Беларусь

Раман Праскоўі Раманаўны


З 50-гадовай гісторыі Брэсцкай студыі тэлебачання 19 з’яўляюцца асабістай гісторыяй журналісткі Якіменкі

Паляшучка Праскоўя Гананайка была цікаўнай дзяўчынкай. У глыбінцы Столінскага раёна – вёсцы Талмачава – рабіла яна свае першыя адкрыцці. Назірала, як рупіцца бацька Раман Ільіч – слынны ў наваколлі сталяр: зробленыя ім вокны і дзверы да гэтага часу служаць людзям. Дзівілася маці Кацярыне Якаўлеўне, якая працавала паляводам і песціла сваёй любоўю шасцярых дзяцей. У Кароціцкую сярэднюю школу пешшу дабіралася за тры кіламетры – колькі цікавага ўбачыла на той дарозе Праскоўя! Самымі рознымі сваімі назіраннямі дзялілася з чытачамі раённай газеты “Навіны Палесся”. Таму нікога не здзівіў выбар дзяўчыны – паступіла на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. На першым курсе перавялася на завочнае аддзяленне і сакрэты прафесіі вывучала ўжо на практыцы, у суседняй Гомельскай вобласці: спачатку – у “раёнцы” ў Жыткавічах, потым – у Хойніках, дзе ў дадатак вяла праграму мясцовага радыё.
Стаўшы па мужу Якіменка, Праскоўя, напэўна, так і працавала ў газеце, калі б не чарнобыльская катастрофа. Праз пэўны час урачы выдалі ёй даведку: па медыцынскіх паказаннях неабходна пераехаць у іншы рэгіён.
У пошуках работы ў 1993 годзе Праскоўя Якіменка прыйшла ў Брэсцкую тэлерадыёкампанію з надзеяй, што яе возьмуць на радыё. У кабінеце тагачаснага кіраўніка арганізацыі гутарку з прэтэндэнткай вялі трое: сам Юрый Мікалаевіч Сацінаў, галоўны рэдактар тэлебачання Анатоль Паўлавіч Гарай і галоўны рэжысёр тэлестудыі Павел Дзмітрыевіч Бекіш. Сёння Праскоўя Раманаўна не ўзгадае, ці то выпадкова тэлевізійныя босы зайшлі да генеральнага, ці то Юрый Мікалаевіч паклікаў Гарая і Бекіша спецыяльна. Як бы там ні было, але гэтая тройка, уважліва вывучыўшы паслужны спіс Якіменкі, ухваліўшы тое, што добра валодае беларускай мовай, прапанавала месца работы на тэлебачанні. Якраз патрэбен быў журналіст у сельгасаддзел, а Праскоўя-газетчыца спецыялізавалася па тэме сельскай гаспадаркі. Хоць і страшнавата было (мікрафон у радыёстудыі і мікрафон у тэлестудыі – рэчы розныя), але перамаглі прыродная цікаўнасць да новага і прага адкрыццяў. Трапіўшы ў тэлеэфір, Праскоўя Раманаўна застаецца ў ім і па сённяшні дзень.
– Я не застала тых, хто пачынаў абласное тэлебачанне. Са слоў калег ведала пра першага дырэктара тэлестудыі Марата Індзюкова, які прыехаў у Брэст з Мінска, яго пераемнікаў – Вольгу Панкову, Уладзіміра Хоміча, – расказвае Праскоўя Раманаўна. – Сярод першапраходцаў студыі былі Міхась Рудкоўскі, Сямён Буяшоў, Аркадзь Барысюк… На студыі, якое прозвішча ні ўзгадай, цэлую гісторыю расказаць можна! Рытуля – так называлі Рыету Анатольеўну Хліманкову – прыйшла на пробы дыктараў, села ў кадр і ў той жа дзень выйшла ў эфір. Яе клікалі на Цэнтральнае тэлебачанне, а яна засталася адданай брэсцкай студыі. А ў інфармацыйнай службе навін якія энтузіясты працавалі: Уладзімір Александровіч, Інга Вольская, Леанід Лявонцьеў, Лілія Драгачынская!
Студыя ганарылася сваімі рэжысёрамі Нінай Марозавай, Кларай Глушчанка, Анатолем Маліноўскім, Віктарам Нячэхіным, Таісіяй Смірновай. А як дапамагалі журналістам аператары Іосіф Пранько, Мікалай Барценеў, Міхаіл Дудко, Вячаслаў Машуцін, Пётр Лаўрусік, Уладзімір Шыбуня… Незабыўны след у тэлеэфіры пакідаюць ужо дзясяткі год паэт Мікола Пракаповіч, рэдактары Наталля Макарэвіч, Юрый Печур… Ды што там казаць, на тэлебачанні ў Брэсце заўсёды працавалі творчыя людзі, адданыя сваёй справе, а таму і вучыцца ў іх было лёгка.
Цяпер і ў самой Праскоўі Раманаўны вучацца, бо яе працоўны стаж даўно ўжо ператварыўся ў каштоўны творчы капітал. Яна – заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат міжнародных тэлевізійных конкурсаў “Браціна”, “Аграсвет”, “Украіна адзіная”, па выніках 2010-га стала “Чалавекам года” Брэстчыны. Праграма “Зямля і людзі”, якую стварае і вядзе Праскоўя Якіменка, цікавая і вяскоўцам, і гараджанам, бо журналістка так шчыра і пранікнёна гаворыць пра сваіх герояў, паказвае іх, што глядач міжволі становіцца саўдзельнікам праграмы. Тэмы ёй падказвае само жыццё – з кожнай камандзіроўкі Праскоўя Раманаўна прывозіць ідэі новых выпускаў.
– Не перастаю здзіўляцца людзям, іх глыбокай мудрасці, – расказвае яна. – Мне вельмі падабаецца займацца тэлежурналістыкай, бо гэта, насамрэч, жыццёвая школа. Такія знаёмствы дапамагаюць духоўна расці. Сутнасць не ў тым, якія вехі гістарычныя, а ў мэтах – для чаго ты жывеш.
Журналістка не хавае захаплення: ёй пашчасціла пазнаёміцца з цэлай плеядай слынных не толькі на Берасцейшчыне гаспадароў. Незабыўныя ўражанні пакінулі Героі Сацыялістычнай Працы Уладзімір Ралько, Уладзімір Бядуля, Яўген Кудзінаў. Па прызнанні Праскоўі Раманаўны, у яе выклікаюць захапленне Міхаіл Страпко з ААТ “Відамлянскае”, Юрый Мароз з “Белавежскага”, Аляксандр Саўчыц з “Савушкіна прадукта”, фермер са Століншчыны Аляксей Копец, прадпрымальніца з Целяхан Святлана Стральчук, дырэктар Палескага лясгаса Аляксей Марыніч… Яна памятае не толькі прозвішчы, але і эмоцыі сваіх герояў, і асабістыя перажыванні.
– Кантакт хутка ўстанаўліваецца на ўзаемным інтарэсе, – дзеліцца прафесіянальнымі сакрэтамі Праскоўя Раманаўна. – З некім трэба больш часу, з кімсьці менш, каб выйсці на даверлівы ўзровень размовы. Не саромеюся быць вучаніцай: пытацца, унікаць у дробязі. Запомнілася ў Экзюперы з “Маленькага прынца”: “у пустыні хаваюцца крынічкі, і тым яна адметная”. Так і ў зносінах перад тэлекамерай. Трэба ў чалавеку “намацаць”, знайсці яго крынічку. Таму важна быць не толькі кампетэнтным. Цэніцца шчырасць журналісцкай цікаўнасці. Чым яна глыбейшая – тым вышэй планка даверу і герояў праграм, і тэлегледачоў. А даверам трэба даражыць, каб сустракацца з табой мелі жаданне яшчэ і яшчэ.
Нават чытаючы закадравы тэкст, Праскоўя Раманаўна адчувае гледача. Каб ёй паверылі, уяўляе каго-небудзь, хто адносіцца да яе добра. Такой методыцы яе некалі вучылі старэйшыя калегі. У камандзіроўкі Якіменка любіць ездзіць у глыбінку, дзе, па яе словах, заўсёды знаходзіць скарб меркаванняў, ідэй, дзе праўда жыцця ярчэйшая. А па-за эфірам яна любячая маці і бабуля. Калі хоча адпачыць, бярэ ў рукі кнігу. Калі хоча падзяліцца сваім добрым настроем, ідзе ў госці да сяброў. Калі засумуе, ногі самі нясуць на студыю.
У людзях Праскоўя Раманаўна цэніць адказнасць. Яшчэ большую патрабавальнасць праяўляе да сябе.
– А стымул мне патрэбны для далейшага развіцця як асобы, прафесіянала і проста грамадзяніна планеты людзей. Жыццё дае столькі дзіўных шансаў і магчымасцей… Хачу паўней спасцігнуць гэтую гармонію, – прызнаецца тэлежурналістка Якіменка.
“Мая правінцыя”, “Справы чалавечыя” – любімыя рубрыкі яе перадач. Бо ў іх – жыццё. А Праскоўя Раманаўна любіць жыццё, і як карэнная паляшучка яна ведае вартасць тых зярнятак, якія людзі яе зямлі сеюць па сваіх лёсах.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля