Беларусь

Мара пра краіну Кіно


Пачалася гэта гісторыя ў далёкім 1979 годзе. Напачатку вясны адшукаў мяне дырэктар 1-й гарадской школы з Жабінкі Пётр Грыцук і папрасіў правесці ў 11 класе некалькі ўрокаў беларускай літаратуры.
Брат і сястра – Міхаіл і Людміла Мялешкі – сядзелі за адной партай. Вывучалі сучасную беларускую паэзію. У бібліятэках кніжак з вершамі было вобмаль, але Мялешкі ніразу не прыйшлі на ўрок без зборнікаў паэзіі.
Міхаіл узяўся падрыхтаваць рэферат па творчасці, як помніцца, Генадзя Бураўкіна. Хлопец выбраў лепшае з напісанага Генадзем Мікалаевічам і прачытаў так, што сваім выступленнем захапіў клас і атрымаў выдатную адзнаку. Тады мне падумалася: “Верыцца, што ўсё лепшае са створанага нашымі пісьменнікамі застанецца з ім…” І ў нечым, аказалася, я не памыліўся. Хаця не ўсё ў жыцці было так проста, як бачыцца зараз, праз 30 гадоў з лішкам. У гэты час у хлопца было яшчэ адно вялікае захапленне: Міхаіл палюбіў кіно. Блікі экрана выклікалі ў яго зайздрасць да тых, хто рабіў кінастужкі.
Як бы падступаючы да сваёй мары, Міхаіл Мялешка перш-наперш закончыў аддзяленне духавых інструментаў Брэсцкай музычнай школы. Толькі ў 1984 годзе падаў дакументы ў тэатральны інстытут на акцёрскае аддзяленне. Не, вельмі хацелася стаць рэжысёрам-пастаноўшчыкам, але рэжысёрскай справе ў Мінску не вучылі. Мялешка разумеў, што паступаць у Маскву – безнадзейная справа, і вырашыў адкласці сваю мару на пэўны час, нібыта верачы, што прыйдзе лепшая пара.
Вучыўся Міхаіл у майстэрні тэатральнага педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі А.І. Бутакова. Аляксандр Іванавіч стараўся бачыць у кожным маладым чалавеку асобу, шмат рабіў для яе развіцця. Калі было цяжка, звычайна гаварыў:
– Вы такія маладыя, прыгожыя! Вы можаце, а значыць, і павінны спадабацца гледачу…
І вучыў, як трымацца на сцэне, як гаварыць, каб было чутно ў апошнім радзе залы. Падтрымліваў любую імправізацыю, калі яна ажыўляла сцэну. Маладыя акцёры заканчвалі інстытут з упэўненасцю, што ўсё ўмеюць і могуць.
Міхаіл Мялешка ўладкаваўся ў Дзяржаўны маладзёжны тэатр БССР і адначасова ў Тэатр-студыю кінаакцёра. Здавалася, роляў павінна быць хоць адбаўляй, а яму даставаліся толькі эпізадычныя. Быццам прыглядаліся, чаго ён варты. Самай значнай і таму, мусіць, памятнай для Міхаіла стала роля Гарацыа ў шэкспіраўскай трагедыі “Гамлет”.
У наступным годзе да Міхаіла Мялешкі дайшла прыемная навіна: у Мінску, у тэатральным інстытуце, дазволена адкрыць рэжысёрскае аддзяленне. Аб’яўляецца набор на рэжысёраў як мастацкага, так і дакументальнага кіно. Заняткі будуць весці вядомыя спецыялісты Віктар Тураў і Віктар Дашук. Мялешка выбраў майстэрню рэжысёра, народнага артыста СССР Віктара Турава, бо па-ранейшаму марыў зняць поўнаметражны мастацкі фільм.
Калі вытрымаў усе іспыты і аказаўся ў ліку 12 шчасліўчыкаў, здавалася, не ішоў, а ляцеў дадому. Яшчэ на парозе, убачыўшы жонку, пахваліўся:
– Буду вучыцца на рэжысёра!
– Так усё жыццё і правучышся, – дакорліва ўсміхнулася Іна. – Вечны студэнт…
Прайшло амаль чвэрць веку, як Міхаіл Мялешка вучыўся ў майстэрні Віктара Турава, але й сёння з цяплом і гонарам успамінае той час. Хто чытаў ім лекцыі па рэжысёрскім майстэрстве? Сам жа Віктар Цімафеевіч, кінарэжысёры, народныя артысты СССР Ігар Дабралюбаў ды Міхаіл Пташук, кінааператар Юрый Марухін… Яны стараліся перадаць свой  багаты вопыт маладым.
Але тая акалічнасць, што маладыя будуць бяздумна пераймаць вопыт старэйшых, якраз не задавальняла Турава. Віктар Цімафеевіч імкнуўся вучыць будучых стваральнікаў фільмаў на лепшых узорах расійскай і беларускай кінематаграфіі. Спачатку нават трохі пад прымусам ён абавязваў іх гадзінамі глядзець работы Андрэя Таркоўскага, Сяргея Эйзенштэйна, Міхаіла Рома, Уладзіміра Корш-Сабліна, Васіля Чацверакова. Хлопцы і дзяўчаты не толькі глядзелі кінастужкі, але стараліся прыкмячаць, якія б сцэны яны зрабілі інакш. Гэта радавала Віктара Цімафеевіча. Ён звычайна гаварыў:
– Вы не Таркоўскія і не Эйзенштэйны, каб гэтак здымаць фільмы. Вы – новае пакаленне рэжысёраў і павінны паказваць, як выкарыстаеце сённяшнія магчымасці кінематографа…
Тураў адобрыў, калі, рыхтуючы работу за трэці курс, Міхаіл Мялешка ўзяў для пастаноўкі новае апавяданне маладога аўтара Кастуся Тарасава на гістарычную тэму. Так з’явіўся першы Мялешкаў фільм “Чорны шлях”. Не ведаў тады ні студэнт, ні яго выкладчык, што праз два гады, з развалам СССР, цяжка будзе знайсці кавалак стужкі, каб зняць фільм хоць на 3 – 5 хвілін і абараніцца. Прыйшлося гэта зрабіць на выпушчаным ужо “Чорным шляху”. Экзаменацыйная камісія ацаніла кінастужку станоўча, як калісьці сам Тураў, калі яна значылася курсавой.
Першы выпуск рэжысёраў супаў з самым цяжкім для беларускага кінематографа часам. Фінансаванне на выпуск фільмаў было нулявое, і на кінастудыі “Беларусьфільм” зусім не здымалі мастацкіх стужак. Без працы аказаліся старэйшыя рэжысёры ды аператары, а тут яшчэ й маладыя…
Іх быццам кінулі ў ваду: караскайцеся, хто як можа, каб выплыць. І яны сталі “караскацца”. Рэната Грыцкова і Вольга Марчанкава паехалі ў Расію, уладкаваліся ў абласныя кінастудыі, каб пазней бліжэй падабрацца да сталіцы. Хоць не на першых ролях, але бралі ўдзел у выпуску серыялаў. Прыжыліся. Другія заняліся камерцыяй. І сёння адзін з выпускнікоў – ужо вядомы камерсант. Іншыя не вытрымалі канкурэнцыі, згубілі працу.
У Мялешкаў расла дачка, і Міхаіл паспрабаваў таксама пабыць гандляром, каб хоць так падтрымаць сям’ю.
– У творчых людзей, – гаворыць Міхаіл Міхайлавіч, – галава не на куплю-продаж настроена. Таму і не змог я доўга камерцыяй займацца.
А сям’ю трэба было карміць. І пайшоў ён у рэкламу. Хоць людзі жылі небагата, а рэкламы было многа. Грошы зарабляў, але задавальнення для сябе Мялешка не меў.
Уладкаваўся на Сталічнае тэлебачанне, потым працаваў на АНТ у праграме “Наше утро”. Цяпер ён – рэжысёр праграмы “Благовест” на Беларускім тэлебачанні. Нядаўна Міхаіл Міхайлавіч з аператарскай групай выязджаў у Брэст, у музей “Выратаваныя каштоўнасці”, каб зрабіць перадачу пра скарбы, якія мытнікі не дазволілі вывезці за межы краіны. Мялешка, безумоўна, наведаў родзічаў у Жабінцы. Тут і адбылася наша сустрэча.
– Ёсць незвычайная, шматкаляровая краіна Кіно, – разважаў Мялешка. – Калі яна пакліча каго да сябе, дык на ўсё жыццё…
Гады, і праўда, не зменшылі ў ім жадання вярнуцца да поўнаметражнага мастацкага фільма на гістарычную тэму.
– Час мною вызначаны ўжо, – расказваў Міхаіл Міхайлавіч, – гэта перыяд Вялікага Княства Літоўскага, барацьба за беларушчыну. Многа і цікава пішуць пра нялёгкую эпоху Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Леанід Дайнека, Кастусь Тарасаў. Шмат прачытана. Ёсць што экранізаваць. Думаю, блізка той час, калі многія зразумеюць: “Анастасіі Слуцкай”, якая так хораша прайшла ў кінатэатрах краіны, для суверэннай Беларусі малавата…
Мы пагадзіліся з рэжысёрам, што наша гісторыя слабавата асэнсавана кінематографам. І няхай наступным фільмам стане карціна, зробленая Міхаілам Міхайлавічам. Гэта прынясе радасць ягоным землякам…
– Я часта сустракаюся з юнакамі і дзяўчатамі, – распавядаў далей Міхаіл Мялешка. – Многае падабаецца ў сённяшніх маладых людзях. Я гэта кажу пра лепшую іх частку. Яна болей настойлівая, болей практычная, чым былі мы: хлопцы і дзяўчаты актыўна цягнуцца да навукі, імкнуцца рабіць кар’еру…
Гутарка якраз ішла пра дачку Жэню. Не, род Мялешкаў да яго не меў сваіх рэжысёраў, як і род Вайтовічаў. Жонка Іна і сёння працуе ў страхавой кампаніі, а дачка рашылася паспрабаваць бацькавага “хлеба”. Дзяўчына доўга вагалася, куды пайсці вучыцца. Мусіць, у хвіліны няўпэўненасці Жэня і звярнулася з парадай да бацькі. Міхаіл Міхайлавіч не стаў, як герой фільма “Масква слязам не верыць”, сцвярджаць, што будучыня за тэлебачаннем і хутка нічога не будзе ў жыцці – адно толькі тэлебачанне. Мялешка добра ведаў: амаль на кожны жыццёвы факт Жэня мае сваю думку, неяк па-свойму рэагуе на многія падзеі. А гэта ў рэжысёрскай справе вельмі важна. І прапанаваў паступаць у Беларускую акадэмію мастацтваў. Дачка паслухалася і зараз займаецца на факультэце “Рэжысура тэлебачання”.
– Усё атрымалася неяк само сабою, – прызнаецца Міхаіл Міхайлавіч. – Я нічога не зрабіў для таго, каб яна вытрымала іспыты, а зараз – каб паспяхова вучылася. Праўда, часам Жэня прыходзіць параіцца. Я магу падказаць ёй, але часцей кажу: “А ты сама падумай, паразважай!” Бачу радасць на яе твары, калі чагосьці дабілася сама…
Міхаіл Мялешка верыць: з Жэні выйдзе добры спецыяліст і дынастыя рэжысёраў у іх сям’і будзе мець свой працяг…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля