Мы адкрывалі для сябе Касцюшку
У гэтыя лютаўскія дні адзначаецца 265-годдзе з дня нараджэння нашага земляка, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровага грамадзяніна Францыі Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі
Пра іх, вялікіх, выбітных, несмяротных, пішуць і спрачаюцца і пры жыцці, і пасля іх смерці. Так здарылася і з нашым земляком. Хаця за Касцюшкам замацаваліся афіцыйная дата і месца нараджэння (4 лютага 1746 года ў маёнтку Марачоўшчына (Мерачоўшчына) Івацэвіцкага раёна), але з гэтым не хочуць пагадзіцца некаторыя сучасныя гісторыкі-касцюшкаўцы.
Вось і ў апошнім выпуску “Беларускай энцыклапедыі” прафесар У.П. Емяльянчык напісаў, што пан Тадэвуш “ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці”. Бо захавалася метрыка – адзін дакумент з той юнай пары нашага героя.
Гэта сам па сабе факт унікальны – адзіны на 18 энцыклапедычных тамоў, дзе адсутнічае дата і месца нараджэння чалавека. Сам жа Емяльянчык разам з прафесарам Я.А. Юхо схільны называць месцам нараджэння маёнтак Сяхновічы Жабінкаўскага раёна.
Гадоў 40 таму, калі я пачынаў працаваць у жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”, яшчэ вельмі мала ў нас ведалі пра знакамітага земляка. Маглі ўспомніць Касцюшкаў тэстамент, якім пан Тадэвуш імкнуўся адмяніць паншчыну ў сваім маёнтку, паказаць ліпавую алею і альтанку з дрэў у Малых Сяхновічах, якія нібыта ведалі нашага земляка, а таксама месца Крупчыцкай бітвы і Сувораўскі дуб, з-пад якога, па паданні, генералісімус Сувораў кіраваў боем.
Газета тады амаль не пісала пра Касцюшку. Таму, калі напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў рэдакцыю завітаў будучы вучоны Уладзімір Емяльянчык, які працаваў над кандыдацкай дысертацыяй пра нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, мы змаглі паказаць, па сутнасці, адзіную вялікую публікацыю журналіста Васіля Сахарчука. Амаль што першую і не зусім бясспрэчную.
Дні праз два-тры пасля публікацыі ў рэдакцыю зайшоў жыхар Жабінкі М.Я. Карпінчук.
– Васіль, ты дапусціў недакладнасць у артыкуле, – заявіў Мацвей Якаўлевіч. – Я вучыўся ў польскай школе, і там нам гаварылі, што Касцюшка быў паранены і трапіў у палон не ля Маціевічаў, што ў нашым раёне, а ля Маціёвіцаў пад Варшавай…
Як аказалася, Карпінчук меў рацыю. Гадоў праз дваццаць мне выпала быць на тым полі пад Варшавай, дзе трапіў у палон Касцюшка, а таксама ў Кракаве, дзе генерал даваў клятву на вернасць Айчыне і ўскладваў на сябе абавязкі кіраўніка паўстання.
Адкрываць для сябе Касцюшку мы пачалі якраз дзякуючы сусе-дзям – палякам. Недзе ў пачатку 80-х гадоў у Жабінкаўскі райкам партыі прыйшоў ліст ад польскай пісьменніцы Барбары Ваховіч. Пані Барбара паведамляла, што працуе над кнігай пра Касцюшку і збіраецца прыехаць у Малыя Сяхновічы, каб прайсціся па сцяжынках, па якіх хадзіў пан Тадэвуш, а заадно ўбачыць, як захоўваецца памяць аб ім.
Тут, як кажуць, і закруцілася кола. Недзе ў запасніках адшукалі бюст Тадэвуша Касцюшкі (дарэчы, адзіны помнік слаўнаму ваяру ў Беларусі) і ўстанавілі насупраць Сяхновіцкай базавай школы. А ў самой дзевяцігодцы аформілі куточак, прысвечаны слыннаму земляку, прыцягнуўшы да работы мясцовага мастака Міхаіла Карнеева.
Але не толькі Сяхновічы цесна звязаны з імем Касцюшкі – яшчэ адна вёска, Чыжэўшчына, якая ўзяла пад сваё “крыло” дзве суседнія, Крупчыцы і Рыкавічы.
Крупчыцы – з полем бітвы 6 (17) верасня 1794 года, з могілкамі загінулых рускіх воінаў і паўстанцаў, са Свята-Уладзімірскай царквой, якая адчыніла дзверы для вернікаў у 1894 годзе, да 100-х угодкаў таго знакамітага бою, а таксама з капліцай на Крупчыцкім полі, збудаванай у 2004 годзе, дзе можна прачытаць адлітыя золатам радкі:
Памолімся: хай Бог грахі даруе
І тым, хто па-геройску лёг
у бітве,
І тым, хто ісціну па-свойму
перайначваў,
І ўсім, хто сёння на зямлі жыве!
Зараз завяршаюцца работы ў Малых Сяхновічах над раённым краязнаўчым музеем, пачэснае месца ў якім займаюць стэнды, прысвечаныя знакамітаму земляку. Сюды літаральна кожны год у лютым прыязджаюць дэлегацыі з Польшчы, Расіі, а то і з саміх ЗША. Яны наведваюць і Сяхновічы, і Чыжэўшчыну, а затым едуць у Івацэвіцкі раён, дзе адноўлена Касцюшкава сядзіба сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Марачоўшчыне.
Жыве памяць. Жывая памяць!
Расціслаў БЕНЗЯРУК,
г. Жабінка.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.