Народны хор з Палесся стаў заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь
Напярэдадні Новага года культурнае жыццё Століншчыны ўскалыхнула сапраўды грандыёзная падзея: старэйшы аматарскі калектыў раёна – народны хор “Крыніца” – атрымаў званне “заслужаны”. Ды не проста атрымаў, а сапраўды заслужыў! Дарэчы, з васьмі творчых калектываў вобласці, якія маюць падобны тытул, два прыходзіцца на Столінскі раён. Ужо 30 гадоў харыстамі з Палесся кіруе Алена Аўсянік. Навагодняя ўзнагарода для яе не проста вынік складанай працы, але і нагода азірнуцца ў мінулае, з настальгіяй узгадаць, як усё пачыналася…
Яшчэ ў 1973-м любоў да народнай песні з’яднала ў непарыўнае цэлае дзясяткі лёсаў. Тады ля вытокаў “Крыніцы” стаяў былы дырэктар Столінскай музычнай школы, самадзейны кампазітар Мікалай Вайцяхоўскі. Мясцовы фальклор і творы беларускіх аўтараў сталі асновай рэпертуару маладога ансамбля, а невычэрпная энергія, самааддача і прыгожыя галасы прынеслі палескім харыстам папулярнасць. Праз чатыры гады за творчыя дасягненні, высокае выканаўчае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць хору прысвоена званне “народны”.
У хуткім часе Мікалай Рыгоравіч, на жаль, вымушаны быў пераехаць на малую радзіму – у суседні Лунінец. Адлегласць хоць і невялікая, але яна стала істотнай перашкодай, таму арганізатарскія паўнамоцтвы прыйшлося даверыць адной з лепшых вучаніц – Алене Аўсянік. Маладая пераемніца якраз вучылася на харавым аддзяленні Інстытута культуры, а яе прыгожае сапрана палюбілася ўжо слухачам нават за межамі раёна…
У калектыве яшчэ засталіся людзі, якія добра памятаюць тыя часы. Гэта першыя ўдзельнікі хору “Крыніца” Валянціна Неўдах, Марыя Цымбаліст, Фёдар Стахавец, Адам Клочка і, вядома ж, сама Алена Канстанцінаўна. Яна ўзгадвае: спачатку калегі насцярожана аднесліся да яе “павышэння”, але потым зразумелі, што інакш і быць не можа. Сёння, па словах відавочцаў, няўрымслівы мастацкі кіраўнік цудоўна сумяшчае ў сабе якасці педагога, псіхолага і нават… мамы. Менавіта так падапечныя называюць Алену Канстанцінаўну за ўменне знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага, падтрымліваць таварышаў і ў бядзе, і ў радасці.
Палескія артысты не сядзелі на месцы, іх пастаянна запрашалі ў новыя творчыя падарожжы. Варонеж, Омск, Волагда… Назвы мясцін, дзе даводзілася бываць з канцэртамі, мяняліся з хуткасцю святла. Гастралявалі харысты ў Германіі, Польшчы, Балгарыі, Украіне, не забываючы, вядома ж, і пра сваіх землякоў. Шмат важкіх узнагарод пакладзены ў агульную скарбонку ўдзельнікамі хору “Крыніца”: гэта лаўры і першага Усесаюзнага агляду мастацкай творчасці ў 1983 – 1984 гадах, і рэспубліканскага фестывалю харавых калектываў “Пеўчае поле” ў горадзе Мядзелі (1997 г.),
і II Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня” ў Мінску (2005 г.). Апошняя з іх –
дыплом I ступені рэспубліканскага свята-конкурсу вакальна-харавых калектываў, прысвечанага 100-год-
дзю з дня нараджэння Генадзя Цітовіча (2010 г.).
Не сціхае канцэртная дзейнасць і сёння, кіпіць, быццам вада ў чайніку. Акрамя эстэтычнага задавальнення, яна дапамагае абменьвацца вопытам і наладжваць партнёрскія сувязі з замежнымі калегамі. Некаторыя з іх ахвотна гасцююць на Століншчыне. Да прыкладу, у 2009-м на сцэне мясцовага Дома культуры з
35-годдзем хор “Крыніца” віншавалі іх сябры: народны хор “Калинонька” з Кіева, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча на чале з кіраўніком Міхаілам Дрынеўскім, выканаўцы з Польшчы, Германіі і іншыя. Дарэчы, сам прафесар Дрынеўскі неаднаразова падбадзёрваў палескіх харыстаў і словам, і справай. Менавіта ён агучыў выснову, да якой у думках прыходзілі і самі артысты: высокая планка “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” ім, сапраўды, па сілах.
– Сёння ў складзе хору “Крыніца” 36 удзельнікаў, 9 з іх прадстаўляюць суправаджальны аркестр, – расказвае Алена Аўсянік. – Гэта пераважна музычныя работнікі раёна, так мовіць, прафесіяналы. Вядома, акрамя хору ў людзей ёсць асноўная работа, сям’я, але яны сапраўдныя фанаты сваёй справы, гатовыя, калі трэба, рэпеціраваць гадзінамі.
Звыш 50 працэнтаў твораў у рэпертуары хору па-ранейшаму прыходзіцца на долю мясцовага матэрыялу, яго выдатна адцяняюць аўтарскія работы былога кіраўніка Мікалая Вайцяхоўскага, апрацоўкі беларускіх народных песень Міколы Сіраты, Міхаіла Дрынеўскага, а таксама рускія і ўкраінскія народныя песні. Адданасць музычным традыцыям роднага краю ды неверагодная пявучасць палескіх артыстаў вылучаюць “Крыніцу” з шэрагу падобных калектываў. Тыя, каму даводзілася бачыць выступленні хору, перакананы: такога багатага, насычанага акампанементу няма ні ў кога. За гэтую частку работы адказваюць канцэртмайстры Мікалай Вайцяхоўскі і Пётр Астапчук. Першы з вялікім натхненнем кіруе інструментальнай групай, у складзе якой барабан, бубен, скрыпка, бас-гітара, два баяны, труба і дудачка. Другі здолеў сабраць унікальную калекцыю народных мелодый і песень Століншчыны, запісаную ад носьбітаў рэгіянальнага фальклору.
Пад сваё крыло таленавітых артыстаў узяў першы намеснік старшыні райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Ён не проста куратар хору “Крыніца”, але і самы ўдзячны прыхільнік іх майстэрства. Больш таго, ні адна рэпетыцыя харыстаў перад здачай праграмы на званне “заслужанага” не праходзіла без Рыгора Васільевіча. У спісе тых, каму таксама трэба сказаць “дзякуй” за дапамогу, і Кацярына Сакалова, дырэктар гарадскога Дома культуры. Яна рэжысёр і па сумяшчальніцтве вядучая канцэртаў хору. У падборы песеннай праграмы пасадзейнічала Алена Дубойская, харыстка і дырэктар метадычнага цэнтра аддзела культуры Столінскага райвыканкама. Дарэчы, аддзел на чале з начальнікам Васілём Зарубам сёлета дае артыстам магчымасць паўдзельнічаць у фальклорным фестывалі “49-ты тыдзень культуры Бескідскай” у Польшчы. У планах таксама – выступленне на ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя сяброўства з горадам-пабрацімам Хомбергам…
Хочацца верыць, што 2012 год прынясе палескім харыстам шмат новых уражанняў, падарожжаў і перамог, а запалоненыя сэрцы слухачоў не перастануць біцца ў рытме “Крыніцы”.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Столін.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.