Беларусь

Пасол ад Жабінкі


Алена Жабінкаўская нарадзілася на Берасцейшчыне, жыве ў Санкт-Пецярбургу і сваёй творчасцю дапамагае расійскаму чытачу пазнаваць Беларусь
Гэта была адна з тых нямногіх жыццёвых падзей, калі выпала не мне ехаць удалячынь, каб сустрэцца з цікавым чалавекам, а паэтка Алена Жабінкаўская (Ахматава) прыязджала ў наш горад. Бо тут яшчэ нядаўна жылі яе бацькі Міхаіл Ігнатавіч і Ніна Іванаўна Кавальчукі. Зараз у родным доме жыве малодшая сястра Ірына з сям’ёй.
Прыязджаючы ў Жабінку, Алена абавязкова бачыцца са сваімі чытачамі, дорыць кнігі, успамінае дзіцячыя гады. Аднойчы, ведаючы, што па мужу яна Ахматава, пацікавіўся, калі і як узнік псеўданім.
– Я лічу, што ў мяне два самыя блізкія гарады – Жабінка і Санкт-Пецярбург: у адным я нарадзілася, у другім – жыву зараз. Гэты псеўданім – памяць пра маю зямлю. Аднойчы, калі я прапанавала нізку вершаў для альманаха “Молодой Ленинград”, у рэдакцыі мяне спыталі, як завуць аўтара. Пасля Ганны Ахматавай я палічыла не зусім этычным мець гэткае паэтычнае імя. Нават сёння для такога горада, як Санкт-Пецярбург, дзвюх Ахматавых было б занадта многа. Таму ў апошні момант, калі альманах быў ужо ў наборы, я пацікавілася, ці магу змяніць прозвішча на псеўданім. Мне адказалі, што можна. Так я стала Аленай Жабінкаўскай.
Нарадзілася Алена Кавальчук 8 снежня 1960 года ў нашым горадзе. Тут скончыла школу і паступіла ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт. Адну з творчых практык Алена праходзіла ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”, бо ўпрасіла кіраўніцтва ўніверсітэта паслаць яе на малую радзіму. Тады і адбылося наша знаёмства. Не, быць паэтэсай Алена ў той час не марыла. Значна пазней у вершы “Почему я пишу?” Алена Жабінкаўская скажа:
На такой вопрос бы я ответила:
Никогда в поэты я не метила.
Быть любимой, матерью, женой –
Вот и все. Когда б не воля Божия,
А моя – как все бы жизнь
я прожила,
Не сложивши строчки ни одной.
Радость вдохновенья?
Муки творчества?
Ничего мне этого не хочется.
Пра адчуванне паэтычнага дару, які жыве ў ёй, скажа Алена ў другім вершы:
Я чувствую одновременно
Огонь и лед в своих руках!..
Паэтка прызнаецца, што вершы для яе – той выратавальны круг, які дапамагае ў нялёгкую і няпростую хвіліну.
У сакавіку 2007 года Алена Жабінкаўская выступала ў клубе “Суразмоўнік”, што існуе пры Жабінкаўскай раённай бібліятэцы. У той час яна, маючы ў “багажніку” чатыры паэтычныя зборнікі, была ўжо членам Саюза пісьменнікаў Расіі. Адзін з іх – “Отсвет любви небес” – быў выдадзены ў Балгарыі, а за “Свет мой, зеркало” яна стала лаўрэатам прэміі “Царскосельская”.
Прэмія ўручаецца ў той зале, дзе юны Пушкін чытаў на экзамене свой верш перад Гаўрыілам Дзяржавіным. Ганарова, хоць лічыцца яна прэміяй мясцовага значэння, быць сярод такіх знакамітасцей, як фізік,  нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, акадэмік, літаратуразнавец і гісторык культуры Дзмітрый Ліхачоў, самы вядомы ўдзельнік тэлевізійнай гульні “Што? Дзе? Калі?” Аляксандр Друзь, народная артыстка СССР Іна Чурыкава, паэтка Бэла Ахмадуліна…
Тыя, хто ў той дзень прыйшоў на пасяджэнне клуба “Суразмоўнік”, адкрывалі для сябе шматгранны талент Алены Жабінкаўскай. Педагог школы мастацтваў Людміла Васільеўна Дошчык, напрыклад, успамінала, як Лена наведвала музычную школу. Вучылася яна па класе фартэпіяна. Яе выкладчыца Яўгенія Іванаўна Качко заўважыла ў дзяўчынкі талент кампазітара і рэкамендавала вучыцца далей у гэтым жа кірунку. Лена гатовая ўжо была падаць дакументы ў Брэсцкае музычнае вучылішча, але раптам рэзка змяніла свае планы, выбраўшы журналістыку.
Скончыўшы Ленінградскі ўніверсітэт, Алена Міхайлаўна занялася літаратурным рэдагаваннем. Можа, тады, пад уз-дзеяннем лепшых узораў лірыкі, пачалі з’яўляцца і свае вершы? Хаця рыфмаваць, як прызнаецца паэтка, яна пачала змалку, калі не ўмела яшчэ пісаць. Выдадзеныя зборнікі засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты паэт.
Ёсць і яшчэ адзін “бок” таленту Ахматавай – гэта кніжная графіка. Як і ўсе дзеці, Лена рана пачала маляваць. Жывучы ў Санкт-Пецярбургу, Алена Ахматава аформіла  дзясяткі кніг, у тым ліку і свае. На кнізе Дзмітрыя Мізгуліна “Звезд васильковое поле”, падоранай мне, Лена напісала проста і сціпла: “От автора рисунков. Е. Ахматова”.
Мне таксама выпала выступаць на пасяджэнні “Суразмоўніка”, бо адно пытанне было адрасавана мне, але зноў-такі пра Алену Жабінкаўскую. Я сказаў прыблізна так:
– У зале сабраліся тыя, хто ведае і любіць паэзію Алены Жабінкаўскай. Болей таго, радуе, што Алена Міхайлаўна даносіць звесткі пра нас аж да Пецярбурга. Думаю, што ў яе асяродку даўно ведаюць пра наш невялічкі горад, які ў 25 кіламетрах ад Брэста. Алена Ахматава як бы яднае два народы, дзве дзяржавы. Яна як… – тут я на хвіліну задумаўся, падбіраючы патрэбнае слова.
Дапамагала настаўніца-пенсіянерка, якая некалі вучыла Лену рускай мове і літаратуры, Ганна Давыдоўская.
– …Як пасол Жабінкі, – падказала Ганна Пракопаўна.
Сапраўды, Алена Міхайлаўна, быццам пасол ад Жабінкі, дапамагае расійскаму чытачу пазнаёміцца і палюбіць Беларусь, нашу зямлю. Хіба без яе ў Санкт-Пецярбургу прачыталі б вершы “Падалица”, “Дождь в Жабинке”?..
Гэтая гісторыя мела свой працяг. З нумара ў нумар чатыры гады запар часопіс “Маладосць” друкуе матэрыялы краязнаўчага даведніка “Літаратурныя мясціны Беларусі”. Вядома, у Мінску цяжка поўна асвяціць літаратурны працэс, што адбываецца на месцах: трапляюць недакладнасці і пропускі. Таму Адам Мальдзіс, адзін з аўтараў, прасіў, каб дасылалі лісты з месцаў.
Паслаў такі ліст і я. Неўзабаве атрымаў паштоўку ад Адама Іосіфавіча. У ёй, у прыватнасці, Мальдзіс напісаў: “Асабліва Вам удзячны за Алену Жабінкаўскую. Як суайчынніца яна пойдзе ў краязнаўчы даведнік “Беларусы, ураджэнцы Беларусі ў памежных краінах” (2-е выданне)”.
Болей таго, Адам Мальдзіс сустрэўся з нашай зямлячкай, напісаў пра яе эсэ “Алена Жабінкаўская з Жабінкі”, якое надрукаваў у газеце “Голас Радзімы”. Адзін з нумароў Адам Іосіфавіч з удзячнасцю даслаў мне.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля