…І стала песняй назаўжды
У творчым “багажы” Івана Арабейкі – два паэтычныя зборнікі, выдадзеныя яшчэ ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Мала гэта ці многа? Як вядома, Максіму Багдановічу хапіла аднаго зборніка “Вянок”, каб назаўсёды застацца ў гісторыі літаратуры, а Паўлюку Багрыму – аднаго верша…
Гэтым мы зусім не апраўдваем доўгае Арабейкава маўчанне, але і дзвюма кніжкамі ён сцвердзіў сябе, даказаў, што паэт адбыўся.
Іван Арабейка нарадзіўся ў ваенным 42-м годзе. Рана адчуў у сабе паэтычны дар, які межаваўся з поспехамі ў дакладных навуках. Іван Сяргеевіч закончыў Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў на сусветна вядомым шклозаводзе “Нёман” у пасёлку Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, а пасля – на прадпрыемствах Брэста.
Таму ў кнігах Арабейкі, асабліва ў першым зборніку “Услед за сонцам”, што выйшаў у 1972 годзе, часта сустрэнеш вершы, прысвечаныя шкладувам, рабочаму класу. Але не яны сталі дамінуючымі ў творчасці паэта. Чым бы ні займаўся Іван Сяргеевіч, ён помніў яркія імгненні маленства, водар вёскі, сніў жніво і маці, якая так рана памерла. Вечная працаўніца, яна заўжды жыве ў вершах сына:
Калі ты гаварыла мне
пра стому,
Хацелася яшчэ чым
памагчы.
І я тады хоць серп твой
нёс дадому,
Як беркута якога
на плячы.
Іншым разам успаміны прыносяць фарбы былога дзяцінства, пах духмянага аржанога хлеба, што пякла адмыслова жанчына:
Любіў глядзець,
Як цеста бродзіць,
Калі за край дзяжы цякло.
Казала маці:
“Хлеб усходзіць!”
І ў хаце сонечна было.
У адным з лепшых сваіх вершаў “Асенні ранак”, які даў назву другому зборніку, паэт напісаў, як у маленстве з сяброўкай збіраў грыбы:
Я клікаў даль.
Не адклікалася
Ні ты, ні птаства,
ні глухмень.
І толькі дзесь працяжным
голасам,
Твае шукаючы сляды,
Ад лесу рэха адкалолася
І стала песняй назаўжды.
Помніцца, Арабейка не быў задаволены назвай другой кнігі (у аўтара быў свой варыянт). Ён гаварыў:
– Што, надышла восень маёй творчасці?! – і потым разважаў: – А можа, і праўда, гэта толькі асенні ранак, а яшчэ будзе дзень…
На вялікі жаль для прыхільнікаў яго таленту, Іван Арабейка аказаўся для сябе прарокам. У 1981 – 1983 гадах ён вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Вершы, што з’явіліся ў друку, засведчылі: паэт пачаў асвойваць новыя матывы, звярнуўшыся да гумару і сатыры. Аднак пошук працягваўся нядоўга, бо неўзабаве ён зусім адышоў ад літаратурнай творчасці, змоўкнуўшы на доўгія дваццаць гадоў. Як гэта здарылася, расказвае пісьменнік Аляксей Філатаў:
– У сярэдзіне 80-х Іван даслаў нізку вершаў у часопіс “Полымя”. Там адобрылі творы, прасілі прыслаць яшчэ. Паслаў і стаў чакаць, каб убачыць іх надрукаванымі. Больш як праз год у часопісе з’явіўся адзін-адзіны верш. Гэта пакрыўдзіла аўтара: “Значыць, можна абыходзіцца і без маіх вершаў?..”
Сваё 60-годдзе Арабейка адмовіўся адзначаць, і тады берасцейскія пісьменнікі, якія ведалі яго шмат гадоў, настаялі, каб такое свята паэзіі ўсё ж адбылося. Юбіляр запрасіў нас да сябе дамоў.
Застолле межавалася з размоваю пра літаратуру, паэзію. Помніцца, Іван Сяргеевіч згадваў, як пісалася паэма “Сцяна”. Каб настроіць сябе на рабочы лад, Арабейка ўставаў вельмі рана (яшчэ спала Брэсцкая крэпасць) і ехаў на месцы, дзе трымалі абарону Гаўрылаў, Зубачоў, Наганаў. Была такая ціша, што здавалася: вось-вось яе разарвуць выбухі варожых снарадаў, ляскат кулямётаў…
Яшчэ адно здзівіла ў той дзень: Іван Арабейка ведаў столькі вершаў свайго любімага паэта Аляксандра Твардоўскага і так хораша чытаў, што ўсе мы заслухаліся і ніхто не змог пасапернічаць з ім. Таму, калі далі слова павіншаваць юбіляра, я пажадаў Івану прарваць заслону маўчання, каб мы змаглі прачытаць новыя яго вершы. Бачыў, як адразу ажывіліся жонка і сыны:
– Мы створым усе ўмовы – толькі б ён пісаў!..
Праводзячы да цягніка, Іван Арабейка запэўніў, што ёсць задумкі і хутка напішуцца новыя радкі. Гэтае “хутка” расцягнулася на тры гады. Але паэт ёсць паэт. Вершы, што жылі ў ім, павінны былі вырвацца на волю, загучаць па-новаму. У сакавіку 2005-га мы сустрэліся ў Жабінцы.
– Верш напісаны! – з радасцю паведаміў Іван Сяргеевіч. – Ён пра лёс земляка, які ў вайну трапіў у палон, а таму аж да смерці ўсе стараліся замоўчваць, што ён ваяваў. Прывязу ў наступны прыезд.
І прывёз. Верш “І зноў вясна, і зноў цвітуць сады” з’явіўся да 60-годдзя Вялікай Перамогі і хораша ўпрыгожыў літстаронку “Плынь”.
Заставалася чакаць новых вершаў, ды здарылася непрадбачанае: п’яны вадзіцель падбіў Івана Сяргеевіча, калі той вяртаўся на веласіпедзе з дачы. Але ж, дзякуй Богу, і гэтае выпрабаванне здолеў пераадолець паэт. А на пачатку 2007 года прынёс у рэдакцыю раёнкі звыш двух дзясяткаў вершаў, напісаных апошнім часам.
– Амаль усю зіму пражыў бязвылазна на дачы ў вёсцы Жыцінь, што ў васьмі кіламетрах ад Жабінкі, – расказваў Арабейка. – Адзін –
хоць ваўком вый! А вершы пішуцца…
Тэмы ўсё тыя ж, якія ведалі па ранейшых зборніках, усё тое ж уменне працаваць са словам, але творы гучаць па-філасофску абвострана. Іван Арабейка пісаў пра знакамітых людзей – Максіма Багдановіча і Альберта Эйнштэйна, згадваў свае дзіцячыя і юнацкія гады: “Даўняе”, “Ліда”, “Жаўрусік”, “Маліны”…
Асобна стаяў верш “Быў”. У цэнтры яго – трагічны лёс чалавека, які любіў “квасіць каву”, прайшоў праз турму, не займеў ні сям’і, ні дзетак:
Хавалі яго. Адспявалі
ды ходу.
Не плакаў ніхто, не трубіў.
Ні роду, ні плоду,
як камень у воду, –
Адно толькі званне,
што быў.
Няхай і надалей не абмінае Муза дачнай хаткі ў Жыціні! І калі зроблены першы крок на шляху вяртання, дык будзе і другі – выхад паэзіі да сталічнага чытача. А ад сябе дорым жартаўлівы верш, падказаны рэаліямі, што адбываліся ў роднай Арабейкавай вёсцы ў далёкім ўжо ХVII стагоддзі.
ДА НАЗВЫ ВЁСКІ ХМЕЛЕВА
У карчме Марціна Цеслі
Дым густы з сінечаю,
Не знайсці пустога месца:
П’юць, гуляюць звечара.
Хоць няма ў жывых
Марціна,
Але справы гожыя:
Удава-карчмарка чынна
Між сталоў паходжвае.
– Што за стан, якія рукі!
Так да ласкі й просяцца…
Абдымі – і здымеш мукі,
Прыгажуня Зосечка!
А другі:
– Чаму ж ты, Зося,
Гэтак заірдзелася?
Зося ў такт:
– Каб лепш пілося
Ды яшчэ й хацелася!..
Трэці:
– Эх, вярнуць бы лета,
Як была ты дзеўкаю!
– Не хваліся. Я на гэта
Адкажу прыпеўкаю:
Коля коле,
Паша паліць,
Я ля грубкі грэлася.
Аніколі
Не кахалі
Гэтак, як хацелася б!..
Заспявала – і кашмары
Адначас зрабіліся:
За прывабную карчмарку
Дзецюкі пабіліся.
Грэх пасля ў душы насілі,
Колькі Богам велена…
Звеку ў вёсцы хмель
любілі
І назвалі Хмелева.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.