Старшыня Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір МАЦУКА: “Узнагарода абавязвае…”
За стабільную вытворчасць зерня, высокі ўзровень тэхналогій і высокую эфектыўнасць сельгасвытворчасці сёння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыць узнагароду пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на жніве, у тым ліку і Брэсцкаму раёну. Напярэдадні ад’езду на свята-фестываль працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011” у Маладзечна ацэнку зробленаму даў кіраўнік Брэсцкага райвыканкама Уладзімір МАЦУКА:
– Мы сабралі (з крупянымі культурамі) больш за 70 тысяч тон зерня. Да ўзроўню мінулага года маем плюс 84 тоны, але сёлета гектараў было на 1200 менш. У нашы планы ўмяшалася надвор’е. Спачатку загінулі азімыя – давялося вясной 1141 гектар перасеяць. Потым з-за летняй спёкі страцілі 1300 гектараў. Але, нягледзячы на гэта, атрымалі па раёне ўраджайнасць 38,9 цэнтнера з гектара. Хоць гэтыя паказчыкі вывелі нас на першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве, вынікам я не зусім задаволены. Магло быць больш, ды і трэба больш – каб забяспечыць свае патрэбы, каб пакрыць затраты, каб мець на продаж. Відавочна, што ёсць над чым працаваць.
Безумоўна, сёння ўзровень сельгасвытворчасці не параўнаць з тым, які быў у 1974 годзе, калі мне давялося пачынаць сваю працоўную кар’еру галоўным інжынерам у адной з гаспадарак Кобрыншчыны. Тэхніка тагачасная бясконца ламалася, ураджайнасць была нізкай, хоць працавалі і ў выхадныя, і ў святы. Цяпер жа мы гаворым аб кардынальным тэхнічным пераўзбраенні. Энерганасычаная, высокаэфектыўная тэхніка дазваляе выконваць на самым высокім узроўні ўсе тэхналагічныя аперацыі і працаваць на зямлі якасна. За мінулую пяцігодку ў сельскую гаспадарку раёна ўкладзена 1300 мільярдаў рублёў інвестыцый. На сёлетнім жніве працавалі 111 камбайнаў, з іх 80 працэнтаў – новыя машыны, якія эксплуатуюцца ўсяго 2-3 гады. Было 8 сямейных экіпажаў, з іх 5 намалацілі больш чым па 1000 тон збожжа. З 12 маладзёжных экіпажаў тысячнікамі сталі тры, два з іх у Маладзечна атрымаюць узнагароды рэспубліканскага спаборніцтва. Сярод вопытных камбайнераў яшчэ 11 перасягнулі тысячны намалот.
Камбайнер, несумненна, на жніве фігура важная, але на ўраджай хлебнага поля працуе столькі людзей! Арганіку ўносяць, аруць, сеюць, даглядаюць палеткі, адвозяць зерне з поля, даводзяць яго да ладу на КЗСах. Дарэчы, зернесушыльную гаспадарку ў Прыбужжы таксама істотна мадэрнізавалі. Па спецыяльнай праграме будуем новыя комплексы і на наступны год запланавалі – у СВК “Чарнаўчыцы” і ААТ “Агра-сад “Рассвет”.
Вялікае значэнне маюць не толькі вытворчыя паказчыкі, але і эканамічная эфектыўнасць сельгасвытворчасці. У нас усе гаспадаркі рэнтабельныя, расце прадукцыйнасць працы. Каб былі вынікі годныя, на зямлі трэба працаваць, працаваць і працаваць. Чым больш увагі ёй аддаеш, тым лепшы вынік. Яна, калі возьме поўнасцю, дык і не адпусціць чалавека, калі адносіны гэтыя сапраўдныя. Калі ж толькі прабегчыся па зямлі паражняком, дык такія “летуны” не затрымліваюцца ў сельскай гаспадарцы. У нашым раёне на вёсцы шмат выдатных працаўнікоў, якіх без прыхарошвання можна назваць Хлебаробамі з вялікай літары. Не без задавальнення гавару: кадры моцныя, адукаваныя і працавітыя. Яны такія самаўпэўненыя, настойлівыя, што з імі недзе бывае і нялёгка, але тым не менш нашы кадры ведаюць, чаго хочуць, што трэба дасягнуць. І дабіваюцца гэтага! На слыху не толькі ў раёне, але і за межамі вобласці многія сельгаспрадпрыемствы: ААТ “Камароўка” (дырэктар Васіль Пракаповіч), СВК “Астрамечава” (старшыня Аляксей Скакун), ААТ “Агра-сад “Рассвет” (дырэктар Васіль Жэлянгоўскі), КСУП “СЦГ “Заходні” (дырэктар Аляксандр Біч), надзеі падае ААТ “За мір” (дырэктар Павел Новікаў). Аграномы гэтых гаспадарак – Сяргей Чарапко, Алег Бурак, Алена Крысюк, Святлана Суцько, Ірына Качэвіч – спецыялісты высокай кваліфікацыі. Яны дасканала валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, выкарыстоўваюць новыя гатункі зерневых культур, сочаць за якаснай падрыхтоўкай глебы, вытрымліваюць аптымальныя тэрміны для правядзення ўсіх сельскагаспадарчых кампаній.
Заўважыў заканамернасць: дзе працуе выдатны аграном, там і галоўны інжынер на ўзроўні. Не магу не сказаць добрыя словы ў адрас інжынернай службы і, у прыватнасці, Віктара Дулеўскага, Канстанціна Башчука, Аляксандра Хоміча, Андрэя Буйкевіча.
Дзяржава шмат укладае ў вёску. Калі прайшло аднаўленне, дык у лю-дзей з’явіліся і жаданне працаваць яшчэ лепш, і запал спаборніцтва, і дух здаровай канкурэнцыі. Па традыцыі на раённым свяце да Дня работнікаў аграпрамысловага комплексу ўшануем нашых перадавікоў. Але ўрачыстасці наперадзе, а пакуль працягваем работы на палетках. Заканчваем сяўбу азімых, у сярэднім бяром амаль 100 цэнтнераў з гектара кукурузы, бульбы – больш за 300. Таксама будуем камбікормавы завод, прадаўжаем рэканструяваць фермы, агароднінасховішчы. Падцягваем да сучаснага ўзроўню сацыяльную сферу: вядзём газіфікацыю населеных пунктаў, асфальтуем дарогі… Да добрага мы хутка прывыкаем, але нельга забываць, што было раней, што робіцца цяпер. Разам з тым, трэба навучыцца працаваць эканомна, скарачаючы затраты. Хочаш сучасных умоў – дык адпавядай сучасным патрабаванням.
Брэсцкі раён не першы раз на рэспубліканскіх “Дажынках” называецца пераможцам. Але ўпершыню заваяваць тытул куды лягчэй, чым утрымаць яго і пацвердзіць зноў. Ганаруся тым, што працаўнікам сяла Прыбужжа і сёлета гэта ўдалося. Адпачываць на лаўрах не збіраемся, бо матухне-зямельцы клопат патрэбны пастаянна, а любая ўзнагарода абавязвае. Найперш – да большай руплівасці.
Запісала Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.