Беларусь

Жыць клопатамі людзей


У гэтым бачыць сваю асноўную задачу старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей
Працоўная біяграфія Пятра Губея пачыналася  на яго маленькай радзіме – у вёсцы Ляхаўцы, у калгасе “Новы шлях”. Актыўнага юнака ў гаспадарцы заўважылі: моладзь абрала яго сакратаром камсамольскай арганізацыі, а колішняе кіраўніцтва ўсяляк садзейнічала  кар’ернаму росту  хлопца – і ў хуткім часе загадчык аўтагаража і старшыня прафкама стаў намеснікам старшыні калгаса.
Апошнія 10 гадоў Пятра Губея былі цесна звязаны з прафсаюзамі – увесь гэты час ён узначальваў Маларыцкі  райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Быў таксама дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 24-га склікання па Ляхавецкай выбарчай акрузе №19. Абралі яго аднавяскоўцы і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання, а народныя выбраннікі, большасць з якіх даўно ведаюць Пятра Губея па рабоце ў райкаме прафсаюза работнікаў АПК, – сваім старшынёй. З ім – гутарка карэспандэнта “НТ”.
– Пётр Вікенцьевіч, на пасадзе старшыні РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў Вас былі некалькі іншыя абавязкі і задачы, чым у кіраўніка дэпутацкага корпусу. Ці не цяжка выдалася ў новым амплуа напачатку?
– Так, на былой пасадзе мне даводзілася займацца абаронай правоў работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, сачыць за ўмовамі працы на вытворчасці,  арганізоўваць спаборніцтва сярод удзельнікаў масавых сельскагаспадарчых кампаній, падводзіць яго вынікі, уручаць граматы і падарункі пераможцам. Зараз задачы, над якімі даводзіцца працаваць, тычацца ў асноўным забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва раёна. Але гэта тая ж работа з людзьмі, і для мяне яна – не новая. Тым  больш, што пытанні і наказы сваіх выбаршчыкаў вырашаў, калі быў дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 24-га склікання. Праўда, на пасадзе старшыні яе даводзіцца весці ў больш шырокім аб’ёме і, як правіла, з прыцягненнем шэрагу службаў. Гэта прыём грама-дзян, падрыхтоўка і правядзенне сесій, пасяджэнняў прэзідыума, падрыхтоўка рашэнняў. І хоць складанасцей асаблівых з вырашэннем гэтых пытанняў не ўзнікае, іншы раз звяртаюся за парадай да больш вопытных народных выбраннікаў дэпутацкага корпусу, бо аднаму ўсё проста немагчыма ведаць.
– Вядома, раён – не адна выбарчая акруга, і праблем, з якімі звяртаецца  насельніцтва да ўлады, куды больш. Прычым  большасць іх, відаць, сацыяльнага характару?
–Так, але, як паказвае практыка,  амаль усе яны вырашальныя. Галоўнае  –  не адмахвацца ад таго, з чым звяртаюцца да цябе людзі,  жыць іх клопатамі. Уважліва выслухаць кожнага чалавека, які прыйшоў за дапамогай,  і вырашыць яго праблему, калі ёсць магчымасць. Калі ж не атрымліваецца зрабіць, дык тактоўна і даходліва растлумачыць – чаму. Так працую сам, на гэта нацэльваю  дэпутатаў як раённага, так і сельскіх Саветаў. Бо на месцах лепш відаць, якія пытанні хвалююць людзей, ды і вырашыць многія з іх  часам атрымліваецца зусім не складана. Было б жаданне! Тады не давялося б, напрыклад, жыхарам вёскі Горы Чарнянскага сельсавета звяртацца да нас з просьбай аб выдзяленні пашы для кароў прыватнага сектара. Старшыня СВК “Чарняны” Міхаіл Перкавец, якому  яно было пераадрасавана, даслаў адказ: вяскоўцам выдзелена шэсць гектараў новай пашы. А хіба нельга было ўрэгуляваць гэтае пытанне без умяшання раённай улады? Ці, напрыклад,  райспажыўтаварыству своечасова завезці паліва ў магазін вёскі Гусак? Упэўнены: пытанне ўзнікла не на пустым месцы. Хоць вырашыць яго кіраўніцтва арганізацыі павінна было, як кажуць, у рабочым парадку.
Гэта ж тычыцца і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Хто, як не дэпутаты сельскіх Саветаў, старасты павінны арганізоўваць людзей на такую работу? Трэба сказаць, што ў гэтым кірунку іх дзейнасць больш актыўная, таму ў апошнія гады як  вялікія населеныя пункты, так і маленькія вёсачкі сталі больш дагледжанымі і прыгожымі.
– Але ж ёсць і пытанні, якія не ў кампетэнцыі сельскага Савета ці кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі. Устаноўка тэлефонаў, напрыклад…
– Ёсць. І па ўстаноўцы тэлефонаў у прыватнасці. За дапамогай у вырашэнні гэтага пытання да мяне звярталася пенсіянерка вёскі Малы Паўлопаль Чарнянскага сельсавета  Яўгенія Паўлаўна Бурда. На мой запыт начальнік раённага вузла электрасетак Аляксандр Скрыпчык даслаў адказ, што заява жанчыны на ўстаноўку тэлефона зарэгістравана і будзе выканана ў першым паўгоддзі 2011 года. Звярталіся па аналагічным пытанні таксама з вёскі Боркі Макранскага сельсавета, на выязных прыёмах дапамагчы з устаноўкай тэлефонаў прасілі  жыхары Гарохавішча Маларыцкага, Дрочава – Арэхаўскага сельсаветаў.
– Пётр Вікенцьевіч, пад Вашым старшынствам прайшлі ўжо дзве сесіі раённага Савета дэпутатаў. А што выносілася на абмеркаванне народных выбраннікаў?
– На другой сесіі на прыкладзе Велікарыцкага сельскага Савета быў разгледжаны ход рэалізацыі праграмы падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, а таксама пытанне па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі раёна.  На прэзідыуме абмяркоўваліся пытанні працаўладкавання раней асуджаных асоб, развіцця аграэкатурызму, аб дадатковых мерах па абароне дзяцей, якія пражываюць у небяспечных сем’ях. Бурнае абмеркаванне іх сведчыць пра тое, што дэпутаты неабыякавыя да гэтых праблем  – і гэта радуе.
– І яшчэ раскажыце, калі ласка, як складваюцца адносіны са старшынямі сельскіх Саветаў і кіраўнікамі-дэпутатамі?
– Мы знайшлі агульную мову. Магчыма, таму, што са многімі мне даводзілася ў нейкай меры супрацоўнічаць на ранейшай пасадзе. Узніклыя праблемы, як правіла, вырашаем аператыўна, калі ж не атрымліваецца – растлумачваем людзям, чаму неабходна пачакаць ці не можам ім дапамагчы. Выпадкаў, калі б нехта адмовіў у дапамозе, не было.
– Дзякуй за гутарку, плённага Вам супрацоўніцтва і надалей!
Гутарыла Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Маларыта

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля