ВЯСЕЛЛЕ БЕЗ ПЯРСЦЁНКАЎ

ВЯСЕЛЛЕ БЕЗ ПЯРСЦЁНКАЎ

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

7 мая Вольга Яўгенаўна і Барыс Андрэевіч Панамарэнкі з Брэста адзначылі залаты юбілей сумеснага жыцця
Гасцей, якія прыехалі ў Грамадзянскі дом абрадаў на набярэжную Мухаўца, было нямнога. Толькі самыя блізкія і родныя людзі юбіляраў. Дзве дачкі (сын чакаў гасцей дома), унучкі, зяць, даўнія сябры ды старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Брэстгазаапарат” Зоя Абрамук. Тым не менш усё праходзіла ўрачыста і хвалююча. Зусім не так, як у маі 1961 года, калі Вольга Семянюк і Барыс Панамарэнка, нікому не гаворачы, зарэгістравалі свой шлюб. Тады ўсё было проста і па-будзённаму: ні беласнежнай сукенкі ў нявесты, ні ганаровых сведкаў, ні шампанскага. Маладыя ўдваіх прыйшлі ў ЗАГС, распісаліся, і кожны адправіўся да сябе дахаты. Толькі праз тыдзень наваяўлены муж паведаміў сваім бацькам, што ў яго ёсць жонка.
– Маці ад такой навіны страціла прытомнасць, – ні то жартам, ні то ўсур’ёз расказваў Барыс Андрэевіч. –
А бацька, як сапраўдны мужчына, скамандаваў: ідзі за шампанскім і паказвай сваю жонку.
Так паўвека таму ў горадзе над Бугам нарадзілася сям’я Панамарэнкаў. Жыць на першым часе маладажоны сталі ў бацькоў мужа.
Семенюкі, як і Панамарэнкі, не карэнныя брастаўчане. Абедзве сям’і пераехалі ў абласны цэнтр з Украіны ў 1947 годзе. Барыс вучыўся ў СШ №12 г. Брэста. Гэтую ж школу закончыла і Вольга. Але не ў школьныя гады нарадзілася сімпатыя паміж маладымі людзьмі. Тут яны не былі нават блізка знаёмыя. І пэўны час пасля завяршэння вучобы ў школе кожны па жыцці ішоў сваім шляхам: дзяўчына працавала ў лабараторыі рамонтна-механічнага завода (цяпер – газавай апаратуры), а хлопец паступіў у Калінінградскае вышэйшае пагранічнае каманднае вучылішча. На момант яго заканчэння ў арміі пачалося скарачэнне кадраў, і Барыс у хуткім часе вярнуўся ў горад над Бугам.
На работу ўладкаваўся на завод газавай апаратуры. Гэтаму прадпрыемству аддаў 40 гадоў жыцця. Пачынаў столярам, пасля стаў шліфоўшчыкам – сапраўдным майстрам сваёй справы. Пра гэта гавораць шматлікія ўзнагароды, галоўная сярод якіх – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. За ўдарную працу быў занесены на Дошку гонару Міністэрства нафтавай і газавай прамысловасці СССР.
Але не толькі работай жыве гэты сціплы чалавек. Ён – майстар спорту па гарадках. Другое яго захапленне – музыка. Яшчэ падчас вучобы ў вучылішчы Барыс Панамарэнка самастойна навучыўся іграць на фартэпіяна, а ў Брэсце і акардэон асвоіў. Любоў да музыкі прывяла яго ў мастацкую сама-дзейнасць завода. Удзельніцай яе на той час была і Вольга Семянюк. Там яны пазнаёміліся. Аднойчы пасля рэпетыцыі хлопец прапанаваў дзяўчыне разам пагуляць па гора-дзе. Прагулка тая і стала пачаткам пачуццяў, якія выліліся ў жаданне стаць сям’ёй…
Сваю першую кватэру Панамарэнкі атрымалі ў 1967 годзе, калі ў іх ужо была дачка Алена. А праз чатыры гады ў сям’і з’явіліся двайняты Аксана і Андрэй.
– Столькі гадоў праляцела, – узрушана паўтарала Вольга Яўгенаўна перад пачаткам урачыстай рэгістрацыі залатога шлюбу, прыціскаючы да грудзей букецік белых руж. – Столькі гадоў…
Жанчына хвалявалася. Справіцца з эмоцыямі матулі дапамагалі дочкі, якія былі ганаровымі сведкамі на залатым вяселлі самых родных і блізкіх людзей. Бо хто, як ні дзеці, галоўныя сведкі паўвекавога бацькоўскага шчасця?! Менавіта Алена з Аксанай і засведчылі гэта сваімі подпісамі ў кнізе рэгістрацый. І ручнік вясельны паслалі перад маладажонамі. Разам з бацькамі былі шчаслівыя і яны. З братам дзяўчаты гадаваліся ў атмасферы любві, узаемаразумення і павагі. Ніколі не забудуць яны сваіх дзён нараджэння, якія ладзілі для іх бацькі. Бо гэта было не застолле для дарослых родзічаў і знаёмых, а сапраўднае свята для дзяцей, іх сяброў, аднакласнікаў. Ды і не толькі дні нараджэння засталіся ў памяці…
Дзяцей Панамарэнкі выгадавалі годнымі людзьмі. Старэйшая дачка пасля заканчэння тэхналагічнага тэхнікума знайшла сябе на камбінаце надомнай працы, там жа –
і ўнучка Юля. Муж Алены, як і малодшая дачка са сваёй палавінкай, працуюць на ААТ “Брэстгазаапарат”. Дарэчы, Аксана, як і маці, таксама нарадзіла двайнят. Андрэй працуе ў ЖРЭУ страхаром. У яго таксама двое дзяцей.
…Усё на гэтым вяселлі было шчымлівым. І ўручэнне пасведчання аб рэгістрацыі залатога шлюбу, і “горка” пад звон бакалаў з іскрыстым шампанскім, і залатое танга для віноўнікаў урачыстасці, і кветкі, і слёзы радасці за бацькоў, якія міжволі з’явіліся на вачах дзяцей. Не было толькі, як і 50 гадоў таму, заручальных пярсцёнкаў. Залатыя юбіляры не захацелі імі абменьвацца, бо за паўвека сумеснага жыцця ўпэўніліся: не ў пярсцёнках шчасце. Яго куюць двое людзей, якія не толькі ідуць, але і глядзяць у адным кірунку…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Брэст.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“ЗАБАВА” ДЛЯ СВЯТА

Следующая запись

НЕ РВІЦЕ БАЛЬЗАМ