Беларусь

Ахоўніцы спакою


У спякоту і холад, у дождж і завіруху спяшаюцца страхавыя агенты прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне ў вялікія і маленькія населеныя пункты рэгіёна да сваіх кліентаў
“Набываючы страхоўку, чалавек купляе спакой”. Фразу гэтую не так даўно прачытала ў адным з буклетаў Белдзяржстраху. І хоць сама з’яўляюся кліентам буйнейшага страхаўшчыка краіны (ужо трэці год запар добраахвотна страхую апусцелы бацькоўскі дом у вёсцы), упершыню, бадай, задумалася аб тым, якую ўсё ж такі важную і патрэбную справу робяць яго супрацоўнікі. Яны прадаюць спакой. Не ведаю, як хто, а я, набыўшы страхоўку на дом, у якім нарадзілася і вырасла і які так многа значыць для мяне, перастала хвалявацца аб тым, што ён можа пацярпець ад моцнага ветру ці яшчэ якой навалы. Урон пры няшчасным выпадку будзе кампенсаваны, і я змагу пры жаданні адбудаваць яго.
На Пружаншчыне ахоўніцамі спакою грамадзян, якія могуць пацярпець ад няшчасных выпадкаў, называюць супрацоўніц прадстаўніцтва Белдзяржстраху па раёне. І ў першую чаргу – стра-хавых агентаў, бо менавіта яны – галоўныя людзі ў калектыве. 20 жанчын штодзень у летнюю спякоту, у зімовы холад і асенне-вясновае бездарожжа – дзе пешшу, дзе веласіпедам, а дзе і легкавым аўтамабілем прадстаўніцтва з вадзіцелем Мікалаем Давідзенка – дабіраюцца ў вялікія і маленькія населеныя пункты рэгіёна, каб своечасова заключыць з вяскоўцамі ці гараджанамі абавязковыя і добраахвотныя дагаворы страхавання.
– Наша работа вельмі складаная, бо яна звязана з канкрэтнымі людзьмі, – распачала размову пра дзейнасць аднаго з лепшых калектываў вобласці яго дырэктар Зоя Макарэвіч. – Калі з абавязковым страхаваннем праблем звычайна не бывае, дык угаварыць чалавека на добраахвотнае – справа даволі няпростая. Тут ужо нашым агентам даводзіцца пускаць у ход не толькі важкія аргументы аб тым, наколькі важна своечасова застрахаваць сябе ад няшчаснага выпадку ці маёмасць, але і сваю абаяльнасць, знаходзіць падыход да кожнага грамадзяніна.
Зоя Мікалаеўна, хоць сама і не была ніколі страхавым агентам, як ніхто іншы ведае: менавіта ад гэтых людзей залежыць выкананне заданняў і планаў. За 32 гады работы ў прадстаўніцтве на розных пасадах яна бачыла, як няпроста ім працаваць з кліентамі. Асабліва пры заключэнне дагавораў добраахвотнага страхавання, выручка ад якіх складае значную частку грашовых паступленняў. Таму, калі ў 1994 годзе ўзначаліла калектыў, у першую чаргу пачала набіраць страхавых агентаў, якіх на той час было толькі два.
Зараз на тэрыторыі раёна няма ўчасткаў, дзе б не было страхаўшчыкоў. Усе яны ветлівыя, старанныя і адказныя, з разуменнем ставяцца да выканання пастаўленых задач. І ў тым, што прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне зараз займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, заслуга страхавых агентаў, бадай, ці не галоўная. Як вопытных – Ніны Кузняцовай, Валянціны Драко, Галіны Ратнюк, Веры Супрун, Вольгі Пацярухі, Алены Казак, Людмілы Літвінчук, якія аддалі гэтай справе ад 8 да 15 гадоў, так і “маладзейшых” па працоўным стажы – Ірыны Густыр, Святланы Саўко, Веры Ляўковіч.
– Ніна Кузняцова і Валянціна Драко ў нас ходзяць у перадавіках і папераменна заносяцца на абласную Дошку гонару, – з душэўнай цеплынёй гаворыць Зоя Макарэвіч пра страхавых агентаў. – Яны пастаянна выконваюць заданні па колькасці заключаных дагавораў і па суме сабраных страхавых узносаў.
Разам з іншымі сваімі калегамі неаднойчы заахвочваліся і нашым прадстаўніцтвам.
Акрамя абслугоўвання грамадзян на замацаваных за імі ўчастках, страхавыя агенты па спецыяльным графіку дзяжураць яшчэ і ў прадстаўніцтве. Афармляюць дагаворы тым, хто сам прыходзіць сюды, каб застрахаваць сябе, маёмасць ці яшчэ нешта. У ліку апошняй навізны, якую прапануе сваім кліентам Белдзяржстрах, – страхаванне партатыўных сродкаў, пародзістых жывёл.
Спецыялісты, якіх у калектыве разам з дырэктарам 14 чалавек і ў пераважнай большасці – жанчыны, займаюцца абслугоўваннем дагавораў, правяраюць справаздачы страхавых агентаў, право-дзяць выплату страховак. Працоўная біяграфія многіх з іх пачыналася ў прадстаўніцтве. У начальніка аддзела страхавання Антаніны Мікулік, якая прыйшла сюды на работу пасля заканчэння фінансавага тэхнікума, дагэтуль у працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс. 23 гады ў прадстаўніцтве – вядучы эканаміст Ірына Валкавыцкая, 13 – галоўны бухгалтар Ірына Рапейка, 12 – вядучы спецыяліст, які абслугоўвае камп’ютарную тэхніку, Дзяніс Магілёў. Са страхавога агента ў вядучага спецыяліста вырасла ў калектыве Лідзія Зубко.
– Ці не цяжка працаваць кіраўніком ў калектыве, дзе пераважаюць жанчыны? – цікаўлюся ў дырэктара.
Зоя Мікалаеўна на хвілінку задумваецца, а пасля адказвае:
– Вядома ж, з мужчынамі прасцей. Яны не так абцяжараны хатнімі клопатамі і праблемамі, як жанчыны, на якіх і гаспадарка, і дзеці, а часам яшчэ і ўнукі. Але жанчына на тое і жанчына, каб усюды паспяваць, быць добразычлівай і ветлівай у любой сітуацыі. Мы працуем з кліентамі, таму заўсёды павінны быць у добрым настроі і ніколі не пераносіць свае праблемы на іншых. Хоць нашым агентам і спецыялістам таксама часам неабходны падтрымка і разуменне…
Я пераканалася: у асобе кіраўніка яны знаходзяць і першае, і другое. Супрацоўнікі ўдзячны Зоі Мікалаеўне за сумесныя будні і святы, за цёплыя словы, якія чуюць ад яе ў свой адрас у дні нараджэнняў і юбілеяў, за разуменне іх клопатаў і праблем. А яшчэ радуюцца цудоўнаму адміністрацыйнаму будынку, у які засяліліся ў 2008 годзе.
І хоць не яна асабіста яго будавала, прысутнасць дырэктара прадстаўніцтва адчуваецца тут паўсюдна. Мне расказалі, што Зоя Макарэвіч сама падбірала месца для ўзвядзення. І прыгожы двухпавярховы будынак арганічна ўпісаўся ў архітэктуру райцэнтра! А самае галоўнае – знаходзіцца ён на кальцы, побач – аўтобусны прыпынак, што зручна людзям.
– Калі будаўнікі расчысцілі кусты, якія тут раслі, у мяне было адчуванне, быццам я закладваю першую цагліну ўласнага дома, – з захапленнем успамінала той час Зоя Мікалаеўна. – А колькі было радасці, калі будаўніцтва завяршылася! Мы набывалі новую мэблю, расстаўлялі яе па кабінетах, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. У першы дзень работы ў новым “доме” (было гэта 20 кастрычніка), нават дыхалася па-іншаму. І наведвальнікаў адразу пабольшала, і аддача павялічылася.
Жанчына з такім захапленнем і запалам расказвала пра справы калектыву, што міжволі падумалася: з такім кіраўніком нельга не быць лепшымі. Дарэчы, летась прадстаўніцтвам Дзяржстраху па Пружанскім раёне было заключана 39116 дагавораў стра-хавання, што на 2480 дагавораў больш, чым у 2009 годзе (у тым ліку па добраахвотных відах плюс склаў 1088 дагавораў). Страхавой прэміі па ўсіх відах страхавання паступіла 3687,9 мільёна рублёў. 1593,6 мільёна з гэтай сумы прыпадае на добраахвотныя віды. Тэмпы росту паступленняў страхавых узносаў па ўсіх відах страхавання склалі 160, 2 працэнта, у тым ліку па добраахвотных відах – 133,7 працэнта. Прыведзеныя лічбы пераконваюць: людзі ўсё больш і больш давяраюць ахоўніцам свайго спакою.
– Але ж прадстаўніцтва займаецца не толькі заключэннем дагавораў і зборам страхавых узносаў? – удакладняю я.
– Так. Мы разам з работнікамі сельскіх Саветаў, прадстаўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выязджаем на месцы, каб ацаніць памеры ўрону, нанесенага стыхіяй. Рэгуліроўкай урону па грама-дзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў і “Аўтакаска” ў нас займаецца вядучы ацэншчык Яўген Серада. Калі застрахаваная маёмасць ці жыўнасць сапраўды пацярпелі пры няшчасным выпадку, праводзім выплаты, – тлумачыць дырэктар прадстаўніцтва. – Летась выплаты былі праведзены па 2291 дагаворы на суму 2229,3 мільёна рублёў. Па добраахвотных відах страхавання – 519,2 мільёна. Толькі сельгаспрадпрыемствам за гібель пасеваў выплацілі амаль 600 мільёнаў рублёў. У адной з вёсак раёна быў пажар, у выніку якога згарэла ўнутраная аддзелка дома і маёмасць. Гаспадарам выплачана каля 25 мільёнаў рублёў…
Зоя Мікалаеўна прывяла ўсяго некалькі прыкладаў, калі кліенты прадстаўніцтва атрымалі ад Белдзяржстраху кампенсацыю за нанесены ўрон. Хоць іх значна больш. І кожны дзень у прыгожы двухпавярховы будынак на кальцы ідуць людзі, каб аформіць страхоўку і атрымаць спакой. Нехта чакае ахоўніц свайго спакою дома. І яны абавязкова прыйдуць. А дырэктар прадстаўніцтва віншуе ўсіх сваіх супрацоўніц, жанчын-калег з іншых раёнаў, шматлікіх кліентак з першым вясновым святам: “Цёплага сонейка ўсім, дарагія сяброўкі, прыгажосці, моцнага здароўя, пяшчоты, цудоўнага настрою! Любіце і будзьце любімымі!”
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Пружаны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля