68 пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2011 года атрымалі прэміі аблвыканкама
Інтэлектуальны бум
Больш чым 500 чалавек сабрала вялікая зала грамадска-культурнага цэнтра. Пераможцы і прызёры, а таксама іх настаўнікі і блізкія былі запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар уручыў таленавітым юнакам і дзяўчатам дыпломы і прэміі абласнога выканаўчага камітэта. А ў пачатку свайго выступлення Канстанцін Андрэевіч працытаваў мысліцеля старажытнасці Цыцэрона, які сказаў, што пра добрыя справы неабходна гаварыць услых. А гаварыць у гэты дзень было аб чым, бо сёлетняя сустрэча адрозніваецца вялікай колькасцю дыпламантаў: іх на 15 больш, чым у мінулым годзе. Гэта сапраўдны інтэлектуальны бум, які не можа не радаваць, а тым больш застацца незаўважаным.
– Падтрымка таленавітай моладзі – адзін з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, – падкрэсліў Канстанцін Сумар. – У эпоху высокіх тэхналогій асаблівую каштоўнасць маюць здольнасці і веды моладзі, на якую мы ўскладаем вялікія надзеі. Для таго, каб развіць талент, неабходны тры асноўныя якасці чалавека: упартасць, працавітасць і жаданне вучыцца. Пэўна ж, гэтага не займаць нашым пераможцам. Дарэчы, некаторыя педагогі падрыхтавалі па некалькі пераможцаў, таму і атрымалі не адну прэмію…
Аж тры ўзнагароды былі ўручаны настаўніку фізікі СШ №2 г. Камянца Міхаілу Макаеду, па дзве атрымалі Ларыса Ціханчук (Лунінецкі ліцэй), Тамара Ільяшэвіч (СШ №15 г. Брэста), Наталля Шаламіцкая (СШ №16 г. Пінска), Ганна Навуменка (Брэсцкі ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна).
Ад імя педагогаў вобласці падзяку аблвыканкаму і яго кіраўніку за падтрымку і вялікі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі вобласці выказалі настаўніца беларускай мовы гімназіі №3 г. Пінска Іна Вакульчык і яе вучаніца Анастасія Садоўская. Школьніца нават прачытала верш, які сачыніла сама.
– Шлях да перамогі быў вельмі цяжкім, але атрыманы вопыт абавязкова дапаможа нам і ў студэнцкім жыцці, і на працы, – разважае Анастасія Садоўская. – Цудоўна, што ёсць на Брэстчыне столькі таленавітых педагогаў, якія выхоўваюць пакаленне за пакаленнем маладых прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты.
Сярод узнагароджаных была і ўнікальная дзяўчына, якая прыйшла да перамогі сама. Вучаніца Брэсцкага ліцэя №1 імя А.С. Пушкіна Ангеліна Макарчук самастойна вывучае іспанскую мову. На рэспубліканскай алімпіядзе яна атрымала дыплом III ступені, але, як прызналася ліцэістка, на гэтым не спыніцца.
– Зараз вучуся ў 10 класе, таму сёлетняя перамога – толькі размінка, – падзялілася ўражаннямі Ангеліна Макарчук. – У наступным годзе таксама буду ўдзельнічаць у спаборніцтве і спадзяюся на перамогу. Дарэчы, іспанскую мову я вучу не дзеля паступлення ва ўніверсітэт, бо паступаць буду ў медыцынскую ВНУ. Аднак гэта не перашкаджае мне прэтэндаваць на прызнанне маіх ведаў на рэспубліканскім узроўні, хоць і вельмі цяжка даюцца перамогі.
Сярод тых, каго хацелася б асабліва вылучыць, і лунінчанін Міхаіл Баравы. На яго рахунку – два дыпломы II ступені па фізіцы і хіміі. Гэтага юнака адзначыў і Канстанцін Сумар, назваўшы яго перспектыўным талентам.
Пасля афіцыйнай часткі для юных інтэлектуалаў выступілі творчыя мастацкія калектывы. Потым дзеці фатаграфаваліся на памяць і ўспаміналі, як рыхтаваліся да сваіх аліміяд. А развітваліся радасныя і задаволеныя – за сваю працу яны атрымалі годныя ўзнагароды, таму з чыстым сумленнем можна ісці на канікулы.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.