Толькі тады яна стане прыгожым і квітнеючым куточкам, лічыць Валянціна Антановіч
Клопат гэты павінен быць не аднаразовым, а штодзённым. Вясной можна правесці суботнік, накшталт генеральнай уборкі ў доме, а пасля – проста падтрымліваць парадак. Прычым не толькі на асабістых падворках, але і на так званай нічыйнай тэрыторыі, за прысядзібнай агароджай. Менавіта гэта і стараецца данесці да кожнага вяскоўца энергічная стараста.
Валянціна Уладзіміраўна 40 гадоў адпрацавала ў мясцовым калгасе. За сумленную працу і ўклад у развіццё сельгасвытворчасці ўзнагароджана ордэнам Знак Пашаны. Вельмі перажывала, калі калгас пачаў прыходзіць у заняпад. Балюча было глядзець, як развальваецца тое, што стваралася дзесяцігоддзямі, у тым ліку і яе рукамі.
– Дзякуй богу, знайшоўся чалавек, які ўсклаў на свае плечы цяжкую ношу адраджэння нашай гаспадаркі, – цешыцца Валянціна Уладзіміраўна. – Цяперашні кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Уладзіміравіч за два гады нямала зрабіў як у вытворчай сферы, так і для паляпшэння дабрабыту людзей, якія заняты ў ёй.
Не стаіць убаку ад гэтай справы і жанчына. У прыватным вытворчым унітарным прадпрыемстве “17 верасня” працуе брыгадзірам і загадчыкам фермы. А па сумяшчальніцтве – старастай вёскі. На гэтую грамадскую пасаду яе выбралі невыпадкова. Па-першае, Валянціна Антановіч усё сваё жыццё працавала з людзьмі і мае багаты вопыт работы ў гэтым кірунку. Па-другое, яна добра ведае іх, што таксама істотна. Калі на вытворчасці ў кожнага работніка ёсць свае абавязкі, якія ён павінен выконваць, дык у арганізацыі людзей на тое ж добраўпарадкаванне вёскі гэтым асабліва не аргументуеш. Можна, вядома ж, аштрафаваць за антысанітарыю, але стараста стараецца не прыбягаць да крайніх мер. Больш уздзейнічае на вяскоўцаў словам, ушчуваннем: маўляў, не сорамна ў гразі жыць? У суседа, вунь, падворак патанае ў кветках і зеляніне, а ў цябе быллём зарос.
– Уздзейнічае? – пытаюся ў Валянціны Уладзіміраўны.
– У большасці выпадкаў. Але бываюць і выключэнні, тады даводзіцца рабіць папярэджанне, – адказвае суразмоўца. – Калі прыходзіць вясна, усім вяскоўцам нагадваю, што настаў час наводзіць парадак у садах і агародах, на падворках. А пра ўборку могілак інфармую людзей праз аб’явы, якія вывешваю на ферме, ля магазіна, у грамадскіх месцах. Ды і словам не прамінаю напомніць, калі сустракаю каго на вуліцы…
Гэта, калі можна так сказаць, адзін бок дзейнасці вясковага старасты, калі ініцыятыва зыходзіць непасрэдна ад яго. Другі – дапамога ў вырашэнні пытанняў, з якімі людзі самі ідуць да яе. Як да старасты, дэпутата сельскага Савета, брыгадзіра ў рэшце рэшт. Гэта, скажам, і вываз смецця, і выдзяленне ўчасткаў пад пасадку бульбы ў полі. Жанчына стараецца не пакідаць без увагі ніводнай праблемы. Некаторыя вырашае разам са старшынёй Харомскага сельвыканкама Анатолем Скрабцом, які называе Валянціну Антановіч галоўным сваім памочнікам у вёсцы Туры.
– З вывазам смецця і бытавых адходаў у нас праблем няма, – вяртаючыся да размовы пра добраўпарадкаванне, апавядае стараста. – Два разы ў месяц трактар разам з грузчыкам аб’язджае вуліцы вёскі і збірае ўвесь хлам.
Ну, а такія пытанні, як выдзяленне і вываз гною ў поле, участкаў для пасадкі бульбы, вырашае са старшынёй ПВУП “17 верасня” Андрэем Кузьменкам. Непаразуменняў, як правіла, не ўзнікае. А гэта якраз тое, пра што гаворыць Валянціна Антановіч, – агульны клопат пра малую радзіму.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Столінскі раён.
Фота аўтара.
Главная Вертыкалі ўлады Стараста вёскі Туры ўласным прыкладам паказвае, як трэба клапаціцца пра сваю малую радзіму
от8 февраля, 2019