Сын свайго бацькі
Андрэй Мулярчык, дырэктар ААТ «Пінскі мясакамбінат», змалку ведаў, з каго рабіць жыццё
ПРА СЯБЕ: хто ў сям’і галава
Магчыма, так часцей за ўсё і атрымліваецца ў сем’ях, дзе жанчына – педагог, што менавіта маці больш займаецца выхаваннем дзяцей. Так і ў Мулярчыкаў. Ганна Аляксандраўна заўсёды была з дзецьмі – і сваімі, і чужымі, выкладаючы фізіку ў Пінскім мяса-малочным (а зараз аграрна-тэхнічным) каледжы. А Уладзімір Іванавіч, які ў 23 гады ўзначаліў Драгічынскі масласырзавод, праз 7 год – Пінскі малочны камбінат (і надоўга – аж на тры дзесяцігоддзі!), усяго сябе аддаваў працы. Ды толькі хіба прыклад працавітасці і прыстойнасці не з’яўляецца найлепшым пераканаўчым выхаваннем для дзяцей, і асабліва – хлапчукоў?..
– Я змалку бачыў, як працуе мой бацька, што яго радуе, а што – засмучае, – узгадвае 34-гадовы дырэктар ААТ “Пінскі мясакамбінат” Андрэй Мулярчык. – Гэта чалавеку недасведчанаму можа здацца, што кіраўніцкая ноша лёгкая. За знешнімі атрыбутамі ўлады не кожны бачыць неймаверныя душэўныя хваляванні кіраўніка, за якім – дзясяткі, сотні людзей. Як паступіць, што зрабіць, каб не падвесці тых, хто давярае табе?.. – Замаўчаўшы на хвіліну-другую, мой субяседнік прадоўжыў: – Са школьнай парты я марыў быць падобным на свайго бацьку. Але гэта зусім не азначае, што ў мяне з’явілася мэта – як бацька, быць кіраўніком. Не, я так жа, як ён, хацеў захапляцца сваёй работай. І цяпер лічу, – пераканаўча мовіў ён, – дзе б ні працаваў, галоўнае – укладваць душу ў справу. А далей ужо лёс падкажа і выведзе туды, дзе ты больш за ўсё патрэбны…
Як і большасці хлопцаў і дзяўчат, у бязвоблачным дзяцінстве Андрэю хацелася хутчэй стаць дарослым, быць самастойным. Прыхільнік дакладных навук, у 1993 годзе ён без асаблівых цяжкасцей становіцца студэнтам дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У гэтай сталічнай альма-матар Андрэй не толькі атрымаў спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, але і сустрэў Вольгу, сваю другую палавінку. Дзяўчына з Бярозы з першага курса паланіла юначае сэрца.
– Перажыў такое каханне, якое звычайна апісваюць у кніжках. Хацелася сачыняць вершы, пісаць музыку і нават спяваць, хоць слыху – аніякага! – усміхаецца малады мужчына, і ў яго вачах пасля згадкі пра жонку загараюцца агеньчыкі.
Адразу ж пасля заканчэння ўніверсітэта Андрэй і Вольга пажаніліся. Праз год на свет з’явілася Вікторыя, а чатыры гады таму – Ягорка. І хоць з цягам часу, разважае мой субяседнік, пачуццё любові трансфармуецца, знікае яго пранізлівасць – затое з’яўляюцца новыя адценні, у якіх пераважае надзейнасць, знітаванасць, ды і цяпер, праз 13 гадоў шлюбу, на пытанне, што для яго першаснае – работа альбо сям’я – Андрэй усё ж адкажа: вядома, сям’я! Як без яе?! Дзеля каго жыць? Навошта кудысьці імкнуцца, чагосьці дасягаць? У рэшце рэшт, каму перадасі свой вопыт і памяць?! Хто прадоўжыць твой род і паўторыцца ў табе? Гэта ж так важна – жыць і ведаць, што ўслед за табой тупацяць дзіцячыя ножкі, а праз гады дзеці пойдуць паперадзе цябе…
Прыкладам для пераймання адносін мужчыны да жанчыны заўсёды было бацькава стаўленне да маці. “Андрэй і Дзіма ніколі не бачылі, каб я пакрыўдзіў сваю Ганну Аляксандраўну, дрэннае слова ў бок жанчыны сказаў”, – сцвярджае старэйшы Мулярчык, якому ўжо за 60. Але, нягледзячы на сталы ўзрост, Уладзімір Іванавіч стараецца ледзь не кожныя выхадныя з’ездзіць у невялічкую вёсачку Усходы, што ў Драгічынскім раёне, наведаць 90-гадовую матулю, якой некалі самой, пасля трагічнай гібелі мужа, прыйшлося падымаць на ногі траіх дзяцей. І на гэтай бацькоўскай удзячнасці, любові да маці таксама выхоўваліся малодшыя Мулярчыкі.
А на маё пытанне, хто ў сям’і галава, а хто – шыя, Андрэй Мулярчык не стаў самаўпэўнена сцвярджаць, як гэта робіць нямала мужчын, што толькі мужу па праве належыць рашаючае слова. Ён так сказаў:
– Я лічу сябе моцнай асобай, а Вольга сябе – таксама. Яна працуе ў банкаўскай сферы, зарплата амаль такая ж, бы ў мяне. Яна – упэўненая ў сабе жанчына, не толькі мужава жонка, з ёю лічацца, раяцца. У яе – свой аўтарытэт у прафесійнай дзейнасці, у мяне – свой. Як у любой сям’і, здараюцца непаразуменні і ў нас. Але я першым раблю крок насустрач.
Сям’ёй трымаецца шчаслівы чалавек, упэўнены Андрэй Мулярчык. Калі па-сапраўднаму любіш – і даруеш, і саступіш, і падтрымаеш сваю палавінку. Як гэта заўсёды было ў бацькі з маці…
ПРА СПРАВУ: сон у Новы год
Чатыры гады пасля вучобы Андрэй Мулярчык працаваў на Пінскім малочным камбінаце, якім кіраваў яго бацька. Першая прыступка ў яго кар’ернай лесвіцы – эканаміст, другая – эканаміст па маркетынгу і гандлі, трэцяя – начальнік аддзела маркетынгу і гандлю. Папярэджваючы нечую рэпліку: маўляў, лёгка ўздымацца наверх, калі бацька – начальнік, зазначу – трэба ведаць характар старэйшага Мулярчыка. Усе, хто працаваў з Уладзімірам Іванавічам, у адзін голас адзначаюць яго патрабавальнасць да падначаленых, а да свайго сына – двайную. Гэтую патрабавальнасць і найвялікшую аддачу ад сябе ды іншых таксама пераняў Андрэй у бацькі.
Але вучыўся і ў іншых людзей. Сёння ён з удзячнасцю ўзгадвае былога кіраўніка Брэсцкага канцэрна “Мясамалпрам” Мікалая Язубца, які прызначыў яго намеснікам начальніка аддзела маркетынгу, і цяперашняга – Канстанціна Свірыда, першым намеснікам якога быў тры гады. Канцэрнаўская школа дала яму вельмі важны ўрок: у вырашэнні любога пытання не цягнуць коўдру на сябе – улічваць дзяржаўны падыход. І кіравацца ім.
Калі напрыканцы 2007 года на Пінскі мясакамбінат спатрэбіўся новы дырэктар, выбар упаў на Андрэя Мулярчыка. Наверсе вырашылі: молада – ды не зелена! Тым больш, калі што – сына падстрахуе добрай парадай бацька, які на той час яшчэ ўзначальваў малочны камбінат.
Калі б хто ведаў, з якім хваляваннем тры гады таму, 19 снежня, Андрэй Мулярчык пераступіў парог мясакамбіната! Ад яго чакалі рэальнага выніку, не даючы шмат часу на раскачку. З чаго пачаць – сумненняў не ўзнікала. Вядома ж, з падбору каманды. Бо галоўныя складаемыя любой паспяховай справы – людзі, іх зладжаная работа. Гэта накшталт дакладна падабраных механізмаў у гадзінніку.
– Зараз – час каманднага бізнесу, – сцвярджае Андрэй Мулярчык. – Ніводная справа ці мерапрыемства – хай сабе вытворчае, палітычнае, культурнае – не можа адбыцца па волі аднаго чалавека. За ім павінны стаяць людзі. А мне, – зазначае ён, – пашанцавала. Мой папярэднік, Юрый Юр’евіч Бісун, стварыў дружную каманду аднадумцаў. Былі гатовыя людзі, якіх падстроіў пад сябе. Так што нікога за сабой з Брэста не прывёз…
Сапраўды, ніхто не аказаўся выкінутым за борт. Праўда, змены на пасадах усё ж адбыліся: малады дырэктар бачыў – хтосьці занадта заспакоіўся, таму пераводзіў на менш складаную работу, а энергія іншага патрабавала выхаду цераз большую нагрузку, ініцыятыву і адказнасць. Быў створаны рэзерв кадраў. “Нішто так не прымушае чалавека эфектыўна працаваць, бы тое, што ў спіну, вобразна кажучы, дыхаюць людзі, якія могуць яго перагнаць і заняць прызавое месца”, – лічыць Андрэй Уладзіміравіч.
Той Новы год не забываецца і цяпер. Бо не было ніякага свята – толькі думкі пра работу, перажыванні: штодзень званілі крэдыторы і патрабавалі аддаць грошы. Якраз гэтыя бясконцыя званкі, камбінат і турботы сніліся Андрэю ў навагоднюю ноч. А раніцай, 1 студзеня 2008 года, у рабочым кабінеце ён ужо вывучаў дакументы.
Пераходны перыяд цягнуўся каля двух-трох месяцаў. Працаваў з 7.30 да 22 гадзін. “Ды калі б не падтрымка ўлады – і мясцовай, і абласной, калі б не дапамога з боку кіраўніцтва Піншчыны, Столінскага, Іванаўскага, Лунінецкага раёнаў – не было б таго плёну, які маем, у прыватнасці, сёлетняга занясення нашага прадпрыемства на Рэспубліканскую Дошку гонару як пераможцы спаборніцтва 2009 года”, – адзначае Андрэй Мулярчык і прыводзіць некалькі лічбаў. У снежні 2007 года вырабілі 385 тон мяса (а зараз – каля 1000 тон штомесяц), 311 тон каўбас (і гэта напярэдадні Новага года!). У снежні 2008 года ўжо выпусцілі 393 тоны каўбасных вырабаў, праз год, у тым жа месяцы – 548, а цяпер кожны месяц вырабляецца больш за 600 тон каўбас…
Але поспех сам па сабе не прыходзіць. Ён, як правіла, заўсёды не выпадковы – гэта заканамернасць, дасягнутая настойлівай працай, мэтанакіраванасцю, а часам – і жорсткасцю прымаемых рашэнняў, скажам, у адносінах да падначаленых. Не сакрэт, на Пінскім мясакамбінаце, дзе працуе амаль 900 чалавек, таксама хапала несуноў ды аматараў зазірнуць у бутэльку. Андрэй Мулярчык не стаў рабіць выгляд, што ўсяго гэтага не заўважае. За крадзеж прадукцыі ішло неадступнае пакаранне, аж да звальнення з работы. Каб выкараніць п’янства – устройваліся рэйды, у час якіх цалкам блакіраваўся камбінат і правяраліся ўсе, без выключэння. Быў выпадак, што ноччу засведчвалі на прадмет цвярозасці інжынерна-тэхнічнага работніка…
Зараз, заглядваючы наперад, дырэктар ставіць іншыя задачы: па-першае, даць камбінату імпульс па тэхнічным пераабсталяванні і, па-другое, выцягнуць эканоміку на больш высокі, годны ўзровень. Што датычыць канкурэнтаў, дык па якасным паказчыку, на думку Андрэя Мулярчыка, ім няпроста сапернічаць з Брэсцкім мясакамбінатам. “Канкурэнт №1, – зазначае ён. – Таму лягчэй дадаткова прадаць 10 тон каўбасы ў Мінску, чым у Брэсце…”
Ну і, вядома ж, не магла я не пацікавіцца ў дырэктара мясакамбіната, ці купляе ён каўбасную прадукцыю іншых прадпрыемстваў і што найбольш любіць са сваёй.
– Часта я мэтанакіравана купляю каўбасы іншых вытворцаў, каб параўнаць з пінскімі і быць у курсе смаку, – сур’ёзна адказвае Мулярчык. – Штосьці – падабаецца, штосьці – крытыкую. На мой погляд, у сасісак Брэсцкага мясакамбіната і нашага – дастойная якасць. Ну, а самым смачным прадуктам мне здаецца наша сыравэнджаная каўбаса “Мядовая”. Вядома ж, і яна саступае тым катлетам і адбіўным, якія гатуе мая Вольга…
ПРА ЧАС: сіняя птушка будучыні
Не мы, а час выбірае нас. Таму ці варта наракаць на тое, што некалі было так, а цяпер – інакш. Дзейнічай, працуй, рухайся наперад – і тады не прападзеш. А яшчэ – кіруйся сумленнасцю і прыстойнасцю. Якраз гэтыя рысы больш за ўсё цэніць у людзях Андрэй Мулярчык. І сам імкнецца быць такім.
Рытм жыцця ў яго напружаны. “Бо вялікая адказнасць на плячах. За ўсё прыходзіцца перажываць”, – тлумачыць суразмоўца.
Далей мы з ім разважаем, як чалавеку жыць, каб адчуваць сябе камфортна ў сучаснасці – ну, нібы рыба ў вадзе. Ды й ці магчыма гэта?..
Андрэй лічыць, што тут многае залежыць ад узроставага фактару. На яго погляд, самая складаная катэгорыя – маладыя людзі, якія толькі-толькі скончылі ВНУ, але хочуць усяго і адразу ж, тым больш – былы аднакурснік раз’язджае на шыкоўным аўто, харчуецца ў рэстаране. “Таму ў рабят адна мара: разбагацець. І гэта, – мяркуе Мулярчык, – праблема грамадства ў цэлым”.
Калі ж узяць сярэдняе пакаленне, 35-40-гадовых, гэтыя людзі прайшлі этап пераацэнкі каштоўнасцей. Яны дакладна ўсведамляюць, чаго хочуць і чаго здолеюць дасягнуць, што па сілах – і ім камфортна ў часе.
Па назіраннях героя майго аповяду, старэйшае пакаленне, да якога адносяцца пенсіянеры (а сярод іх дастаткова высокаінтэлігентных асоб!), плывуць па цячэнні: як ёсць – так і добра, не было б горш. Яны вастрэй, чым іншыя, рэагуюць на змены ў грамадстве – гэта Андрэй ведае па сваіх бацьках.
Ды толькі заўсёды трэба глядзець у сутнасць – ці з’явы, ці праблемы, перакананы субяседнік, або, як казаў Кузьма Пруткоў, “зри в корень”. Каб бачыць галоўнае. І цаніць тое, што маем. “А ў нас, – кажа Андрэй Уладзіміравіч, калі наша размова плаўна перацякла на дзяржаўную, пра Беларусь, – ёсць чым ганарыцца і што берагчы. Хіба стабільнасць краіны – не найвялікшы набытак? А іншыя, для нас звыклыя з’явы, калі ў любы час сутак можна спакойна выйсці на вуліцу, а каля пад’езда не баяцца пакінуць машыну, калі бясплатна трапляеш на прыём да ўрача? А хіба нашы пенсіянеры хвалююцца, што ім не выплацяць пенсіі ці затрымаюць?”
Мужчына з захапленнем гаварыў пра такі своечасовы і граматны крок кіраўніцтва Беларусі, як разгортванне будаўнічага комплексу, што дазволіць зняць жыллёвую праблему. “Цудоўна, што дзяржаўныя сродкі не распыляюцца – наадварот, акумулююцца на канкрэтных праграмах, выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні”, – Андрэю Мулярчыку імпануе пазіцыя Прэзідэнта Беларусі.
Ён, дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу, узгадвае словы Кіраўніка дзяржавы пра тое, што Беларусь павінна быць краінай, дзе хочацца жыць. Таму мы ўсё часцей і часцей гаворым пра камфортнасць і якасць жыцця, пра павышэнне дабрабыту людзей. Але ж, калі мы хочам мець еўрапейскі стандарт жыцця, дык і працаваць трэба па-еўрапейску. “А гэта ўжо залежыць ад кожнага з нас, – перакананы мой субяседнік. – Менавіта праца – тая сіняя птушка, якая здзяйсняе нашы жаданні, расфарбоўвае будучыню ў светлыя таны. І тысячу раз меў рацыю наш Прэзідэнт, калі сцвярджаў, што будучыня краіны ствараецца не на плошчах, а на прамысловых і аграрных прадпрыемствах…”
Андрэй Мулярчык задумаўся, а потым няспешна, ды цвёрда вымавіў: “Скажу без лішняга пафасу: Радзіма многае значыць для мяне. Пачуццё ж патрыятызму кіруе мной. І дае сілы…”
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.