Чарговая газавая вайна. Чаму?
Тужліва-незабыўная дата для беларускага і расійскага народаў – 22 чэрвеня – сёлета стала яшчэ змрачнейшай. Менавіта ў гэты дзень “Газпрам” аб’явіў Беларусі чарговую газавую вайну. Падставай для яе стаў доўг у 187 мільёнаў долараў. І гэта прытым, што на той час “Газпрам” быў вінаваты “Белтрансгазу” 260 мільёнаў долараў за транзіт паліва. А правесці ўзаемазалік з выплатай розніцы, як прапаноўвала Беларусь, Расія чамусьці адмовілася…
Нават людзям, далёкім ад палітычных хітраспляценняў , стала зразумела: справа не ў доўгу, які для Расіі сапраўды з’яўляецца капеечным,– а ў нечым большым. У чым жа? Навошта гаспадарчаму пытанню была нададзена ярка выяўленая палітычная афарбоўка?
У шматлікіх каментарыях наконт гэтай газавай вайны ўказваецца не адна прычына: Расію раздражняе далучэнне Беларусі да праграмы Усходняга партнёрства, даванне прытулку звергнутаму прэзідэнту Кыргызстана, пазіцыя беларускага боку па будучым функцыянаванні Мытнага саюза. Ды большасць міжнародных экспертаў, гаворачы аб расійскай “газавай дубінцы”, якая гучна засвістала ў прасторы менавіта напярэдадні вырашэння пытання аб Мытным саюзе, не сумняваюцца: цераз газавую трубу Крэмль аказвае ціск на суседнюю краіну. Каб Беларусь, у рэшце рэшт, паслухмяна падпісала дагавор аб Мытнай прасторы.
Расія не жадае чуць матывацыю саюзніка: Мытны саюз павінен будавацца без выключэнняў і абмежаванняў, на аснове раўнапраўя краін-партнёраў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рашэнне ўвесці мытную пошліну на нафту – як выключэнне Мытнага саюза – у пэўнай ступені зразумелае. Ды толькі чаму Беларусі ўводзяць мытную пошліну, прадаючы нафту ў два разы даражэй, чым Казахстану?
Безумоўна, у Мытным саюзе зацікаўлены як Расія, так і Беларусь з Казахстанам. І па вялікім рахунку, калі ў кагосьці з краін узніклі некаторыя разыходжанні, неабходны канструктыўны дыялог – не метад жорсткага ціску праз газ ці нафту, як гэта любіць час ад часу дэманстраваць Расія. Узгадаем: не толькі нам…
Ніяк не ідзе з галавы заклік першага віцэ-прэм’ера нашага Урада Уладзіміра Сямашкі да кіраўніка ААТ “Газпрам” Аляксея Мілера, выказаны ў час напружаных перагавораў па цане за газ. Маўляў, нельга забываць, што размова тычыцца лёсу саюза Расіі і Беларусі, далейшых адносін паміж дзяржавамі. “Ды недарэмна ў народзе кажуць: ад любові да нянавісці – адзін крок”, – сумна падагульніў Уладзімір Сямашка, якога быццам бы не чулі.
Ад такой сітуацыі становіцца не проста сумна – на сэрцы пячэ, што ўсё часцей і часцей ад кіраўніцтва суседняй дзяржавы, якую інакш як братняй не клічам, чуюцца цынічныя выказванні, якія прыніжаюць у цэлым беларускі народ. Але ці вартыя запазычаныя мільёны таго, каб ва ўзаемаадносінах (падкрэслім – братніх!) народаў з’явілася балючая трэшчына? Не ведаю, як у каго, а ў мяне асабіста наш саюз з Расіяй – у кантэксце будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і стварэння Мытнага саюза – нагадвае няроўны шлюб, пры якім адзін бок, мацнейшы, лічыць справядлівым атрымліваць больш выгод, чым яго партнёр. Але ці варта тады разлічваць на шчырасць у пачуццях?..
Беларусь разлічылася з “Газпрамам”. Той, прызнаўшы сваю запазычанасць, пагасіў асноўны доўг “Белтрансгазу”. Падача газу ў нашу краіну адноўлена. Ды прыкры асадак застаўся. Хоць, пэўна, варта памятаць народную мудрасць: лепш благі мір, чым добрая сварка.
Бура ў шклянцы вады ўзнікла не з-за доўгу – палітычных амбіцый мацнейшага партнёра нашага дзіўнага саюза. Такога непрадказальнага – нібыта раўнівага мужа з імперскімі звычкамі…
Галіна МАЗІНА, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.