Прагнозныя паказчыкі будуць выкананы
Вынікі работы ўсіх галін вытворчасці Брэстчыны сведчаць: прагнозныя паказчыкі будуць выкананы. Сёння неабходна клапаціцца аб тым, каб закласці надзейны падмурак будучай пяцігодкі. Такую задачу паставіў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар перад кіруючымі кадрамі вобласці на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта, якое адбылося ў панядзелак, 19 ліпеня.
На пасяджэнне аблвыканкама былі вынесены чатыры пытанні, але галоўнымі сярод іх былі, безумоўна, два першыя: аб выніках выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту вобласці за першае паўгоддзе 2010 года. Тон абмеркаванню задаў старшыня аблвыканкама. Канстанцін Андрэевіч у сваім уступным слове зазначыў, што, аналізуючы вынікі работы ў першым паўгоддзі бягучага года, кожны кіраўнік суб’екта гаспадарання і ўладнай вертыкалі павінен думаць аб перспектыве – аб тым, што ён будзе рабіць у будучай пяцігодцы. І не толькі думаць, а клапаціцца аб тым, каб чарговая пяцігодка стала яшчэ адным важкім крокам наперад у сацыяльна-эканамічным развіцці Брэстчыны.
А потым з дакладамі выступілі першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук, намеснікі старшы-ні – Якаў Бухавецкі і Віктар Сакоўскі, якія паведамілі аб выніках дзейнасці асноўных вытворчых сфер вобласці. Аб выніках выканання бюджэту далажыў начальнік фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Іван Вабішчэвіч.
У прыватнасці, на пасяджэнні аблвыканкама адзначалася, што за студзень-чэрвень 2010 года забяспечана выкананне 9 з 15 асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці: індэкс фізічнага аб’ёму прадукцыі прамысловасці – тэмп 111,9 працэнта (прагноз на год – 110-112 працэнтаў), вытворчасць прадукцыі прамысловасці ў супастаўных цэнах – 113,4 (прагноз – 112,5-114,5), вытворчасць спажывецкіх тавараў – 117,2 (прагноз – 114-115), экспарт тавараў 128,8 (прагноз 127-129), імпарт тавараў – 109 (прагноз – 118-120), экспарт паслуг 138,6 (116-117), рознічны таваразварот – 114,6 (прагноз – 113-114), паказчык па энергазберажэнні – «мінус» 9,2 (прагноз на 1 паўгоддзе – «мінус» 7 працэнтаў).
Уведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў за кошт усіх крыніц фінансавання – 576 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы (52,4 працэнта да гадавога задання), у тым ліку ў сельскай мясцовасці і малых гарадах – 237,4 тысячы квадратных метраў (93,8 працэнта).
Не выконваюцца прагнозныя паказчыкі: валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак – 104,9 працэнта (прагноз 110-111 працэнтаў), платныя паслугі насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі – 105,6 (прагноз – 113,5-114,5), імпарт паслуг – 153 (прагноз 113-114), інвестыцыі ў асноўны капітал: па прадпрыемствах мясцовага падпарадкавання – 124 (прагноз – 125), па юрыдычных асобах без ведамаснага падпарадкавання – 81,7 (125), колькасць занятых у эканоміцы – 632,5 тыс. чалавек (прагноз – 650 тысяч).
Большасць прагнозных паказчыкаў не выконваецца ўсімі рэгіёнамі вобласці, акрамя г.Брэста, і абласнымі арганізацыямі, акрамя ДУП «Брэстмеліявадгас», і аб’яднання «Брэстаблсельгасбуд».
Не забяспечана выкананне асноўных паказчыкаў прагноза сацыяльна-эканамічнага раз-віцця па вытворчасці прадукцыі прамысловасці – Баранавіцкім і Пінскім гарвыканкамамі, Баранавіцкім, Бярозаўскім, Брэсцкім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Ляхавіцкім, Пінскім, Пружанскім і Столінскім райвыканкамамі; па вытворчасці спажывецкіх тавараў – Пінскім гарвыканкамам, Бярозаўскім, Брэсцкім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Пінскім, Пружанскім, Столінскім райвыканкамамі, УП «Брэстплодаагародніна-прам», канцэрнам «Брэстмясамалпрам»; валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельскагаспадарчых арганізацыях – усімі райвыканкамамі, акрамя Брэсцкага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага; інвестыцыях у асноўны капітал па арганізацыях, якія падпарадкаваны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам – усімі гаррайвыканкамамі, акрамя Брэсцкага гарвыканкама, Маларыцкага, Пінскага і Пружанскага райвыканкамаў; інвестыцыях у асноўны капітал па юрыдычных асобах без ведамаснай падпарадкаванасці – усімі гаррайвыканкамамі, акрамя Кобрынскага райвыканкама; па экспарце тавараў – Брэсцкім і Пінскім гарвыканкамамі, Брэсцкім, Драгічынскім, Жабінкаўскім, Маларыцкім райвыканкамамі; экспарце паслуг – Пінскім гарвыканкамам, Баранавіцкім, Бярозаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Маларыцкім райвыканка-мамі; энергазберажэнні – Баранавіцкім гарвыканкамам, Баранавіцкім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Пінскім, Столінскім райвыканкамамі; уводзе ў эксплуатацыю жылля – Брэсцкім, Івацэвіцкім і Ляхавіцкім райвыканкамамі.
Даходы бюджэту ў першым паўгоддзі 2010 года склалі 1698,6 мільярда рублёў (48,2 працэнта гадавога плана), у тым ліку ўласныя даходы – 972,2 мільярда рублёў (47 працэнтаў гадавога плана). Ад новых арганізацый у бюджэты раёнаў паступіла 5,9 мільярда рублёў (2,6 працэнта ад аб’ёму даходаў бюджэтаў базавага ўзроўню пры заданні 2,7 працэнта). Самыя нізкія паступленні – у Камянецкім і Лунінецкім раёнах; у Драгічынскім, Жабінкаўскім, Ляхавіцкім і Маларыцкім раёнах зніжаны аб’ём паступленняў да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Запазычанасць па плацяжах у бюджэт па стане на 1 ліпеня 2010 года склала 6,2 мільярда рублёў і павялічылася з пачатку года на 2,7 мільярда рублёў. Расходная частка бюджэту вобласці прафінансавана да ўдакладненага гадавога плана на 48,5 працэнта. У прыярытэтным парадку забяспечвалася фінансаванне першачарговых расходаў мясцовых бюджэтаў (заработная плата, трансферты насельніцтву, харчаванне, медыкаменты, камунальныя плацяжы і расходы, якія звязаны з жыллёвым будаўніцтвам). Крэдыторская запазычанасць па бюджэце вобласці па стане на 1 ліпеня 2010 года склала 26,1 мільярда рублёў (1,3 працэнта ад расходнай часткі бюджэту) і знізілася з пачатку года на 7,9 мільярда рублёў.
Па абмеркаваных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
У пасяджэнні аблвыканкама прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі, першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю краіны Сяргей Радненка, шэраг іншых адказных работнікаў міністэрстваў і ведамстваў.
Завяршаючы пасяджэнне, Канстанцін Сумар уручыў дыпломы пераможцам і лаўрэатам конкурсу абласной прэміі за лепшыя вынікі па эканоміі і беражлівасці. Пераможцамі сталі ААТ «Ізаляцыя», КУА па аказанні паслуг «Баранавіцкі камбінат бытавога абслугоўвання» і Столінская цэнтральная раённая бальніца, лаўрэата-мі – ААТ «Кобрындрэў» і ААТ «ПІнскі мясакамбінат».
Вячаслаў БУРДЫКА, «НТ»
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.