Медыкі перакананы: псіхічнае здароўе фарміруе якасць жыцця кожнага чалавека
Медыкі перакананы: псіхічнае здароўе фарміруе якасць жыцця кожнага чалавека
Сусветны дзень псіхічнага здароўя, які адзначаўся на мінулым тыдні, стаў падставай зноў узгадаць аб праблемах далікатных, пра якія звычайна не прынята гаварыць услых. Меркаванне часоў СССР, што наведванне псіхіятра адназначна ставіць кляймо на чалавеку, яшчэ доўга не выкараніцца з падсвядомасці многіх. Але свет мяняецца, аразам з ім змяняюцца нашы адносіны да псіхічнага здароўя. Зараз яго разглядаюць як складальнік паўнавартаснага самаадчування чалавека, як патрэбу фізіялагічную, якую немагчыма адкінуць убок і ігнараваць.
Не браць у разлік тое, з якімі эмоцыямі чалавек жыве, вучыцца, ходзіць на работу, будуе зносіны з іншымі людзьмі, нельга. Ставіцца да гэтага легкадумна па меншай меры неразумна, бо распаўсюджанасць псіхічных расстройстваў у свеце даволі шырокая, але гэта не значыць, што ўвесь свет з’ехаў з глузду. Прынамсі, на прэс-канферэнцыі ў аддзеле грамадскага здароўя абласнога ЦГЭіГЗ намеснік галоўнага ўрача абласнога псіханеўралагічнага дыспансера Наталля Брыч-Палюховіч падкрэсліла: “Самае распаўсюджанае падманнае меркаванне: раз хворы псіхічна – значыць, вар’ят, небяспечны. Насамрэч, 80 працэнтаў псіхічных расстройстваў складаюць неўрастэнічныя станы. Вось толькі на праявы слабасці, хандру, нежаданне кантраляваць свае паводзіны людзі часцяком не звяртаюць увагі”.
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя самымі распаўсюджанымі псіхічнымі расстройствамі з’яўляюцца трывожны стан, расстройствы настрою, дэпрэсія, залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў. З усімі гэтымі непрыемнасцямі, на думку ўрача-псіхатэрапеўта Ігара Працкайлы, паспяхова можна справіцца. Даводзіць сябе да крайняй мяжы не трэба. Першым крокам можа стаць хоць бы званок на спецыяльны “тэлефон даверу” (экстранную псіхалагічную дапамогу вам акажуць па нумарах у Брэсце (80162) 20-15-55 і 40-62-26). З нядаўняга часу пачаў працаваць кругласутачны рэспубліканскі “тэлефон даверу” для падлеткаў, якія трапілі ў крызісную сітуацыю. Яго нумар – 880-11-00-16-11, званок бясплатны.
Актуальнасць набывае праблема псіхічнага здароўя дзяцей. На гэта звярнула ўвагу пазаштатны дзіцячы псіхіятр упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Таццяна Краўчук. Расце давер да псіхалагічнай службы ў школах, бацькі цікавяцца рознымі аспектамі псіхічнага здароўя дзяцей, але гэта толькі першыя крокі. Неабходна, каб бацькі былі перакананы: чым раней спецыялісты высветляць праблему, тым хутчэй можна будзе скарэкціраваць паводзіны дзіцяці, умацаваць яго псіхічнае здароўе, а значыць, забяспечыць камфортнае эмацыянальнае ўспрыманне свету – і сябе ў жыцці, і ў больш сталым узросце. Як мяркуюць спецыялісты, асабліва падлеткам сёння не хапае правільных навыкаў паводзін. На дапамогу дзецям мог бы прыйсці спецыяльны курс “Псіхагігіена і псіхапрафілактыка”, бо валодаць сабой таксама трэба ўмець.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.