Беларусь

Бывайце, музыкі, і… да сустрэчы!


Імгненні, хвіліны, гадзіны XXIII Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”
Вось і адгучалі апошнія акорды самага зімовага і самага музычнага брэсцкага форуму “Студзеньскія музычныя вечары”. Сёлетняя імпрэза ўключыла ў сябе чатыры вячэрнія і два дзённыя канцэрты, на якіх музыканты з розных куточкаў свету яшчэ больш умацавалі і без таго непарыўны кантакт з брэсцкай публікай. Праз год зноў будзе шумна, гаманліва і надзвычай урачыста. А пакуль з радасцю ўспомнім тыя незабыўныя хвіліны асалоды, якія падарыў нам фэстываль.
СЯБРОЎСКІЯ СУСТРЭЧЫ І КРАНАЮЧЫЯ МАЙСТАР-КЛАСЫ
Сёлета на фестывальных падмостках сустрэліся даўнія сябры, выдатныя піяністы Барыс Блох і Ігар Алоўнікаў, якія не бачыліся амаль 35 гадоў.
Дарэчы, Ігар Уладзіміравіч на нашым фэсце не навічок: ён якраз з тых артыстаў, каго чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Сталічны піяніст кожны раз па-новаму здзіўляе і зачароўвае аматараў класікі ігрой самай высокай эмацыянальнай напружанасці. Сёлета ён прыехаў са сваёй вучаніцай, студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якая на закрыцці фестывалю акампанавала кларнецісту з Мінска Дзмітрыю Ярацэвічу.
– Мне вельмі падабаецца Брэст, – дзеліцца ўражаннямі Ігар Алоўнікаў. –  Прыгожыя маленькія магазінчыкі і кафэ, чыстыя вуліцы дадаюць гораду ўтульнасці. З другога боку, сучасныя новабудоўлі, што растуць, як на дражджах, выдатныя спартыўныя базы не могуць не цешыць вока. Закранаючы фестывальную тэматыку, адзначу, што брэсцкія студзеньскія вечары набываюць усё больш і больш прыхільнікаў. Прываблівае шматпланавасць форуму: тут выступаюць і прафесіяналы, і навічкі. І брэсцкая публіка вельмі розная – на выступленні прыходзяць як прадстаўнікі старэйшага пакалення, так і зусім юныя гараджане. Яны выдатна адчуваюць класіку, а іграць для людзей, якія цябе разумеюць, надзвычай лёгка.
Барыс Блох упершыню наведаў Брэст і “адпрацаваў” максімальна карысна і для сябе, і для публікі. Пасля феерычнага выступлення на адкрыцці фестывалю Барыс Эмільевіч не спяшаўся пакінуць горад: наступным пунктам яго праграмы быў майстар-клас у музычным каледжы імя Р. Шырмы. Па заканчэнні форуму вядомы піяніст зноў адправіўся ў Еўропу, якая стала для ўраджэнца Адэсы другой радзімай. Маэстра абяцаў, што будзе ўсім расказваць пра адданых сваёй прафесіі берасцейцаў, якія з’ехаліся з розных куточкаў вобласці на яго заняткі. Прафесара сусветнай вядомасці да глыбіні душы крануў той факт, што людзям давялося прачнуцца ў пяць гадзін раніцы, перацярпець “трасяніну” ў цягніку, каб заняць месца бліжэй да сцэны, дзе ён – выдатны педагог, піяніст высокага ўзроўню – будзе дзяліцца сакрэтамі майстэрства.
Дарэчы, яго папярэднік па майстар-класу скрыпач Захар Брон у гэтых самых сценах днём раней таксама сабраў поўную залу людзей, неабыякавых да класічнага мастацтва. Выявілася: Брон належыць да той катэгорыі творцаў, якія лічаць, што самаўдасканаленне – працэс бясконцы і бязмежны. Строгі, бескампрамісны педагог, здавалася, гадзінамі гатовы адточваць кожную нотку да патрэбнага гучання. Скрыпач добра ведае: менавіта такі падыход і дае вынікі. Гэта не раз пацверджана шматлікімі перамогамі яго вучняў на сусветнай сцэне, і іх ужо налічваецца не дзясяткі, а сотні. А сам Захар Нухімавіч – лаўрэат прэстыжнага конкурсу Каралевы Лізаветы ў Бруселі, прафесар Кёльнскай, Цюрыхскай і Мадрыдскай кансерваторый.
ОПЕРА З ІТАЛЬЯНСКІМ ШАРМАМ
У халодныя студзеньскія вечары палкія італьянцы (салісты оперных тэатраў, што выступілі пад заслону фестывалю) зусім не мерзлі ў Брэсце, бо, як прызналіся тэнары, іх падагравала гарачая брэсцкая публіка. Дырыжор Джузэпэ Пічыніні другі раз у горадзе над Бугам і не перастае здзіўляцца, як выдатна гледачы ўлоўліваюць музычныя вібрацыі. Яго таварышы Нунзіа Фазіні і Паўла Барталучы хоць і не былі знаёмы з Брэстам дагэтуль, але не раз чулі аб прыгожым куточку на карце Беларусі. У апошні з вечароў італьянцы не стрымлівалі эмоцый – як на сцэне, так і за кулісамі падчас невялічкай прэс-канферэнцыі, якую наладзілі ім прадстаўнікі берасцейскіх СМІ. “Гэты горад поўны любові да музыкі, а гледачы, аказваецца, добра ведаюць оперную культуру Італіі!” – захапляўся Паўла. “Мне вельмі прыемна, што маё імя – у спісе ўдзельнікаў форуму ў Брэсце”, – дадаваў Нунзіа.
Амаль дзіцячае захапленне ў артыста Рымскага тэатра Іва Іарданава выклікалі ўнікальныя ліхтары на Савецкай.
– Гэта, сапраўды, візітная картка горада, якая вылучае яго з шэрагу іншых, – прызнаўся Іва.
Уладальнік моцнага барытона нарадзіўся ў Балгарыі ў сям’і капітана карабля і журналісткі. Застаецца незразумелым, ад каго ж малады чалавек атрымаў у спадчыну неверагоднай глыбіні голас, калі ў родзе не было музыкантаў. Сам Іва Іарданаў жартуе на гэтую тэму: у музычнай сям’і кожны абед і вячэра ператвараюцца ў канцэрты, а яго, барані Божа, гэта абмінула. Пасля брэсцкага фестывалю артыст зноў адправіцца ў Італію, дзе 18 студзеня  прэзентуе прэм’еру оперы “Погляд з моста” па матывах твора Артура Мілера.
ДЗЯКУЙ, СІНЬЁРА ЛІЛІЯ!
У 23 раз усё атрымалася на славу. Высокі ўзровень арганізацыі палічылі неабходным адзначыць амаль усе ўдзельнікі фэстывалю. Яшчэ адзін плюс аргкамітэту, яшчэ адно чароўнае, непаўторнае па сваёй энергетыцы музычнае свята.
Італьянскі дырыжор Джузэпэ Пічыніні, які з лёгкай падачы мастацкага кіраўніка фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары” Ліліі Батыравай апошнім часам “прапісаўся” на форуме ў Брэсце, з усмешкай адзначыў: “Калі сіньёра Лілія пакліча ў наступны раз, я не буду доўга думаць”.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля