Беларусь

  • Главная
  • Віншуем!
  • Ігар ГЕТМАН, сябра “НТ”, галоўны рэдактар Брэсцкай раённай газеты “Заря над Бугом”: Хутка, смачна, па-беларуску

Ігар ГЕТМАН, сябра “НТ”, галоўны рэдактар Брэсцкай раённай газеты “Заря над Бугом”: Хутка, смачна, па-беларуску


“Народную трыбуну” я чытаю з пачатку дзевяностых, а дакладней – з 1991 года. У той час у студэнцкіх аўдыторыях можна было пабачыць ледзь не ўсе газеты, якія з’яўляліся тады, як грыбы пасля дажджу.
Студэнцтва тае пары, як і ўсё грамадства, было моцна палітызаваным і інфармацыю пра падзеі старалася браць з розных крыніц. У іх ліку – газеты Берасцейшчыны, як старыя накшталт “Зари”, так і новыя – “Вечерний Брест”, “Брестский курьер”, “Народная трыбуна”, што толькі-толькі з’явіліся на медыяпрасторы.
Сёння гэтыя, здаецца, яшчэ нядаўна піянеры друку Берасцейшчыны сталі сапраўднымі ветэранамі. У ліку іх і “Народная трыбуна”, чыё звонкае “дзе” і густое “чаго” гучыць адметна, заўважна сярод іншых галасоў інфармацыйнага хору.
Сваёй адметнасці газеце дадае той факт, што яна – штотыднёвік. Гэта, відавочна, адбіваецца на аператыўнасці выдання, але, з другога боку, надае газеце беларускай разважлівасці і ўдумлівасці.
У загаловак я нездарма вынес кулінарны слоган. Яго ў значнай ступені можна аднесці і да выдання, якое часта частуе чытача, калі можна так сказаць, “смачнымі” матэрыяламі. Газеце ўдаецца спалучаць самыя розныя інгрэдыенты, калектыў не баіцца эксперыментаваць дзеля стварэння новага, арыгінальнага “смаку” выдання.
Першы раз я купіў нумар “Народнай трыбуны” прыкладна ў такую самую пару, 19 год назад. Шчыра кажучы, газета мяне не ўразіла: нават тагачасны чорны загаловак, здавалася, знарок зроблены пад снежаньскі настрой з яго доўгімі начамі і кароткімі днямі.
Часы змяняліся, і газета мянялася разам з імі. Сённяшняя “Народная трыбуна” займае трывалыя пазіцыі на медыйным полі вобласці, мае сваю пастаянную аўдыторыю. Усё гэта – вынік рупнай працы калектыву, дзякуючы якой заваяваны аўтарытэт і вядомасць газеты ва ўсіх кутках Берасцейшчыны.
Я хачу пажадаць калегам павялічваць кола сяброў свайго выдання, захоўваць вернасць беларускаму слову. Як і сёння, так і далей рабіць газету праўдзівым люстэркам жыцця землякоў. Моцнага ўсім здароўя і поспеху ва ўсіх добрых справах!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля