Чаму неэфектыўна дзейнічаюць лунінецкія і столінскія фермеры?

Чаму неэфектыўна дзейнічаюць лунінецкія і столінскія фермеры?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Адказ на гэтае пытанне шукалі на калегіі камітэта дзяржкантролю вобласці,якая прайшла ў Пінску.
На парадку дня калегіі было адно пытанне: “Аб выкананні рашэння калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці аб выдзяленні зямлі фермерам Лунінецкага і Столінскага раёнаў”. Справа ў тым, што КДК яшчэ ў другім паўгоддзі 2007 года правяраў Столінскі і Лунінецкі райвыканкамы, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі гэтых раёнаў па захаванні зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дакладнасці статыстычнай справаздачнасці і эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў. У 18 правераных тады фермерскіх гаспадарках былі выяўлены розныя парушэнні заканадаўства.
Вынікі праверкі былі разгледжаны на калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці ў студзені 2008 года. У прынятай на ёй пастанове старшыням Лунінецкага і Столінскага райвыканкамаў, кіраўнікам шэрага абласных службаў было прапанавана прыняць вычарпальныя меры па ўхіленні выяўленых недахопаў.
Зробленае ў Лунінецкім і Столінскім раёнах за прайшоўшы час прааналізаваў у сваім дакладзе намеснік старшыні Пінскага міжраённага камітэта дзяржкантролю Уладзімір Пясько. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што “… на працягу 2008-2009 гадоў Лунінецкім райвыканкамам прыняты меры па адабранні зямельных участкаў, якія выкарыстоўваліся з парушэннем Кодэкса Рэспублікі Беларусь і не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. За гэты перыяд спынена права землекарыстання і адабраны зямельныя ўчасткі ў 26 фермерскіх гаспадарак, якія не забяспечваюць захаванне патрабаванняў заканадаўства ў сферы зямельных і падатковых адносін, агульнай плошчай 457,7 гектара. За 2009 год падатковыя паступленні ўзраслі амаль на 67 працэнтаў (275,3 мільёна рублёў), плацяжы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – на 50,6 працэнта (216,5 мільёна рублёў). Валавы збор гародніны павялічыўся амаль на 41,7 працэнта і склаў 31,1 тысячы тон. У Столінскім раёне ў дзвюх фермерскіх гаспадарках адабрана 29,5 гектара неэфектыўна выкарыстоўваемых зямель. Плацяжы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ўзраслі за год з 75,6 мільёна рублёў да 144,3 мільёна. Валавы збор гародніны павялічыўся на 35,6 працэнта і дасягнуў 17,7 тысячы тон. Акрамя гэтага, за дапушчаныя парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты дзевяць службовых асоб вышэйназваных раёнаў, а намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Лунінецкага раёна А.Ф.Міхалевіч вызвалены ад займаемай пасады”.
Вось, бадай, і ўсё, што зроблена. Бо прыведзеныя далей прыклады гавораць пра тое, што Столінскі райвыканкам так і не распрацаваў праграму па эфектыўным выкарыстанні зямлі, якая знаходзіцца ў карыстанні фермерскіх гаспадарак, не заключыў з імі дагаворы аб развіцці сельгасвытворчасці. У абодвух раёнах не завершана работа па адабранні неэфектыўна выкарыстоўваемых зямельных участкаў.
Землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службай Столінскага раёна работа па рэгістрацыі зямельных участкаў праведзена не на належным узроўні. Зямельныя ўчасткі плошчай 84 гектары, выдзеленыя тром фермерскім гаспадаркам у 2008 годзе, і 146,5 гектара – дзевяці ў мінулым, дагэтуль не зарэгістраваны. Значыць, гэтыя фермерскія гаспадаркі, як і тыя, якім зямля выдзялялася дадаткова, але яна не зарэгістравана, карыстаюцца ёй незаконна. Намеснік дырэктара абласной землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Пётр Колбас паабяцаў, што ў Столінскім раёне парадак з выдзяленнем зямлі фермерскім гаспадаркам і яе рэгістрацыяй будзе наведзены сёлета ў першым паўгоддзі.
Не прыняты неабходныя меры і па выяўленні фактаў ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці пры вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі і інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах. У Столінскім раёне тэмп росту плацяжоў у бюджэт фермерскімі гаспадаркамі, нягледзячы на павелічэнне плошчаў зямельных участкаў і цяпліц у апошнія гады, мае адмоўную дынаміку. Калі ў 2007 годзе яны склалі 298 мільёнаў рублёў, дык летась – 186 мільёнаў. Адзначалася таксама, што тут па-ранейшаму сельскагаспадарчыя арганізацыі з парушэннем выдзяляюць зямельныя ўчасткі фермерскім гаспадаркам і фізічным асобам, заключаюць з імі дагаворы падраду на сумеснае вырошчванне сельгаскультур без рэгістрацыі іх у інспекцыі па падатках і зборах. Прадукцыя, атрыманая па дагаворах сумеснай дзейнасці СВК і фермераў, не ўлічвалася пры падачы звестак у органы статыстычнай справаздачнасці.
Такія ж факты выяўлены і ў Лунінецкім раёне. Фермерская гаспадарка “Лукашэвіч і С” выручку ад рэалізацыі прадукцыі за 2008-2009 гады не паказвае, падаткі не плаціць. А ад шасці фермерскіх гаспадарак летась паступіла падаткаў ад 90 да 150 тысяч рублёў.
Праверкі дакладнасці пасяўных плошчаў і валавых збораў прадукцыі ў фермерскіх гаспадарках Лунінецкім і Столінскім раённымі аддзеламі статыстыкі былі праведзены фармальна.
Справядлівыя заўвагі выказваліся на калегіі і аблспажыўсаюзу, КУП “Брэстплодаагарод-нінапрам”, якія практычна не займаюцца закупам прадукцыі фермерскіх гаспадарак і насычэннем унутранага рынку гародніннай прадукцыяй. Удзельная вага гародніннай прадукцыі ААТ “Гарынскі агракамбінат” ад фермерскіх гаспадарак Столінскага раёна за мінулы год скарацілася з 3,5 да 0,3 працэнта. Вырашчаная прадукцыя ў асноўным вывозіцца за межы Рэспублікі Беларусь.
Зыходзячы з прыведзеных фактаў і лічбаў, работа Лунінецкага і Столінскага райвыканкамаў, галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці, інспекцыі МПЗ па Брэсцкай вобласці, абласной землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы па выкананні рашэння калегіі двухгадовай даўнасці прызнана недастатковай. А гэта значыць, што ўсім ім яшчэ давядзецца добра пастарацца, каб вывесці дзейнасць фермерскіх гаспадарак у прававую плоскасць, зрабіць іх работу эфектыўнай і прыбытковай для дзяржавы.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Фота аўтара

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

«Вандроўкі па натхненне». Францішак Багушэвіч

Следующая запись

Хутка пачнецца веснавы рух соку