Беларусь

Навошта вяскоўцам свая гаспадарка?


На другой сесіі абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання народныя выбраннікі разгледзелі пытанне “Аб ходзе рэалізацыі Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян вобласці на 2006-2010 гады” (на прыкладзе Пружанскага раёна).
І сапраўды, навошта вяскоўцу, напрыклад, тая ж карова, калі малако, кефір, смятану і масла цяпер без праблем можна купіць у любым сельскім магазіне? Тое ж можна сказаць і пра мясныя вырабы. Былі б грошы.
Але ж асабістая падсобная гаспадарка селяніна складаецца не толькі з каровы-карміцелькі, як раней яе называлі, і кабанчыка, запярэчыць нехта, але і з прысядзібнага ўчастка, на якім чалавек вырошчвае бульбу, гародніну, садавіну. Так. Толькі цяпер у вясковых гандлёвых кропках можна і капусту набыць, і агуркі з памідорамі таксама. Жадаеце яблыкі? Калі ласка! І грошы ў сялян водзяцца.
Тым не менш, удзельная вага асабістых падсобных гаспадарак у выкананні харчовай праграмы краіны, адзначыў, адкрываючы сесію, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, усё яшчэ важкая, хоць з кожным годам і змяншаецца. Аднак зніжэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі ў прыватным сектары – не трагедыя. Гэта гаворыць пра тое, што асабістая падсобная гаспадарка не з’яўляецца дамінуючай у сямейным бюджэце, а вяскоўцы сталі жыць заможней. І могуць купіць малако ці капусту ў магазіне. Тым жа сялянам, хто жадае весці асабістую падсобную гаспадарку, трымаць карову, неабходна аказваць усялякую падтрымку: выдзяляць пашу, сена і салому, дапамагаць у апрацоўцы прысядзібных участкаў, у рэалізацыі лішкаў сельгаспрадукцыі. Ну, хоць бы так, як гэта робіцца ў Пружанскім раёне.
Дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў сумесна са старшынямі райгарсаветаў, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і абласных арганізацый перад пачаткам пленарнага пасяджэння наведалі ААТ “Шані-аграпрадукт” і сваімі вачамі, як кажуць, пабачылі пасьбу кароў прыватнага сектара з прымяненнем электрапастуха, догляд за пашавымі ўгоддзямі, выдзеленымі для кароў вяскоўцаў, пабывалі на пункце прыёму малака. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне ў Шанёўскім сельсавеце ў апошнія гады стабілізавалася колькасць пагалоўя кароў у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян.
Дарэчы, закупам малака ў насельніцтва на Пружаншчыне ў адрозненне ад іншых раёнаў, у якіх гэта работа ўскладзена на сельскія Саветы і мясцовыя гаспадаркі, займаецца Пружанскі малочны завод. Для гэтых мэт у раёне пабудавана пяць малаканарыхтоўчых пунктаў, якія аснашчаны сучасным халадзільным абсталяваннем і прыборамі па вызначэнні тлустасці малака, працуюць 22 нарыхтоўшчыкі і 17 вадзіцеляў. Гаспадарчыя і бытавыя паслугі вясковым жыхарам у абслугоўванні асабістых падсобных гаспадарак аказвае КУВП “Камунальнік”, якое для гэтых мэт мае ўвесь неабходны набор тэхнікі. А закупам лішкаў раслінаводчай прадукцыі, дзікарослых ягад і грыбоў займаецца райспажыўсаюз. Пра арганізацыю работы ўдзельнікам сесіі расказалі кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў Уладзімір Мікіціч, Алег Шопік і Дзмітрый Карпей.
Не апошнюю ролю ў развіцці прыватнага сектара адыгрываюць і сельгаспрадпрыемствы, дзе жывуць і працуюць вяскоўцы. Калі кіраўнік зацікаўлены ў тым, каб сяляне вырошчвалі бульбу і агародніну, трымалі кароў, то там звычайна не ўзнікае праблем з выдзяленнем пашы, сена, прысядзібных участкаў, з пасадкай і апрацоўкай бульбы. У ААТ “Агра-Калядзічы”, дзе дырэктарам з’яўляецца Пётр Якімавец, пайшлі далей. Сёлета гаспадарка не толькі ўлічыла пажаданні сваіх працаўнікоў у выдзяленні ім участкаў у полі, дапамагла ў пасадцы бульбы, але і тройчы апрацавала палову іх пасеваў ад фітафторы і каларадскага жука, на што зрасходавала 22 мільёны рублёў. Вынік праведзенай работы – зялёныя здаровыя расліны былі прадэманстраваны народным выбраннікам прама ў полі…
Аб ходзе рэалізацыі Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян вобласці на 2006-2010 гады дэпутатам далажыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сцяпан Радкавец. Ён адзначыў, што на Брэстчыне развіццю і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак вяскоўцаў заўсёды ўдзялялася і ўдзяляецца значная ўвага. Пытанне гэтае за справаздачны перыяд чатыры разы разглядалася на пасяджэннях аблвыканкама, быў таксама праведзены семінар. Аналізуючы дасягнутае ў гэтым кірунку, выступоўца канстатаваў: нягледзячы на ўсе намаганні ўлады, пасяўныя плошчы, якія выдзяляюцца насельніцтву для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, змяншаюцца, пагалоўе кароў – таксама. У выніку за чатыры гады дзеяння Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у вобласці забяспечана выкананне чатырох паказчыкаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі з васьмі – па вытворчасці жывёлы і птушкі, агародніны, пладоў і ягад, мёда. Не выкананы планы па вытворчасці збожжа, бульбы, малака і яек. Што тычыцца закупак малака ў насельніцтва, то тут намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння: з 122,2 тысячы тон у 2006 годзе да 95,7 тысячы тон летась. Не лепшая сітуацыя і сёлета. У першым паўгоддзі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян нарыхтавана 38,4 тысячы тон малака. Гэта ўсяго 78,5 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Найбольшае зніжэнне закупак малака ў насельніцтва адзначана ў Пінскім, Столінскім, Бярозаўскім і Іванаўскім раёнах.
Для таго, каб выправіць становішча з закупам малака, удзельнікам сесіі рэкамендавана вывучыць і па магчымасці ўкараніць у сябе вопыт пружанцаў, дзе ААТ “Пружанскі малочны камбінат” нарыхтоўвае ў насельніцтва раёна 86 працэнтаў малака. А яшчэ – больш увагі надаваць такім пытанням, як выдзяленне для кароў прыватнага сектара ў дастатковай колькасці і якасных пашаў, для выпасу жывёлы прымяняць электрапастухі, як гэта робіцца ў Шанёўскім сельсавеце, а ўчасткі пад пасадку бульбы выдзяляць вяскоўцам бліжэй да населеных пунктаў, дзе яны жывуць.
Сваімі меркаваннямі падзяліліся дэпутаты: старшыня СВК “Вінец” Бярозаўскага раёна Яўген Шымчук, старшыня Лунінецкага райспажыўтаварыства Максім Сумар, дырэктар ААТ “Птушкафаб-рыка “Дружба” Баранавіцкага раёна Васіль Маркевіч, старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Макар. Кожны з іх прывёў свае аргументы і прычыны, па якіх вяскоўцы не жадаюць займацца падсобнай гаспадаркай: павышэнне дабрабыту і наяўнасць неабходных прадуктаў у магазінах. Ёсць яшчэ цэнавы фактар, розныя даведкі, каб прадаць вырашчаную прадукцыю. Але ўсе яны сышліся ў адным: асабістым падсобным гаспадаркам неабходна аказваць усялякую падтрымку. Яшчэ і таму, лічыць Яўген Шымчук, што яны маюць і важную выхаваўчую функцыю. Вясковыя дзеці адвыкаюць ад сялянскай працы, рэдкія маладыя людзі ўмеюць сёння запрэгчы каня. Падтрымліваючы асабістыя падсобныя гаспадаркі, на думку кіраўніка сельгаспрадпрыемства, мы не толькі будзем мець дадатковую прадукцыю, але і захаваем тое лепшае, чым заўсёды славілася вёска.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Пружанскі раён.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля