Зіма і лета… круглы год

Зіма і лета… круглы год

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Дзеці і дарослыя ў Івацэвічах захапіліся хакеем і катаннем на каньках, а хутка пачнуць асвойваць водныя віды спорту

У рэшце рэшт зіма парадавала нас снегам і мінусам на тэрмометры. Аднак кліматычныя метамарфозы падштурхоўваюць задумацца аб тым, што гэта не надоўга. Пакуль людзі старэйшага ўзросту ўспамінаюць ранейшыя завірухі, гурбы ў чалавечы рост, неверагодныя маразы і забавы на рачным лёдзе, сучасная моладзь і дзеці прызвычайваюцца да новых умоў. Адчуць дух зімы і пабываць у лядовай казцы сёння рэальна для многіх жыхароў Брэстчыны.
Дзесяць год таму першая ў рэгіёне  Лядовая арэна з’явілася ў Брэсце. Затым  крытыя лядовыя збудаванні прынялі наведвальнікаў у Баранавічах, Бярозе, Кобрыне, Пінску, Пружанах, Лунінцы. Восьмым горадам у гэтым спісе сталі Івацэвічы.
У лістападзе 2011 года пачаў работу Лядовы палац у Заходнім мікрараёне Івацэвіч. На новым спартыўным аб’екце абсталяваны раздзявальні, душавыя, кабінеты для персаналу, тэхнічныя памяшканні, буфет. Трыбуны ўмяшчаюць 790 месцаў. Разам з новай спартыўнай пляцоўкай у райцэнтры з’явілася збудаванне для правядзення канцэртна-відовішчных мерапрыемстваў. Івацэвіцкая Лядовая арэна з’яўляецца сястрой-блізняткай пружанскай. Яна пабудавана па такім жа праекце.
Вядома ж, з адкрыццём арэны тут павінна з’явіцца хакейная каманда. Ужо набраны шэсць груп будучых зорак вялікага спорту. 60 юнакоў трэніруюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. У будучым, акрамя хакея, плануецца развіваць і фігурнае катанне. Але для гэтага неабходна не проста запрасіць трэнераў на работу, але і стварыць дастойныя ўмовы для іх жыцця. Як гаворыцца, не ўсё адразу.
–  Лядовы палац – доўгачаканы аб’ект у Івацэвічах, – зазначыў дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Юрый Бурвін. – З першых дзён няма адбою ад наведвальнікаў. Прычым на масавае катанне прыходзяць і моладзь, і дзеці, і тыя, каму за… Бавіць час у Лядовым не толькі карысна і цікава, але і даступна. Цэны сімвалічныя.
Усе, з кім даводзілася сустракацца, ахвотна дзяліліся ўражаннямі ад  наведвання Лядовага. Аказалася, што і ў горадзе, і ў раёне шмат прыхільнікаў зімовых відаў спорту, якімі займаюцца нават цэлыя сем’і.
А ў тым, што такі аб’ект, сапраўды, неабходны на Івацэвіччыне, самыя ўпартыя скептыкі могуць пераканацца, прыйшоўшы сюды. Паверце: лёд не прастойвае, а падчас масавага катання яблыку няма дзе ўпасці.
Прыходзяць сюды і проста паглядзець на лядовае шоу. Нядаўна аншлаг быў на таварыскім матчы мясцовых аматараў спорту мужных і каманды Слоніма. Гаспадары выйгралі, і гэта было вялікім святам для гараджан. Па словах Юрыя Бурвіна, ёсць задумка праводзіць у Івацэвічах спаборніцтвы для аматарскіх каманд з суседніх раёнаў. Такі Калядны турнір стане паслядоўнікам аналагічнага мерапрыемства, што арганізаваў Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
А вось утаймаваць водную стыхію змогуць у Івацэвічах пасля адкрыцця плавальнага басейна. Дзве чашы (адна – для заняткаў плаваннем, другая – для масавага наведвання) размясціліся ў сучасным будынку. Басейн пабудаваны па тым жа праекце, што і комплекс у Тамашоўцы Брэсцкага раёна, а гэты спарткомплекс вядомы сваімі магчымасцямі не толькі на Брэстчыне.
У спартыўную школу на плаванне ўжо запісаліся больш за сто дзяцей. На думку адміністрацыі, плаванне будзе таксама папулярным, як і наведванне Лядовага палаца. Створаны спартыўны комплекс разлічаны на развіццё масавага спорту і заняткі фізічнай культурай, а гэта значыць – на аздараўленне нацыі. Хіба не самая ўдалая інвестыцыя?
Афіцыйнае адкрыццё івацэвіцкіх спартыўных аб’ектаў запланавана правесці на наступным тыдні, аднак ужо цяпер зразумела, што яны неабходныя людзям. Побач разрастаецца будаўніцтва жылля і развіваецца інфраструктура.
Застаецца дадаць адно: калі матухна-прырода не адумаецца, дык злавіць зімовы настрой можна будзе толькі ў нашых лядовых палацах. Што ж, адрасы вядомыя!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Івацэвічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Гатуем заліўное

Следующая запись

Раман Праскоўі Раманаўны