Беларусь

  • Главная
  • Вертыкалі ўлады
  • Утвораны акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Утвораны акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь


На сумесным пазачарговым пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта і прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, якое прайшло 9 ліпеня, у адпаведнасці з беларускім выбарчым заканадаўствам на тэрыторыі Брэстчыны ўтвораны 16 акруговых выбарчых камісій.
Па інфармацыі начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандра Каляды, у акруговыя камісіі было вылучана 330 прэтэндэнтаў, у тым ліку 60 – ад розных палітычных партый. Сваіх прадстаўнікоў назвалі і грамадскія аб’яднанні, сярод якіх найбольшую актыўнасць праявілі РГА “Белая Русь”, ГА “БРСМ”, прафсаюзы, абласная ветэранская арганізацыя. Шэраг кандыдатаў былі вылучаны працоўнымі калектывамі і ад грамадзян шляхам падачы заявы.
“Выбары адбудуцца, у гэтым няма ніякіх сумненняў, – заўважыў Аляксандр Каляда. – Хоць пачатак выбарчай парламенцкай кампаніі прыйшоўся на лета – а гэта так званы “мёртвы сезон” у палітыцы, – тым не менш, прыемна здзівілі актыўнасцю розныя палітычныя сілы і парадавалі вылучэннем сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі”.
Аблвыканкам і прэзідыум аблсавета прынялі рашэнне сфарміраваць камісіі з максімальнай колькасцю членаў – па 13 чалавек кожную. Прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх суполак таксама прысутнічалі на пасяджэнні, мелі магчымасць выказаць заўвагі і пажаданні па арганізацыі парламенцкіх выбараў. У ходзе абмеркавання некаторыя прапановы па прэтэндэнтах былі адхілены. У камісіях павялічылі партыйнае прадстаўніцтва. Пры гэтым старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, які асабіста ўнёс некалькі персанальных прапаноў з ліку вылучаных прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі, падкрэсліў: “Важна, каб у камісіях былі людзі, якія будуць працаваць і сапраўды арганізоўваць выбары належным чынам. Вясельных генералаў там не павінна быць. У камісіі не балбатнёй трэба займацца ці нейкай прапагандай, а працаваць, каб ніякіх арганізацыйных праблем на выбарах не ўзнікала”.
У выніку членамі акруговых выбарчых камісій у нашым рэгіёне сталі 208 чалавек. У іх склад увайшлі па 10 прадстаўнікоў ад КПБ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 8 – ад Беларускай партыі левых  “Справядлівы свет”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі – 4,
БНФ – 3, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – 2. “Белую Русь” у акруговых камісіях прадставяць 15 чалавек, столькі ж – і федэрацыю прафсаюзаў. У камісіі ўключаны таксама 13 прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і 9 чалавек ад ветэранскага руху.
Пазнаёміцца са спісамі акруговых камісій можна на афіцыйным сайце абл-выканкама (http://www.brest-region.by),
а на сайтах адміністрацыйных тэрыторый размешчаны рашэнні рай-, гарвыканкамаў, у якіх вызначаны месцы, забароненыя для пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў.
З 15 ліпеня па 13 жніўня пройдзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Да 19 ліпеня ў акруговыя камісіі неабходна даць спісы ініцыятыўных груп, а да 21 ліпеня будуць утвораны ўчасткі для галасавання.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля