Да 29 верасня будуць сфарміраваны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі
Важная палітычная кампанія – выбары Прэзідэнта нашай краіны – стартавала. Цэнтрвыбаркам прыняў усе асноўныя дакументы, якія забяспечваюць выбарчую кампанію, у тым ліку і яе каляндарны план. Ён апублікаваны ў друку і размешчаны на афіцыйным сайце Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, менавіта на згаданым інтэрнет-партале будзе змяшчацца ўся самая аператыўная інфармацыя, якая тычыцца прэзідэнцкіх выбараў. “Сайт будзе максімальна інфарматыўным і аператыўным”, – запэўніў журналістаў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў пачатку тыдня ў аблвыканкаме, член Цэнтральнай выбарчай камісіі, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандр Каляда.
Ён паведаміў, што зараз паралельна ідзе фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій і ініцыятыўных груп, якія будуць збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Па 26 верасня ўключна палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў. Пасля гэтага на працягу трох дзён мясцовыя органы выканаўчай і распарадчай улады сфарміруюць тэрытарыяльныя камісіі. Трэба сказаць, што ў нашым рэгіёне будуць працаваць абласная камісія, у якую максімальна можна ўключыць 13 чалавек, 2 гарадскія (у Пінску і Баранавічах), 16 раённых і 2 раённыя ў г. Брэсце. “Мяркую, што мы зможам максімальна прадставіць у тэрытарыяльных выбарчых камісіях увесь спектр нашага грамадства, а іх фарміраванне пройдзе адкрыта і галосна”, – сказаў Аляксандр Каляда.
Учора закончыўся тэрмін падачы спісаў ініцыятыўных груп. За каго яны змогуць да 29 кастрычніка сабраць 100 тысяч подпісаў – менавіта столькі неабходна для атрымання запаветнага пасведчання кандыдата – стане вядома на наступным тыдні. Дарэчы, акрамя класічнага абходу кватэр, збор подпісаў дазволены і ў форме пікетавання. Парадак яго дастаткова лібералізаваны: мясцовыя органы ўлады ўжо вызначылі месцы, дзе нельга праводзіць такія пікеты, ва ўсіх астатніх гэта рабіць можна без атрымання дадаковых дазволаў. Падпісныя лісты будуць здадзены ў раённыя і гарадскія камісіі, якія правядуць іх праверку і адправяць у абласную камісію. У яе ёсць права правесці выбарачную праверку законнасці атрыманых подпісаў грамадзян. Цяпер не трэба завяраць падпісныя лісты ў мясцовым выканкаме, а ў адным лісце могуць быць подпісы грамадзян аднаго раёна, горада. Чалавек можа падпісацца за розных вылучэнцаў у кандыдаты, але за аднаго дазваляецца пакінуць свой подпіс толькі раз.
Прайшоўшы рэгістрацыю, кандыдаты змогуць пачаць агітацыю. Мясцовыя выканкамы вызначаць месцы, дзе можна праводзіць мітынгі, сустрэчы з выбаршчыкамі, іншыя агітацыйныя мерапрыемствы як у памяшканнях, так і на адкрытых пляцоўках. Уведзены заяўны прынцып – кандыдаты ці іх давераныя асобы могуць працаваць у гэтых месцах, папярэдне толькі праінфармаваўшы мясцовыя органы ўлады.
Яшчэ адна навінка кампаніі па выбарах Прэзідэнта: упершыню беларускае заканадаўства дазволіла ўтвараць выбарчыя фонды кандыдатаў. Калі раней выбары праводзіліся выключна за дзяржаўны кошт і ніякіх уласных сродкаў ці ахвяраванняў іншых асоб выкарыстоўваць для агітацыйнай кампаніі нельга было, дык сёлета, акрамя 2300 базавых велічынь, якія за кошт дзяржавы атрымае на сваю кампанію кожны кандыдат, можна сабраць да 3000 базавых велічынь.
Вызначана, што ахвяраванні ўносяць і юрыдычныя, і фізічныя асобы. Яшчэ да 50 базавых кандыдат можа ўкласці ў фонд сваіх асабістых сродкаў. Не могуць уносіць ахвяраванні замежныя грамадзяне, прадпрыемствы з замежным капіталам, дабрачынныя і бюджэтныя арганізацыі. За расходванне сродкаў фонду кандыдаты зробяць справаздачу ў Цэнтр-выбаркаме. На думку Аляксандра Каляды, калі кандыдаты выкарыстаюць дадатковыя магчымасці парэкламаваць сябе максімальна, дык гэта ажывіць выбарчую кампанію, хоць менавіта да выбараў Кіраўніка дзяржавы інтарэс у грамадстве, безумоўна, высокі.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.