Адказнасць плюс крэатыўнасць
Такі падыход дазволіць зберагчы культурную спадчыну
Напачатку тыдня, у панядзелак, адбылося чарговае пасяджэнне аблвыканкама і пашыраная апаратная нарада. Былі прааналізаваны вынікі работы за прайшоўшыя два месяцы. Яны, па словах кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара, паказалі, што “мы на правільным шляху”. Таму пацвярджэнне – тэмпы росту валавога рэгіянальнага прадукту склалі больш за 112 працэнтаў.
Ды заспакойвацца не варта. Канстанцін Сумар выказаў крытычныя заўвагі па шэрагу кірункаў. Пакуль што не ўсё ў парадку з дысцыплінай, не ўсё гладка ў ажыццяўленні прынятых праграм – напрыклад, па развіцці Прыпяцкага Палесся. “Мы недаацэньваем выкананне паказчыка па замежных прамых інвестыцыях – тут таксама маецца праблема, прытым значная, – падкрэсліў губернатар. – Марнатраўна адносімся да валютных сродкаў, якія зарабляюць некаторыя прадпрыемствы, а іншыя імі карыстаюцца.
Шмат пытанняў па выкарыстанні лясных угоддзяў, ды і ўвогуле – па зямлі. Не дасягнута галоўнае – эфектыўнасць работы сяла…”
Старшыня аблвыканкама бачыць недапрацоўкі і ў тым, што тычыцца аптымізацыі гандлю, і ў развіцці будаўнічага комплексу, і ў паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання людзей. “Зрухі ёсць, але не ўсё зроблена ў плане эфектыўнай работы аўтатранспарту ў Брэсце”, – зазначыў Канстанцін Сумар, вяртаючыся да ўзнятай летась праблемы… Сутнасць распачатай размовы зводзілася да таго, што неабходна акрэсліць слабыя бакі, каб у далейшай дзейнасці звярнуць на іх самую пільную ўвагу. І перайначыць сітуацыю такім чынам, каб выканаць запланаванае.
Менавіта такі прынцыповы падыход быў характэрны і пры абмеркаванні першага з чатырох пытанняў парадку дня чарговага пасяджэння аблвыканкама – “Аб выніках рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Праграмы забеспячэння патрэбнасцей краіны ў агародніне айчыннай вытворчасці з улікам стварэння неабходных умоў яе захоўвання на 2006-2010 гады, зацверджаных рашэннем аблвыканкама ад 10 мая 2006 года №336, і мерах па далейшым развіцці вытворчасці агародніннай прадукцыі”.
Інфармуючы кіраўніцтва вобласці па гэтым пытанні, старшыня аблсельгасхарчу Сцяпан Радкавец адзначыў: згодна з вышэйзгаданай праграмай за мінулую пяцігодку на Брэстчыне ажыццяўляўся паступовы перавод галіны на інтэнсіўныя тэхналогіі вытворчасці гародніны шляхам стварэння буйнатаварнага гароднінаводства на базе 11 гаспадарак. У выніку забяспечаны рост вытворчасці гародніны на 49 працэнтаў – з 31,3 тысячы тон у 2005 годзе да 46,7 у 2010-ым. Але не ва ўсіх рэгіёнах справіліся з заданнем па вытворчасці гародніны. Крытыка тычылася сельгасарганізацый Брэсцкага, Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Драгічынскага, Кобрынскага раёнаў. Асноўную ж прычыну такога недавыканання Сцяпан Радкавец бачыць у парушэнні тэхналогій вырошчвання гародніны…
За прайшоўшыя гады закладзена толькі аснова развіцця галіны гароднінаводства. Неабходна павялічваць вытворчасць запатрабаванай прадукцыі за кошт новых тэхналогій. Як усё будзе ажыццяўляцца, за кошт чаго – на гэты конт былі заслуханы кіраўнікі рэгіёнаў і сельскагаспадарчых арганізацый, у прыватнасці, Кобрынскага, Брэсцкага, Лунінецкага раёнаў.
“Зразумела адно: цяпер вытворчасць і эканоміка павінны ісці паралельна, – падагульніў губернатар. – Тады магчыма будзе гаварыць пра збалансаванасць вытворчасці, яе рэнтабельнасці. Досыць спасылацца на парушэнне тэхналогій вырошчвання, незагрузку гароднінасховішчаў ці адсутнасць у гандлі якой-небудзь гародніны…” Забеспячэнне якаснай айчыннай прадукцыяй насельніцтва вобласці – гэта якраз тая задача, якую абавязаны вырашыць на працягу 2011-2015 гадоў.
Пытанне аб выкананні мерапрыемстваў па захаванні і развіцці культуры Берасцейшчыны на 2006-2010 гады і дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады разглядалася з удзелам міністра культуры Паўла Латушкі. А яшчэ, не магу не зазначыць – асабліва для тых нашых чытачоў, якія наракаюць на чыноўнікаў – маўляў, не ведаюць роднай мовы: абмеркаванне вялося выключна па-беларуску. Ні для кога не сакрэт: мовай добра валодае і міністр, і губернатар. А што ўжо казаць пра начальнікаў аддзелаў культуры – каму, як не ім, быць носьбітамі і матчынага слова, і народных традыцый, і спадчыны свайго краю!..
Начальнік упраўлення культуры абл-выканкама Рыгор Бысюк сваім выступленнем пераканаў прысутных: у дадзеным напрамку зроблена шмат. Вось толькі некаторыя факты: пабудаваны Дом культуры ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёна, крытая танцавальная пляцоўка ў Іванаве, завершана другая чарга рэканструкцыі тэатра драмы, праведзена рэканструкцыя абласнога грамадска-культурнага цэнтра, а яшчэ – ДК у Кобрыне, Ляхавічах, Лагішыне Пінскага, Агарэвічах Ганцавіцкага раёнаў, Лукава, што на Маларытчыне, іванаўскім Крытышыне – пералік можна працягваць. На працягу пяцігоддзя быў адкрыты Палескі драматычны тэатр у Пінску, харэаграфічная школа ў Драгічыне, мемарыяльны музей Касцюшкі на Івацэвіччыне і выставачная зала музейнага комплексу Орды ў Іванаўскім раёне… Замест 68 клубаў і 75 бібліятэк створана сетка перасоўных устаноў культуры – аўтаклубаў і бібліобусаў. У сельскай мясцовасці адкрыта 20 філіялаў дзіцячых школ мастацтваў. 146 навучэнцаў гэтых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў заахвочаны са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. За гэты час пабольшала на 49 калектываў са званнем “народны” і “ўзорны” – і зараз іх у вобласці 362! А Брэсцкі тэатр драмы імя Ленінскага камсамола атрымаў званне “акадэмічны”, Брэсцкі тэатр лялек – “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”…
Сваім бачаннем далейшых перспектыў падзяліліся кіраўнікі шэрагу аддзелаў культуры – Пружанскага, Кобрынскага, Іванаўскага, Столінскага. І хоць Уладзімір Шэляговіч з Іванаўшчыны казаў, што яму пашанцавала з добрымі традыцыямі рэгіёна, з моцнымі каранямі – усё ж думаецца, гэтак можа “шанцаваць” усім яго калегам, бо кожная вёсачка, кожны раён маюць свае адметнасці – іх трэба заўважыць, і паказаць, і здзівіць, і захапіць, як гэта робяць іванаўцы і асабліва маталяне. Ды каб мець такую славу, трэба асабістая адказнасць і крэатыўны падыход у працы на культурнай ніве – вынікала з абмеркавання.
Дзякуючы кіраўніцтву вобласці за падтрымку культуры, Павел Латушка высока ацаніў такія традыцыйныя фестывалі і святы, як “Студзеньскія музычныя вечары”, “Белая вежа”, пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна… Ён запэўніў, што Міністэрства прыкладзе ўсе намаганні, каб рэстаўрацыя Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў была ўключана ў дзяржаўную праграму. А Канстанцін Сумар заўважыў, што на аднаўленне сядзібы Нямцэвічаў у Скоках Брэсцкага раёна нямала ўкладзена абласных сродкаў – зараз патрабуецца дапамога па яе завяршэнні.
І міністр, і губернатар акцэнтавалі ўвагу прысутных на ўзмацненні працы ў справе аховы гістарычна-культурных каштоўнасцей, якая, па-першае, будзе садзейнічаць выхаванню беларускай свядомасці, па-другое, развіццю турыстычных паслуг. Культура павінна стаць прэстыжнай для ўкладання капіталу. “Мэта Міністэрства, – зазначыў Павел Латушка, – каб грамадзяне, у тым ліку і тыя, што жывуць у сельскай мясцовасці, маглі атрымліваць культурныя даброты на максімальна высокім узроўні”. А гэта ўжо залежыць ад прафесіяналаў, якімі багатая Берасцейшчына.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.