Інфармаваць і выхоўваць
19 студзеня прайшоў “круглы стол” “Народная трыбуна” – носьбіт беларускага слова ў сродках масавай інфармацыі Берасцейшчыны”
Удзел у ім прынялі ідэалагічныя работнікі, выкладчыкі БрДУ імя А.С. Пушкіна, прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў, партнёры “НТ”, калегі-журналісты з іншых выданняў, пазаштатныя аўтары газеты, яе супрацоўнікі.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Таццяна Гагакова вылучыла тэзіс аб нацыянальнай ідэі, “якая аб’ядноўвае наша грамадства, робіць нас больш моцнымі, натхняе на дасягненні добрых вынікаў і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай сферы, і ў творчасці”. Як мяркуе Таццяна Міхайлаўна, непарыўнай часткай нашай нацыянальнай ідэі з’яўляецца беларуская мова, вернасць якой вось ужо 20 год захоўвае “Народная трыбуна”, таму яе роля для Берасцейшчыны надзвычай важная.
“Абласное выданне – не проста носьбіт беларускай мовы ў СМІ Берасцейшчыны. Наша газета – выдатны прапагандыст беларушчыны”, – заўважыў дацэнт кафедры беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец. Уладзімір Адамавіч прыгадаў перажытыя пачуцці ад першых нумароў газеты і ўспомніў, як на пасяджэнні кафедры новае выданне ацаніў навуковец і пісьменнік Уладзімір Калеснік. Ён тады сказаў: “Добра было б, каб гэтая газета стала своеасаблівай “Нашай нівай” на Берасцейшчыне”. Параўнанне нованароджанага выдання з газетай Янкі Купалы неадназначна ўспрынялі брэсцкія філолагі. Але з часам многія з іх сталі актыўнымі пазаштатнымі аўтарамі “НТ”, бо маладое выданне выклікала сімпатыю, год ад году ўмацоўвала пазітыўнае ўражанне.
Уладзімір Адамавіч выдзеліў такую рысу газеты, як добразычлівасць. Яна і ў звароце на першай старонцы – “Шчыра вітаем матчынай мовай!”, і ў пажаданні – “Бывайце здаровы, жывіце багата! Да новых сустрэч!” – на апошняй. І ва ўзважанасці матэрыялаў, і ў адкрытасці газетных старонак для тых, у каго ёсць што сказаць землякам, хто хоча падзяліцца з імі набыткамі ўласнай творчасці. Гаварыў Уладзімір Сенькавец і пра творчы патэнцыял выдання, якое развіваецца, і пра тэмы, якія маглі б стаць новымі праектамі.
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Аляксандр Уласавец сказаў, што газету прыемна чытаць, бо яна – пра жыццё рэальнае. Старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры Галіна Крынец выпісвае “НТ” і дадому, і на працу: “Газета заўсёды ў творчым пошуку, а таму цікава даведацца пра яго вынік”. Вячаслаў Салавей, намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў, упэўнены, што ў газеты – вялікі патэнцыял, а таму 20-годдзем яна сябе абмяжоўваць не будзе, па-ранейшаму актыўна пастараецца знаходзіць і тэмы, і герояў вартых газетных старонак.
“Равеснік суверэннай Беларусі, абласная “Народная трыбуна” расце разам з краінай, а яе маладзёжны праект “Равеснік” зрабіў газету дарослую, грамадска-палітычную цікавай для моладзі”, – сказаў першы сакратар абкама БРСМ Віктар Фісюк. А член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня аграпрамысловага саюза краіны, кіраўнік СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна Аляксей Скакун падкрэсліў: “Народная трыбуна” разумее клопаты аграрыяў, у яе ёсць адчуванне душы сельскага працаўніка, а вяскоўцам імпануе, што журналісты іх заўважаюць, расказваюць пра хлебаробскую працу сардэчна і з павагай”.
“Кожны нумар “НТ” – гэта вяртанне да каранёў. Не толькі таму, што газета беларускамоўная. Яна жыве родным для нас асяроддзем, таму сэрца і адгукаецца на газетныя артыкулы”, – перакананы старшыня абласной суполкі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч. Па-дзяляе такую думку і кіраўнік абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч: “Газета блізкая да сэрца, да душы. Яна культывуе беларушчыну, пашырае беларускую прастору – моўную, культурную, нацыянальную”.
Аб партнёрскіх стасунках гаварылі дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух, дырэктар УП “Брэстаблсаюздрук” Васіль Марэйка, кіраўнікі ААТ “Брэсцкая друкарня” Васіль Каленікаў і выдавецтва “Альтэрнатыва” Лілія Уцюкова.
Вельмі важнай была ацэнка калег-журналістаў, якія выдатна ведаюць аб розных падводных камянях прафесіі, аб тым, як часам складана ўтрымацца на плаву і не згубіцца ў інфармацыйнай прасторы, дзе барацьбу за аўдыторыю вядуць дзясяткі тэлеканалаў, радыёстанцый, газет і часопісаў. “Інфармаваць і выхоўваць – з гэтай функцыяй “Народная трыбуна” паспяхова спраўляецца”, – мяркуе галоўны рэдактар тэлебачання тэлерадыёкампаніі “Брэст” Ірына Балабановіч. Галоўныя рэдактары газет – абласной “Заря” Аляксандр Іваноў, рэгіянальнай “Вечерний Брест” Уладзімір Шпарло, гарадской “Брэсцкі веснік” Марына Лазарчук, раённай “Заря над Бугом” Ігар Гетман – сышліся на думцы, што хоць узрост у газеты юны, але надзвычай цікавы для творчасці. “Народная трыбуна” знайшла сваё месца ў інфармацыйнай прасторы нашага рэгіёна, у яе атрымліваецца захоўваць чысціню беларускай мовы, яна заахвочвае людзей ведаць сваю гісторыю, пазнаваць родны край і нацыянальную спадчыну. А прой-дзены шлях даўжынёй у 20 год – гэта набытак, які будзе служыць новым дасягненням.
Прагучала нямала слушных прапаноў: пра тыраж, перыядычнасць выхаду, павелічэнне аб’ёму, стварэнне новых творчых праектаў… Былі і прыемна хвалюючыя моманты, калі супрацоўнікам газеты ўручалі ўзнагароды, кветкі, падарункі. Сяброўская атмасфера, якой рэдакцыя даражыць у зносінах з чытачамі, усталявалася і на пасяджэнні “круг-лага стала”. Яна, мы верым у гэта, застанецца з калектывам, які гатовы ісці са сваёй аўдыторыяй у заўтрашні дзень, дзе будуць новыя планы, новыя знаходкі, малыя і вялікія адкрыцці, дзе абавязкова будзе творчасць.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.