Таццянін дзень
Таццяна Маторына, генеральны дырэктар Брэсцкага панчошнага камбіната, і Таццяна Удавенка, дырэктар прыватнага прадпрыемства “Вікторыя”, уганараваны тытула пераможцы “Жанчына года-2010”
Не, на календары не 25 студзеня, калі традыцыйна ў студэнцкім асяроддзі адзначаецца Таццянін дзень, а сакавік з вясновым настроем – ён усё смялей і смялей ступае на вуліцы гарадоў, вёсак і ўладарыць у людскіх сэрцах. Так і хочацца ўсклікнуць: вясна ідзе, вясне дарогу! Асабліва ж радасна пасля падвядзення вынікаў III рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” – свята прыгажосці і міласэрнасці, на якім пашчасціла пабываць у складзе брэсцкай дэлегацыі на чале з Ірынай Арабей, старшынёй абласной грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.
На гэты раз кветнік – жанчыны з усёй Беларусі – сабраўся пад купалам храма мастацтваў, у сталічным Беларускім акадэмічным музычным тэатры камедыі. Розных па прафесіі і знешнасці прадстаўніц так званага слабага полу, які, дарэчы, нярэдка паказвае ўзоры мужнасці большасці мужчын, яднала палкае жаданне зрабіць гэты свет цяплейшым і дабрэйшым. Таму так цяжка было выбраць лепшую з лепшых у кожнай намінацыі, прызналася старшыня журы Надзея Ермакова, якая ўзначальвае ГА “Беларускі саюз жанчын”.
Дык што ж гэта за званне такое – “Жанчына года”, не замацаванае ніякім заканадаўчым актам? Да яго з павагай ставяцца жанчыны. І мужчыны – гаворачы не проста аб прыгажосці знешняй, але і ўнутранай, вылучаючы працоўныя і мацярынскія заслугі, жаночую дабрыню ва ўсіх яе праяўленнях. Хіба ж не прэстыжна?! Надзея Ермакова адзначыла, што сёлета з’явіліся дзве новыя намінацыі, дзякуючы якім шматграннасць дзейнасці беларускай жанчыны паказана яшчэ шырэй, – “Жанчына ў бізнесе” і “Жанчына-легенда”.
Сапраўды, у наш час многа праводзіцца розных конкурсаў, у тым ліку і кшталту “Міс ногі” ці “Міс бюст”, як трапна прыкмеціла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, але конкурс жаночай дабрадзейнасці – гэта асаблівая з’ява, якая праслаўляе ўсё тое, на чым трымаецца зямля. А прывёўшы ўражлівыя лічбы пра колькасць жанчын дзяржслужачых і членаў выбарчых камісій (пад 70 працэнтаў тых і другіх), Лідзія Ярмошына пажартавала: збылася мара бальшавікоў – знаходзячыся на кухні, жанчына кіруе дзяржавай. Яе падтрымала і іншая знакамітая жанчына краіны, ураджэнка Іванаўскага раёна, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, маці чацвярых сыноў Надзея Каткавец: “Усё тое, чаго дасягнула Беларусь, здабыта дзякуючы чалавечаму патэнцыялу. Гэта – і самаадданая праца мноства жанчын”.
А цяпер – пра спадарынь, якія годна прадстаўлялі берасцейскі край на конкурсе. У намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць” перамагла лунінчанка Таццяна Удавенка, дырэктар ПВУП “Вікторыя”. Дэвіз, з якім крочыць жанчына па жыцці, даволі красамоўны і тлумачыць многае – “Спяшайцеся рабіць дабро!” Не хаваючы трапяткога хвалявання, Таццяна Дзмітрыеўна запэўніла: “Званне “Жанчына года” абавязвае мяне быць яшчэ больш уважлівай да людзей, якім неабходна дапамога. Дык давайце ж будзем падтрымліваць дабрачыннасць на ўсёй Беларусі!” – заклікала прысутных у зале наша зямлячка.
Спалучэнне сціпласці і годнасці вылучала і другую нашу жанчыну года, якая дасягнула вяршыні ў справе свайго жыцця – Таццяну Маторыну, пераможцу ў намінацыі “За прафесіяналізм”. “Ганаруся, што я – сярод цікавых жанчын, што сваёй дзейнасцю раблю краіну лепшай. Але ж нас на камбінаце – 1200 чалавек, і я ўдзячная за прызнанне нашых, – зрабіла акцэнт на гэтым слове Таццяна Мікалаеўна, – заслуг”. А ўзгадаўшы апошнюю калекцыю панчошнага камбіната “Мая багіня”, жанчына пажадала, каб кожная з нас штодзень адчувала сябе багіняй…
У намінацыі “За актыўную грамадскую дзейнасць” была ярка прадстаўлена Таццяна Камянчук, дырэктар Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната, жыццёвы прынцып якой – калі што і рабіць, дык лепш за ўсіх. Ці не таму дзіцячае харчаванне маларытчан вядомае далёка за межамі Беларусі?
Сярод жанчын, якія маюць дасягненні ў выхаванні дзяцей, была Надзея Андрановіч з Іванава, якая разам з мужам вырасціла 10 дзяцей. За жаночую мужнасць намініравалася Іна Адылбекава, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, якая, між іншым, гадуе трайнят. А ў намінацыі “За значны ўклад у развіццё сяла” разам з Раісай Халько, намеснікам дырэктара ПУП “Моладава-Агра”, на сцэне стаялі такія элегантныя, сімпатычныя дамы, што цалкам парушаўся стэрэатып сялянкі. Наша калега, намеснік рэдактара райгазеты “Драгічынскі веснік” Галіна Шафран была намінанткай за ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне, а першы намеснік дырэктара Бярозаўскага сыраробнага камбіната Марына Анікеева – за прафесіяналізм. Яе прынцыповасць, кампетэнтнасць, мэтанакіраванасць добра вядомыя ў вобласці і, несумненна, пасадзейнічалі выбранню яе членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Асабліва ўразілі мяне прадстаўніцы новай ды вельмі ўзнёслай намінацыі “Жанчына-легенда”. Вольга Алейнікава – доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, бліскучы спецыяліст у анкалогіі. Валянціна Гаявая – народная артыстка, кіраўнік славутых “Харошак”. Алена Пісарава – Герой Сацыялістычнай Працы. Кацярына Вішнеўская – урач ад Бога, заснавальнік беларускай навуковай школы анкагінеколагаў, яе імя ўпісана ў летапіс дасягненняў ХХ стагоддзя…
– Калі назвалі маё імя, дык падумалася: быццам бы пры жыцці легенд не бывае, – дзялілася Вольга Алейнікава. – Калі ж пабачыла тых, хто стаў побач са мной, – змяніла думку… Усё-такі кожная жанчына – легенда для свайго мужчыны. А дзеці і ўнукі, у якіх мы працягваем жыццё, – нашы падрастаючыя легенды…
Вядома ж, жанчыны-легенды ёсць не толькі ў Мінску. Хочацца спадзявацца, што на наступны год брастаўчанкі-легенды таксама заззяюць на сталічнай сцэне. А што адносна самога конкурсу “Жанчына года”, дык ён, на мой погляд, ужо стаў яркай нацыянальнай з’явай. Так я мяркую, зыходзячы з пранікнёна-мудрых слоў айца Георгія: “Мы ўшаноўваем жаночы подзвіг… Узнагароджваецца дабрадзейнасць. Чаго ні краніся – бачым: пачаткам і прыкладам з’яўляецца жанчына…” А яшчэ ў той дзень я пачула: “Калі б зямля заледзянела – растала б ад жаночай цеплыні…”
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.