Нашы лялечнікі – трыумфатары Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Празе
Гран-пры плюс тры прызы
Своеасаблівы сусветны рэкорд паставіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Брэсцкі тэатр лялек. Ён – адзіны тэатр, які тройчы дамогся самай ганаровай узнагароды штогадовага Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Празе (Чэхія) – Гран-пры. Сёлета наш тэатр быў ушанаваны за спектакль “Халстамер” паводле Л. Талстога. Прычым разам з Гран-пры берасцейскія лялечнікі атрымалі яшчэ тры ганаровыя прызы: за лепшую рэжысуру, за лепшую сцэнаграфію і лялькі, а таксама за лепшае музычнае афармленне спектакля.
Мастацкі кіраўнік і дырэктар тэатра Міхаіл Шавель заўважыў: “Некаторыя тэатральныя калектывы не маюць столькі прызоў за ўсю сваю гісторыю, колькі нам удалося заваяваць гэтым разам на чэшскім фестывалі”. І ў яго словах не проста пахвальба і прыемныя пачуцці ад паездкі на знакамітую міжнародную тэатральную імпрэзу, а непрыхаваны гонар за майстэрства берасцейскіх лялечнікаў, іх прафесіяналізм і жаданне дасягаць найвышэйшых мастацкіх вяршынь.
Ігар ФЕДАРОВІЧ,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.