Белавушскі наватар
Сяргей Сень любіць сваю зямлю, працуе на ёй шчыра і аддана
КАРАНІ
Сяргей Сень – асоба даволі каларытная. Гэта стала зразумела амаль з першых мінут нашага знаёмства. Сяргей Мікалаевіч – чалавек, які любіць сваю родную зямлю, працуе на ёй аддана і шчыра ды пры гэтым стараецца максімальна выкарыстоўваць свой розум. Кожную справу першапачаткова вывучыць з усіх бакоў, узважыць і толькі тады пачынае рэалізоўваць.
Сяргей – карэнны жыхар Белавушы. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Брэсцкі навучальна-курсавы камбінат, дзе атрымаў спецыяльнасць фатографа. Пасля былі два гады службы ў войсках сувязі ў Архангельску, работа фотамайстрам у Столінскім камбінаце бытавога абслугоўвання, вяртанне ў родную вёску, дзе пачаў займацца вырошчваннем агародніны, яе рэалізацыяй і вывазам у Маскву.
Аднойчы знаёмы прапанаваў яму паступіць у Жыліцкі тэхнікум, каб атрымаць спецыяльнасць агранома. Сяргей паступіў. На сваім курсе быў старастам, вучыўся добра. Тэхнікум закончыў з чырвоным дыпломам, у якім значыцца: “Агранамія. Арганізацыя сялянскіх фермерскіх гаспадарак”. Пасля месяца работы загадчыкам фермы ў Магілёўскай вобласці зноў вярнуўся на сваю маленькую радзіму.
ТЭОРЫЯ ПЕРАМАГЛА НА ПРАКТЫЦЫ
Сям’ю стварыў, калі зразумеў, што самастойна зможа забяспечваць яе неабходным. А неабходнае давала зямля. Пасля атрымання агранамічнай адукацыі Сяргей шмат ведаў аб зямлі, аб вырошчванні розных культур. У 1998 годзе ён напалову з аднавяскоўцам узяў у арэнду тры гектары зямлі. Тады яны вырошчвалі капусту розных тэрмінаў даспявання. За раннюю капусту са сваіх 25-ці ён выручыў столькі ж грошай, колькі за бульбу з двух гектараў.
Стаў глыбей вывучаць тэхналогію вырошчвання капусты. Працаваць з гэтай культурай спадабалася. Пачаў арэндаваць зямлю разам з братам. Часта па дапамогу звяртаўся да цешчы. Тады і прапанаваў ёй увайсці ў долю. Працэнт ад сабранага і рэалізаванага ўраджаю дзялілі на часткі.
У справе задзейнічаны ўсе члены невялікай сям’і Сеняў: жонка Святлана, дванаццацігадовы Максім і васьмігадовы Арцём, а таксама маці і бацька Святланы, яе сястра і муж.
Сяргей першы ў Белавушы паспрабаваў вырошчваць капусту пад спандбондам. Перад пакупкай матэрыялу давялося шмат паспрачацца з роднымі, даказваць мэтазгоднасць затрат. І толькі пасля таго, як ураджай быў зняты на два тыдні раней (як гэта важна пры вырошчванні ранніх гатункаў!), яны зразумелі, што іх сямейны аграном меў рацыю.
– Тэорыя перамагла на практыцы, – каменціруе тую сітуацыю Сяргей.
У пошуках спандбонду (у той час дэфіцытнага тавару) Сяргей пазнаёміўся з прадстаўнікамі праекта “СОRЕ-Аgri”.
– Многія мае аднавяскоўцы глядзелі на праект як на магчымасць бясплатна атрымаць насенне, угнаенне. Я ж не прасіў нічога бяс-платна. Мне патрэбны былі сродкі ў крэдыт. Тады падлічыў, што на адзін гектар капусты трэба тысяча – паўтары долараў. Праз праграму ўзяў крэдыт. Напачатку невялікі. На наступны год павялічыў яго. Так пакрыху і пачаў развівацца, – расказвае аб этапах свайго станаўлення Сень.
СЁМАЕ ПАЧУЦЦЁ
Сяргей добра арыентуецца ў рыначных цэнах, прадчувае, калі і на колькі павінна падняцца (апусціцца) цана на прадукцыю. Напрыклад, летась многія з цяжкасцю здавалі капусту па тысячы рублёў за кілаграм, а ён на сваю ўстанавіў цану паўтары тысячы. Тавар у яго заўжды высокай якасці. І праз некаторы ўжо час за яго капустай стаяла чарга аптовых пакупнікоў. А Сяргей, дзякуючы свайму сёмаму пачуццю і пастаянным падлікам, змог атрымаць прыбытак.
Як аграном ён добра разумеў, што на адным надзеле не зможа доўга вырошчваць толькі капусту. Стаў шукаць новую культуру. Паспрабаваў заняцца цыбуляй. Два гады назад гэта былі 30 сотак. Пасадка, апрацоўка культуры вяліся ўручную. Было вельмі цяжка. Аднак падлічыў, прыкінуў. Выгадна вырошчваць і моркву – толькі з ёй яшчэ больш работы.
НАВАТАР
Палескі менталітэт і наватарскія ідэі пераканалі Сяргея зноў узяцца за цыбулю. У мінулым годзе пры яе вырошчванні ён упершыню прымяняў кропельны паліў у адкрытым грунце. А сама стужка паліву знаходзіцца пад зямлёю.
Сяргей разам са сваёй камандай сканструяваў агрэгат з дзвюх сеялак, які адразу сее цыбулю і прыкопвае палівачныя стужкі.
Дарэчы, у прадпрымальнага чалавека шмат тэхнікі, якую даводзіць да дасканаласці самастойна. Купіў трактар з неабходнымі для апрацоўкі зямлі прыстасаваннямі. Мае міні-трактар з поўным наборам агрэгатаў. Тэхніку набывае разам са сваякамі. Зараз у гаспадарцы Сеня працуе тры сям’і. Яны разам вырошчваюць прадукцыю і рэалізуюць яе. Сяргей тут за галоўнага. Ён і аграном, і эканаміст, і кіраўнік. Вядзе запіс усіх расходаў і затрат, даходаў. Бухгалтэрыяй займаецца жонка.
На працягу станаўлення асабістай падсобнай гаспадаркі Сеня былі ўсялякія спосабы кааперавання з аднавяскоўцамі, фермерамі, роднымі. Разам бралі ў арэнду зямлю, разам займаліся ўраджаем. Былі спробы вырошчваць іншыя культуры. Летась Сяргей заключыў дагавор на вытворчасць 15 тон кропу. Здаў 10 тон, бо надвор’е падвяло.
– Фермерам працаваць лягчэй. З задавальненнем перайшоў бы з катэгорыі “асабістая падсобная гаспадарка” ў катэгорыю “фермер”. Толькі вось зямлі б мне дзе-небудзь недалёка ўзяць, – разважае Сяргей.
У сельскай гаспадарцы бывае ўсякае. Тым больш, калі не ведаеш, на якіх землях садзіш, што за хваробы там могуць быць. Пасеяў расаду капусты, а там – кіла. Нават не стаў пачынаць справу…
БЕЗ ПРАБЛЕМ
Пытаю аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца чалавеку, які працуе на зямлі для забеспячэння сябе неабходным.
– Ды ніякіх праблем. Я не з той катэгорыі людзей, якія скардзяцца, што ім не дапамагаюць. Ва ўсім павінна быць здаровая канкурэнцыя. Каму скардзіцца, што не пайшла ў мяне капуста? Задыскаваў яе – і далей працую, – чую ў адказ.
Калі ўзнікаюць пэўныя цяжкасці з матэрыялам, угнаеннямі, хімічнымі прэпаратамі, Сяргей Мікалаевіч тэлефануе ў мясцовы фонд “Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна”. “Хлопцы, дапамагайце”, – выраз, які часта чуюць ад яго спецыялісты фонду. І дапамагаюць інфармацыяй. Дарэчы, Сяргей з’яўляецца адным з некалькіх гаспадароў падсобных гаспадарак, якія сталі заснавальнікамі Цэнтра.
ПРАЦА З ВЯСКОЎЦАМІ
Сяргей з ахвотай дапамагае аднавяскоўцам. У яго ёсць бульбакапалка, якасць работы якой даволі высокая. Хоць і кошт крыху большы, чым звычайна, але вяскоўцы ўжо на яскравых прыкладах пераканаліся: лепей заплаціць больш, чым пакінуць частку ўраджаю ў зямлі ці дакопваць яго ўручную.
Іншым часам ён дае парады па агранаміі знаёмым. Аднак заўжды з асцярогай: трэба ведаць, каму раіць, бо можна застацца і вінаватым, хаця былі толькі самыя добрыя намеры. Дае парады тым, хто дапамагае і яму нейкім чынам. А калі чалавек патрабуе кансультацыю, дапамогу толькі ў адзін бок “ты – мне”, то гэта ўжо не справа. Абавязкова павінна прысутнічаць “і я – табе”.
– Праблема нашых людзей у тым, што яны не гатовы плаціць за інфармацыю. Хаця іншы раз некалькімі словамі можна выратаваць ураджай, – дзеліцца Сяргей Мікалаевіч. А сам Сень заўжды за інфармацыю плаціць.
Культура землеўпарадкавання ў Сеня высокая – гэта адзначаюць аграномы раёна. Сяргей актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах па вывучэнні тэхнікі і тэхналогіі вырошчвання агародніны. У складзе дэлегацыі ўладальнікаў падсобных гаспадарак раёна (арганізатарам паездкі быў Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна) быў на днях поля, якія прайшлі ў “Агрыматка-96” (Мінскі раён) , “Сігмента” (Маладзечанскі раён), “Бэйо Заден” (Гомельскі раён). Паездкі для абмену вопытам арганізуюцца замежнымі фірмамі. Дэлегацыям прапануюць пагля-дзець, як наладжана работа на доследных палях. У кожнага мужчына бярэ для сябе нешта новае. Сам таксама прымаў удзельнікаў семінараў, што праходзілі на Століншчыне: ён можа многа расказаць пра тэхналогіі вырошчвання агародніны, падзяліцца вопытам.
Таццяна СЕГЕН,
Столінскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.