў закладзены своеасаблівы ген рука-дзелля, і ён патрабаваў далейшага развіцця. А якой майстрыхай была яе родная цётка! Дык ці трэба дзівіцца таму, што Тамара ўжо ў 4 класе вязала сабе шапачкі (раней жа не было такога выбару моднага адзення, бы цяпер)? Паносіць
тыдзень – распусціць і з гэтых жа нітак звяжа капялюшык зусім іншага фасону. Вязала і шыла рэчы не толькі сабе, але сястры і маме, якая казала, замілавана гледзячы на малодшанькую: “Ах, ты ж мая піяністка-сяміспраўніца!..”

ПРА СПРАВУ: замест Лондана ў… Быцень
Пасля заканчэння музвучылішча Тамара атрымала размеркаванне ў Івацэвічы, а дакладней – у Быценскую дзіцячую музычную школу. І гэта здалося ёй сапраўднай катастрофай. Устаючы штодзень у 5 гадзін раніцы, яна спяшалася на цягнік і, вяжучы рукаў кофтачкі, аблівалася пякучымі слязамі…
Праўда, прыехаўшы ў школу, забывала пра крыўду на лёс – ёй, маладой летуценніцы, цікава было з дзецьмі, вучыць іх і дзяліцца сваімі ведамі. Калі ж праз месяц піяністку-модніцу, апранутую па тым часе ў дэфіцытны штруксавы плашч, пашыты сваімі рукамі, і чорную велюравую берэтку, перавялі выкладчыцай па класе фартэпіяна ў Івацэвіцкую дзіцячую музычную школу, яна сказала сабе: “Нічога страшнага. Адпрацую тры гады і толькі вы мяне тут бачылі!”
Але мінуў год, другі, трэці, з’явіліся перспектыўныя вучні, якіх Тамары хацелася давесці да выпуску, а потым, смяецца яна, – “любоў, галубы, замужжа”, і Любаева (прозвішча па мужу) канчаткова забылася пра ад’езд. Яна палюбіла Івацэвічы, а горад – яе. Маладая жанчына з галавой акунулася ў сям’ю і работу…
Ды жыццё не бывае бязвоблачным: час ад часу аптымістычна-яркія фарбы блякнуць, змяняючыся на шэрыя адценні ці ўвогуле адчайна-змрочную чарноту. Калі Тамары споўнілася 27, памерла маці. Як жа цяжка было прывыкаць жыць без матулінай падтрымкі і ласкавага звароту: “Дачушка мая!” Ніхто больш не чакаў яе так, як умела чакаць толькі мама… Таму, калі пазнавата ўжо, у 40, у яе з мужам жыцці заззяла сонейка па імені Маргарыта, жанчына не скупілася на любоў. З першага дня яна імкнецца даць дачушцы ўсё, каб тая ніколі не адчувала сябе ў жыцці бездапаможным птахам…
Дарэчы, Рыта таксама займаецца па класе фартэпіяна ў мамінай школе. Праўда, 15-гадовая дзяўчына не лічыць прафесію музыканта самай лепшай – марыць рабіць кліпы. І хоць для яе бацькоў гэты сюрпрыз не з прыемных, ды Тамара Міхайлаўна не пераконвае дачку ў зваротным: кожны павінен зрабіць свой выбар. А ламаць мару… Навошта? Ці варта гэтага самага каштоўнага – дзіцячага даверу і любові?..

Працяг чытайце ў друкаваным варыянце газеты (№ 11 за 9 сакавіка 2012 года)

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“І раскажу бярозцы, як сяброўцы…”

Следующая запись

Змянілася мінімальная стаўка дзяржаўнай пошліны за разгляд іскавых заяў