Беларусь

І зноў – “Кароль Лір”


У Брэсцкім тэатры лялек – прэм’ера адной з самых складаных трагедый Шэкспіра
Да нядаўняга часу ў Брэсцкім тэатры лялек назіраўся самы напружаны і гарачы перыяд: тут апошнія месяцы ўсё было скіравана на ажыццяўленне новай пастаноўкі “Кароль Лір” паводле У. Шэкспіра.
І вось адбыўся шэраг прэм’ерных паказаў, разлічаных перш за ўсё на дарослую, дасведчаную публіку. Менавіта абазнанаму ў тэатральных справах гледачу выпала права ацаніць работу маладога пецярбургскага рэжысёра Аляксея  Устаўшчыкава, які з’яўляецца таксама аўтарам сцэнічнай адаптацыі шэкспіраўскай п’есы. У цесным кантакце з ім працавалі пецярбургская мастачка Анастасія Кардаш, якая прапанавала сваё арыгінальнае дэкаратыўна-сцэнічнае вырашэнне дзеі і адметныя вобразы лялек, і маскоўскі кампазітар Арцём Аляндзееў.
Безумоўна, асаблівую, магутную, незвычайную энергетыку спектаклю надалі артысты, якія задзейнічаны ў пастаноўцы: Уладзімір Тэвасян (Кароль Лір), Зміцер Нуянзін (Блазан), Руслана Сакалова (Ганэрылля), Святлана Шутак (Рэгана), Лілія Верста (Кардэлія), Раман Пархач (Эдманд) і Андрэй Палянскі (Эдгар, Граф Глостэр, Граф Кент). Дарэчы, так супала, што сваю адну з найбольш удалых роляў за ўвесь сцэнічны шлях Уладзімір Тэвасян сыграў напярэдадні свайго 50-годдзя.
На чым асабліва засяродзілі ўвагу берасцейскія лялечнікі, увасабляючы ў жыццё адну з найбольш складаных трагедый Шэкспіра? На адвечных пытаннях, якія на працягу многіх стагоддзяў хвалююць чалавецтва: адносінах бацькоў і дзяцей, адказнасці ўладара за ўсё, што адбываецца ў ягонай вотчыне, складанасці чалавечай душы, у якой сумяшчаюцца дабро і зло, нянавісць і чалавечнасць, чорная зайздрасць і высокая мара…
На здымку: сцэна са спектакля (злева направа) – Зміцер Нуянзін, Уладзімір Тэвасян, Лілія Верста.
Ігар ФЕДАРОВІЧ,
г.Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля