Чаму баранавіцкія страхаўшчыкі робяць стаўку на маладых работнікаў?
СТАЎКА на маладосць, ініцыятыву
Кіраўніцтва прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па горадзе Баранавічы і Баранавіцкім раёне паважліва адносіцца да ветэранаў калектыву, а стаўку робіць на адукаваных спецыялістаў, маладых і ініцыятыўных страхавых агентаў.
Духпавярховы дом №23 па вуліцы Куйбышава ў Баранавічах нічым асабліва не вылучаецца. Аднак ведаюць яго не толькі гараджане, якія пражываюць па суседстве, але і іншыя жыхары горада і раёна. За 30 гадоў – менавіта столькі часу тут месціцца прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” – у ім пабывала мноства лю-дзей. Адны – каб застрахаваць транспартныя сродкі, маёмасць, жыццё блізкіх і асабістае ці яшчэ што ад няшчасных выпадкаў і спаць спакойна. Іншыя ж, хто забяспечыў сабе спакой раней, ды пацярпеў у выніку непрадбачаных сітуацый, – каб атрымаць па страхоўцы грошы за нанесены ўрон. І ўсім работнікі прадстаўніцтва ўдзеляць увагу.
Так было раней, калі Алена Кузьміна ўзначальвала калектыў прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па горадзе Баранавічы, так і цяпер, калі яно аб’яднана з прадстаўніцтвам па Баранавіцкім раёне. Узбуйненне адбылося 1 красавіка 2010 года. Дырэктарам была прызначана Алена Кузьміна.
– У цяперашнім складзе мы працуем крыху больш за год, – расказвае Алена Усеваладаўна. – Перыяд гэты быў даволі няпросты. І для мяне як дырэктара, і для работнікаў далучанага калектыву. Справа ў тым, што ў кожнага кіраўніка свой стыль работы. Да яго людзі прывыкаюць, і калі раптам настае час нешта мяняць, дык не ўсе могуць зрабіць гэта адразу. Супрацоўнікам раённага прадстаўніцтва было складана перастройвацца, няпроста даводзілася і нам. Тым не менш можна з упэўненасцю сказаць, што сумесна пражыты год быў плённым. Агульнымі намаганнямі мы захавалі і замацавалі дасягнутае раней, не страцілі напрацаванага ў плане работы з кліентамі да аб’яднання. Спадзяюся, што гэтыя напрацоўкі будуць добрай асновай для яшчэ больш высокіх дасягненняў сёлета.
Дарэчы тут будзе сказаць, што за прайшоўшыя чатыры месяцы прадстаўніцтвам заключана страхавых дагавораў на 3663 больш, чым за такі ж перыяд летась. У тым ліку па добраахвотных відах – на 1950. Тэмп росту паступлення страхавых узносаў па ўсіх відах склаў 136,3 працэнта: па добраахвотных відах – 145,7, па абавязковых – 116,4.
За гэты час праведзена 4199 выплат па ўсіх відах страхавання на суму 2 мільярды 863, 6 мільёна рублёў. Гэта 59 працэнтаў ад узроўню выплат па ўсіх відах страхавання. Крыху больш чым паўмільярда з гэтай сумы (42,5 працэнта) прыпадае на выплаты па добраахвотных відах.
Нмеснік дырэктара прадстаўніцтва Ала Дуброўская ўпэўнена: значная заслуга ў дасягненні гэтых лічбаў іх кіраўніка Алены Кузьміной, якая ўмела арганізоўвае работу калектыву. Адукаваная, паважлівая да людзей, патрабавальная (у першую чаргу – да сябе), сумленная, адказная, дысцыплінаваная. Яна сама не спазняецца на работу, гэтага ж патрабуе і ад падначаленых. Алена Усеваладаўна ніколі не пакрыўдзіць супрацоўніка. Калі трэба з каго спытаць, дык зробіць гэта сам-насам, каб не прыніжаць чалавека, калі ж адзначыць добрую работу – наадварот, скажа пра гэта абавязкова прынародна. Як сапраўдны кіраўнік, дырэктар прадстаўніцтва заўсёды наперадзе ва ўсіх пачынаннях. І не важна, што гэта – пастаноўка задач перад калектывам, удзел у турыстычным злёце, святкаванне 8 Сакавіка ці першамайская дэманстрацыя.
Варта адзначыць таксама, што ў наступным годзе споўніцца 30 гадоў, як выпускніца Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума Алена Кузьміна пераступіла парог прадстаўніцтва. За гэты час прайшла, як кажуць, усе ступені росту – ад спецыяліста да дырэктара. Паспела яшчэ і Маскоўскі юрыдычны інстытут закончыць. За 10 гадоў на пасадзе дырэктара прадстаўніцтва “Бел-дзяржстраху” па горадзе Баранавічы змагла згуртаваць моцны і адзін з лепшых у вобласці калектыў. Годна кіруе і ўзбуйненым прадстаўніцтвам.
Зараз тут працуюць 83 работнікі: страхавыя агенты, спецыялісты, начальнікі аддзелаў і іншы персанал. Калектыў малады, работнікаў перадпенсійнага ўзросту мала. Але людзьмі гэтымі тут даражаць. Асабліва – страхавымі агентамі, якія забяспечваюць асноўныя страхавыя паступленні. Яны – сапраўдныя прафесіяналы ў справе, якой займаюцца. Напрыклад, Ганна Мезіна абслугоўвае на сваім участку ў горадзе ўжо трэцяе пакаленне страхавальнікаў. Заслужаным аўтарытэтам у калектыве і сярод жыхароў Падгорнаўскага і Мілавідскага сельсаветаў карыстаецца страхавы агент Ганна Міхальцэвіч. Яна не проста ведае сваіх страхавальнікаў, а называе ўсіх па імені і імені па бацьку. Руплівая работніца з году ў год выконвае планавыя заданні, за што занесена на Дошку гонару “Белдзяржстраху”. Разам з Лідзіяй Трудавай Ганна Міхальцэвіч удзельнічала ў абласным конкурсе страхавых агентаў, адкуль абедзве прывезлі дыпломы.
Між іншым, калі хто жадае паспрабаваць сябе на гэтай ніве – калі ласка! Практыка паказвае: калі хтосьці прыйшоў на работу ў прадстаўніцтва сапраўды працаваць, той застаецца ў калектыве надоўга.
Перавагу пры прыёме на работу спецыялістамі кіраўніцтва аддае тым, хто мае вышэйшую фінансава-эканамічную адукацыю. А страхавымі агентамі жадае бачыць маладых і ініцыятыўных людзей, якія могуць даходліва растлумачыць кліентам пра віды страхавання, прывесці пераканаўчыя прыклады таго, як страхоўка садзейнічала падчас няшчасных выпадкаў, дапамагала чалавеку стаць на ногі.
Не менш адказны фронт работы – у спецыялістаў і начальнікаў аддзелаў, многія з якіх да гэтых пасад дараслі ў прадстаўніцтве, дзе даюць магчымасць усім работнікам вучыцца і атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна. Яны займаюцца абслугоўваннем страхавых дагавораў, правяраюць справаздачы страхавых агентаў, праводзяць ацэнку нанесенага ўрону, выплату страховак. Начальнікі аддзелаў Жанна Шыманец, Ірына Арочка, вядучыя спецыялісты Святлана Сергель, Наталля Райская, Святлана Баландзіна ніколі не лічацца з часам у інтарэсах справы. І ніхто з іх не заседжваецца ў кабінетах, калі пад пагрозай зрыву аказваецца выкананне планаў. На чале з дырэктарам і яго намеснікамі начальнікі аддзелаў і спецыялісты масава ідуць у народ. Як гэта было на свята працы, напрыклад. Пасля завяршэння дэманстрацыі работнікі прадстаўніцтва склалі свае сцягі і транспаранты на машыны і дружна адправіліся… страхаваць дачы.
Дзверы прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па г. Баранавічы і Баранавіцкім раёне для наведвальнікаў адчынены як у рабочыя дні, так у выхадныя і святочныя. Тры страхавыя агенты па графіку аказваюць паслугі з 8.00 да 20.00. Да 200 чалавек абслугоўваюць штодзённа. Акрамя выдачы стра-хавых полісаў яны кансультуюць наведвальнікаў. Спецыялісты аддзела па ўрэгуляванні страт прымаюць з 8.00 да 19.00. Выплаты па страхоўках ажыццяўляюцца на працягу пяці дзён пасля падачы заявы.
Ветлівасць і добразычлівасць людзей, якія працуюць у доме №23 па вуліцы Куйбышава, іх прафесіяналізм і жаданне дапамагаць сваім кліентам, рабіць жыццё спакойным, а іх саміх – абароненымі ў любой жыццёвай сітуацыі, прыносяць узаемную карысць, а прадстаўніцтву – яшчэ і прызнанне.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Баранавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.