Беларусь

  • Главная
  • Тэатральны пад'езд
  • Больш за 700 артыстаў павіншуюць Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” з 25-годдзем

Больш за 700 артыстаў павіншуюць Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” з 25-годдзем


Напачатку 2013-га любімы гледачамі фестываль адзначыць 25-гадовы юбілей. Наконт знамянальнай даты трапна выказаўся начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Сяргей Панасюк. “Калі гаворка ідзе пра аналагічную гадавіну шлюбу, – заўважыў ён, – то ў народзе звычайна выкарыстоўваюць выраз “срэбнае вяселле”.
Гэтым жа прыметнікам можна смела пазначыць і Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”. Запрашальныя білеты, аформленыя ў срэбнай гаме, колькасць краін-удзельніц, якая таксама роўная 25, вядомыя брастаўчанам імёны даўніх сяброў форуму – усё сведчыць пра тое, што вялікая музычная імпрэза атрымаецца сапраўды грандыёзнай.
Па традыцыі фэст пачнецца з невялічкай перадгісторыі, а дакладней – уверцюры (так яе ахрысціла Лілія Батырава, заснавальнік і мастацкі кіраўнік фестывалю). Уверцюра запланавана на 8 студзеня ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, а ўжо на наступны дзень на гэтым жа месцы адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця Міжнароднага форуму. Ён будзе доўжыцца да 12 студзеня.
Распачне канцэртную праграму народны артыст СССР, лаўрэат шматлікіх конкурсаў Уладзіслаў П’яўка. У гэты ж вечар на сцэну выйдзе і непараўнальная Ліяна Ісакадзэ, якая паланіла сэрцы брэсцкай публікі феерычнай ігрой на скрыпцы падчас сваіх мінулых выступленняў. Зноў наведае горад над Бугам не менш феерычны Захар Брон. У спісе доўгачаканых гасцей і па сумяшчальніцтве адданых сяброў студзеньскага музычнага марафону таксама значацца піяніст і прафесар Барыс Блох з Германіі, яго мінскі калега Ігар Алоўнікаў, уладальніца пранізліва-прыгожага сапрана Ганна Самсан, першая флейта оперных тэатраў Рыма і Мілана Антоніа Амендуні і іншыя.
Карацей кажучы, гурманаў ад музыкі чакае шмат прыемных падарункаў. Адным з такіх, безумоўна, стане прыезд у абласны цэнтр італьянскага трыа тэнараў – Матэа Бертарэлі, Рабэрта Касці і Стасі Дамяніка, якія выступяць на закрыцці форуму. А яшчэ ў якасці вядучага аргкамітэт запрасіў сусветнавядомага Святаслава Бэлза. Зрэшты, музыказнаўца, крытык, публіцыст, старшыня журы Бунінскай прэміі ў асаблівым прадстаўленні не мае патрэбы.
Нягледзячы на тое, што фестывальная афіша стракаціць знаёмымі гараджанам імёнамі, арганізатары абяцаюць адкрыць нам і мноства новых талентаў з ліку ўдзельнікаў. Упершыню на “Студзеньскіх музычных вечарах” выступяць музыкі са спякотнай Ямайкі, Даніі, Швецыі. Агульная ж колькасць артыстаў, якія выказалі жаданне павіншаваць брэсцкі фестываль з 25-м днём нараджэння, перавысіла 700 чалавек. Самыя юныя музыканты (а іх будзе вельмі шмат) атрымаюць на памяць спецыяльныя прызы ў выглядзе парусніка з музычнымі ноткамі і пажаданнем шчаслівага плавання. Іх больш дарослыя калегі таксама не застануцца без памятных узнагарод ад арганізатараў і спонсараў фэсту.
У межах “Студзеньскіх музычных вечароў” зноў пройдуць майстар-класы ад сапраўдных карыфеяў сваёй справы, будзе шмат цікавых сустрэч з музыкантамі і прафесарамі, адбудзецца канцэрт у касцёле. У асобную частку праграмы вынесены традыцыйны Калядны баль, сама ідэя якога, па словах Ліліі Батыравай, навеяна творамі Пушкіна і Лермантава.
Чакаем з нецярпеннем першых дзён студзеня і абяцанага “срэбнага вяселля” – у самым высокім сэнсе гэтага выказвання!
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля