Беларусь

  • Главная
  • Землякі
  • Як з-за аднаго сумнага выпадку Аляксандра Герасіменя навучылася плаваць

Як з-за аднаго сумнага выпадку Аляксандра Герасіменя навучылася плаваць


Адгучалі апошнія акорды велічнага спартыўнага свята – XXX летніх Алімпійскіх гульняў у Лондане, якія на працягу 16 дзён прыцягвалі пільную ўвагу мільёнаў балельшчыкаў ва ўсім свеце. Удзельнікі Алімпіяды вярнуліся ў свае краіны і пачалі паступова ўваходзіць у адладжаны трэніровачны рытм, рыхтавацца да новых стартаў і перамог. Аднак цікавасць да алімпійцаў (асабліва да чэмпіёнаў і прызёраў) не знікае і па сённяшні дзень. Людзі хочуць ведаць як мага больш не толькі пра спартыўную біяграфію сваіх куміраў, але і пра іх паўсядзённае жыццё, дзяцінства, сям’ю. І колькі станоўчых эмоцый з’яўляецца ў чалавека, калі ён даведваецца, што той ці іншы вядомы спартсмен мае нейкае дачыненне да яго краю.
Ганцаўшчыне ў гэтым плане таксама пашанцавала. Жыццёвы лёс самай вядомай беларускай плыўчыхі, чэмпіёнкі свету па плаванні і ўладальніцы двух сярэбраных медалёў лонданскай Алімпіяды Аляксандры Герасімені цесна звязаны
з вёскай Будча.
У гэтым маляўнічым краі нарадзіўся і вырас яе бацька – Віктар Іванавіч Герасіменя. Сюды Саша разам са старэйшай сястрой Кацяй у дзяцінстве не раз прыязджалі на летнія канікулы да сваёй бабулі Леаніды Нічыпараўны (цяпер яна жыве ў сваёй дачкі ў Іванаве). Тут яны гулялі з мясцовай дзятвой, хадзілі кампаніяй купацца на дзясятую сажалку рыбгаса – адно з любімых месцаў адпачынку будчакоў. Дарэчы, як успамінала ў адным з інтэрв’ю маці Сашы Герасімені, Аксана, аднойчы будучая беларуская “залатая рыбка” (так з любоўю журналісты называюць Аляксандру) ледзь не ўтапілася, калі праз брод дабіралася да гэтай сажалкі. На думку маці, магчыма, што гэты выпадак у нейкай ступені падштурхнуў дачку да заняткаў плаваннем.
Можа, гэта і так. Аднак смела можна сцвярджаць, што не ў меншай (калі не ў большай) ступені на спартыўны выбар Аляксандры Герасімені паўплываў і “спадчынны фактар”. Справа ў тым, што маці спартсменкі з’яўляецца майстрам спорту па лёгкай атлетыцы, а бацька – майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы. Між іншым,  Віктар Герасіменя – першы выхадзец з Ганцаўшчыны, які атрымаў такое высокае спартыўнае званне. На жаль, пра яго слаўныя дасягненні ў раёне ў асноўным ведаюць толькі спартыўныя спецыялісты ды землякі з Будчы.
Паспяховае выступленне Аляксандры Герасімені на Алімпійскіх гульнях у Лондане з’яўляецца добрай нагодай, каб расказаць пра спартыўны лёс яе бацькі. Тым больш, што ў свой час на Віктара Герасіменю раўняліся многія будчанскія юнакі, якія па яго прыкладзе таксама выбралі для сябе спартыўную дарогу. Хочацца верыць, што гэты прыклад дасць натхненне і сённяшняму пакаленню юных спартсменаў.
Па словах Мікалая Савені, былога настаўніка фізкультуры Будчанскай сярэдняй школы, Віктар з дзяцінства любіў фізкультуру і спорт. Герасіменя з задавальненнем займаўся ў розных спартыўных секцыях (валейбола, баскетбола, лёгкай атлетыкі), якія дзейнічалі ў школе. Увогуле, як успамінае Мікалай Міхайлавіч, у 1970-я гады мясцовая моладзь масава цягнулася да заняткаў спортам, прычым і па-за сценамі школы. Так, Віктар разам са сваімі сябрамі Уладзімірам Файлерам, Мікалаем Герасіменем, Мікалаем Рулінскім і іншымі хлопцамі ў адной са старэнькіх хат зрабілі імправізаваную спартыўную залу, дзе самастойна займаліся сілавой падрыхтоўкай.
Аднак найбольшае імкненне Віктар Герасіменя праяўляў да заняткаў лёгкай атлетыкай. Яму лёгка даваліся скачкі ў даўжыню і вышыню, а першым трэнерам будучага чэмпіёна быў Мікалай Міхайлавіч. Віктар паспяхова выступаў на розных спаборніцтвах, і на адным з іх  (на абласной спартакіядзе школьнікаў па лёгкай атлетыцы ў Брэсце) на перспектыўнага юнака звярнулі ўвагу трэнеры спартінтэрната рэспубліканскага спартыўнага таварыства “Працоўныя рэзервы” з Мінска. Яны прапанавалі хлопцу далей павышаць сваё спартыўнае майстэрства ў сталіцы рэспублікі. Той быў не супраць, аднак апошняе слова заставалася за бацькамі. Спачатку маці юнака была катэгарычна супраць адпускаць сына, які толькі скончыў 9 класаў, з вёскі ў вялікі горад, аднак настаўнік здолеў яе ўгаварыць.
У 1976 годзе Віктар пераехаў у Мінск, дзе  хутка зарэкамендаваў сябе як моцны лёгкаатлет. Ён выступаў у складзе розных зборных СССР, з імі аб’ехаў палову свету і перамагаў  амаль ва ўсіх спаборніцтвах. Напрыканцы 1970-х Віктар Герасіменя стаў пераможцам у трайным скачку на лёгкаатлетычным матчы СССР – ЗША (менавіта на ім выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа). Ён актыўна рыхтаваўся да ўдзелу ў Алімпіядзе 1980 года, якая праходзіла ў Маскве. Аднак на зборах напярэдадні Алімпіяды Віктар атрымаў траўму, з-за якой не трапіў на яе…
Спартыўныя дасягненні сталі пуцяводнай зоркай для многіх маладых будчакоў, тым больш што ён не забываў пра родныя мясціны і часта наведваўся сюды. На яго прыкладзе мясцовыя юнакі пераканаліся, што дарога ў вялікі спорт адкрыта для кожнага, хто па-сапраўднаму імкнецца адолець яе. Так, Мікалай Савеня і Анатоль Мышкавец сталі майстрамі спорту па біятлоне, Іван Герасіменя – па марскім трохбор’і (плаванне, бег, веславанне), Дзмітрый Кандраценя – па валейболе. Без сумненняў: па такой колькасці паспяховых спартсменаў-землякоў “на душу насельніцтва” ў Беларусі з Будчай можа спрачацца няшмат вёсак.
Мікалай Савеня прыгадвае, што на розных раённых спаборніцтвах яго калегі з іншых школ з добрай зайздрасцю не раз гаварылі: “Будча мае алімпійскую славу, куды нам з ёю цягацца!” І ў сэнсе алімпійскай славы гэтыя словы аказаліся прарочымі. Заваяваныя на гульнях ў Лондане два алімпійскія сярэбраныя медалі Аляксандры  Герасімені – іх яскравае пацвярджэнне.
Некалькі гадоў таму Мікалай Міхайлавіч збіраўся правесці ў Будчанскай школе тэматычны вечар з удзелам спартсменаў-землякоў. Сярод тых, хто згадзіўся ўдзельнічаць у вечарыне, быў і Віктар Іванавіч разам з дачкой Аляксандрай. На жаль, па розных прычынах правесці запланаванае мерапрыемства тады не атрымалася. Аднак Мікалай Савеня не губляе надзеі, што такі спартыўны вечар са знакамітымі гасцямі ўсё ж такі адбудзецца. Праўда, ён добра разумее, што напружаны трэніровачны графік Аляксандры ўскладняе гэтую задачу. Разам з тым былы настаўнік фізкультуры ўпэўнены, што ў жыцці, як і ў спорце: калі канкрэтная мэта пастаўлена – яе заўсёды можна дасягнуць. Будзем спадзявацца, што так яно і атрымаецца.
Генадзь ПАПЛАЎСКІ,
Ганцавіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля