Вайна і Мір Вікенція Бурло

Вайна і Мір Вікенція Бурло

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ён па памяці цытуе Пушкіна і Коласа, разважае пра галоўныя каштоўнасці быцця — мір, незалежнасць, хлеб, памяць. І не верыцца, што гэтаму рухаваму жыццялюбу 92 гады

Вікенцій Бурло, шаноўны Вікенцій Ільіч!.. Жыве ў пасёлку Мір Баранавіцкага раёна, але з Ляхавіччынай звязаны сваёй слаўнай маладосцю, найперш ваеннымі яе старонкамі. Тут ён партызаніў у 1943-1944-х гадах і яго домам быў векапомны лес Машукоўскі. Памятае ўсё да драбніц, у тым ліку пра нараджэнне падпольнай газеты “Совецкі патрыёт”. Ён быў адным з тых, хто яе ствараў літаральна  з  №1 у кастрычніку 1943-га і пісаў палымяныя радкі, якія клікалі на барацьбу з фашыстамі, расказвалі пра мужнасць нашых воінаў і партызан, даносілі людзям на акупіраванай тэрыторыі праўдзівую інфармацыю, самую патрэбную, самую чаканую. Вікенцій Ільіч успамінае, як сакратар Ляхавіцкага падпольнага райкама партыі Сцяпан Дзесюкевіч гаварыў, звяртаючыся да яго: “Па пытаннях выдання можаш прыходзіць да мяне ў зямлянку ў любы час сутак. Газета – другая зброя супраць фашыстаў”…
Пасля вызвалення Беларусі наш герой пэўны час жыў і працаваў на Ляхавіччыне: спачатку ў раённай газеце, потым рыхтаваў і вёў перадачы раённага радыё. А пазней пачалася работа па спецыяльнасці (ён – педагог па адукацыі) – завучам вячэрняй школы.
З 1955-га настаўнічаў на Стаўбцоўшчыне, а ў 1974 годзе пераехаў у саўгас-камбінат “Мір” Баранавіцкага раёна. Працягваў педагагічную дзейнасць, а апошняе 10-годдзе ўзначальваў ветэранскую арганізацыю мясцовай гаспадаркі.
Такім вось чынам для Вікенція Бурло родная сэрцу і ляхавіцкая зямля, і баранавіцкая. Літаральна месяц назад ён разам з сынам (дарэчы, у Вікенція Ільіча шасцёра дзяцей!) завітаў на Ляхавіччыну, зайшоў у рэдакцыю “Ляхавіцкага весніка”…
А нядаўна Вікенцій Ільіч прымаў гасцей у сябе дома. Напярэдадні Дня Рэспублікі і 68-й гадавіны з дня вызвалення нашай краіны ад фашысцкай акупацыі павіншаваць шаноўнага ветэрана прыйшлі кіраўнікі Баранавіцкага і  Ляхавіцкага раёнаў Мікалай Язубец і Дзмітрый Бурдук. Шчымлівыя імгненні шчырай пашаны, самыя цёплыя словы падзякі – як жа светла на душы ад магчымасці сказаць іх заслужанаму чалавеку! Мікалай Язубец прывёз ветэрану падарунак, Дзмітрый Бурдук уручыў Вікенцію Ільічу грамату райвыканкама і таксама падарунак. Лёгкая разгубленасць ад такой увагі, расчуленасць блішчалі слязінкамі ў вачах пажылога чалавека, на пінжаку якога цесна ад баявых узнагарод.
…У яго лёсе была вайна і ёсць Мір. Слова “Мір” невыпадкова напісала з вялікай літары: для Вікенція Ільіча ён – галоўная каштоўнасць, за якую  змагаўся са зброяй у руках і сілай друкаванага радка, і, да таго ж, назва пасёлка, дзе ён жыве.
Вольга БАРАДЗІНА,
Баранавіцкі раён.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна адкрылі трэці працоўны семестр

Следующая запись

На дабрачынным канцэрце ў Брэсце былі сабраны сродкі для рэабілітацыйнага аддзялення ГА “Дзеці ў бядзе”