Быль і казка машыніста Фадзеева
52 гады аддаў чыгунцы машыніст цеплавоза лакаматыўнага дэпо Брэст Герой Сацыялістычнай Працы Фёдар Рыгоравіч Фадзееў
Пачалося ўсё, па словах ганаровага чыгуначніка, яшчэ ў падлеткавым узросце. Аднойчы ў вёску Новая Нікалаеўка, што ў Чалябінскай вобласці, дзе разам з бацькамі жыў Фёдар, прыехаў яго стрыечны брат. Ён быў чыгуначнікам, таму паўстаў перад землякамі, як кажуць, ва ўсёй красе. Форма і фуражка вельмі пасавалі яму, але яшчэ больш спадабаліся яны Фёдару, які спаў і сніў іх. Тады ж ён і вырашыў, што абавязкова стане чыгуначнікам.
Ажыццяўленню мары не перашкодзіла нават вайна. На той момант Фёдару споўнілася 15 год. Каб было весялей у дарозе, угаварыў такіх жа адчайных, як і сам, сяброў адправіцца разам вучыцца на чыгуначніка. Сябры, праўда, у хуткім часе вярнуліся дамоў, а Федзя Фадзееў пасля заканчэння Карагандзінскага вучылішча чыгуначнікаў пачаў працаваць памочнікам машыніста ў паравозным дэпо ў Какандзе Ташкенцкай чыгункі. Пра гэта сведчыць і самы першы запіс у працоўнай кніжцы Фадзеева, датаваны 1943 годам. Тут ён атрымаў і першую сваю ўзнагароду – за ваджэнне спецыяльных сакрэтных цягнікоў з ваеннымі грузамі Фёдара прэміравалі месячным акладам. З яго, па сутнасці, і пачынаецца адлік узнагарод гэтага незвычайнага чалавека.
У 1944 годзе малады памочнік машыніста быў адкамандзіраваны ў распараджэнне Брэст-Літоўскай чыгункі. Так сын арэнбургскага казака Фёдар Фадзееў аказаўся ў Беларусі. Працаваць стаў у лакаматыўным дэпо Брэст. Два гады быў памочнікам машыніста. Працаваў так многа і рупліва, што ўжо ў 19, пасля заканчэння пяцімесячных курсаў у Баранавічах, стаў машыністам грузавога руху. Для таго, каб пайсці на гэтыя курсы, неабходна было ад’ездзіць не менш за 50 тысяч кіламетраў. А на рахунку Фадзеева налічвалася 125 тысяч. Працаваць яму даверылі на самых складаных участках – Ковель і Лунінец.
У 1948 годзе моладзь Брэста сабрала “хлебны цягнік” у дар мінчанам, якія ўзнімалі з руін сталіцу, адбудоўвалі яе кварталы і вуліцы. Весці ў Мінск састаў з 75 вагонаў вагой 1500 тон даверылі таксама Фадзееву. Гэта была грандыёзная падзея. Таму праводзілі “хлебны цягнік” з аркестрам і песнямі, гэтак жа і сустракалі ў сталіцы. За гэты рэйс брыгада на чале з машыністам атрымала Ганаровую грамату ЦК ЛКСМБ.
З 48-м у Фёдара Фадзеева звязана яшчэ адна памятная падзея: 11 снежня ён ажаніўся. Выбранніца Ірына працавала ў магазіне, які атаварваў машыністаў дэпо. Там і прыкмеціў ён вабную статную дзяўчыну. Пазнаёміліся. Аказалася, што ў іх шмат агульнага. Яна таксама не карэнная брастаўчанка: у Беларусь прыехала пасля вайны, а родам – з Астраханскай вобласці. І, самае цікавае, таксама з вёскі Новая Нікалаеўка.
Распісаліся ў ЗАГСе, які тады знаходзіўся на плошчы Свабоды. Усё было сціпла і проста.
– А за што Героя далі? – цікаўлюся ў Фёдара Рыгоравіча.
– Як за што? За перавозку грузаў.
– Так многа перавезлі?
– Многа, – усміхаецца ён.
Машыністы ў той час вадзілі грузавыя цягнікі вагой па 1500 тон. А Фёдар Рыгоравіч на ўчастку Брэст – Ковель упершыню павёў цягнікі вагой у 2,5 тысячы тон, пасля – у 2800 і 3000 тон. Ніхто не верыў, што на ўчастку Брэст – Бяроза-Картузская паравоз серыі Эр пацягне састаў вагой больш за 3000 тон. А Фадзееў і тут вылучыўся. Састаў, які ён павёў на гэтым адрэзку пуці, важыў 3,5 тысячы тон. У хуткім часе ён давёў вагу цягніка да 4500 тон.
Так больш чым праз чвэрць стагоддзя Фёдар Фадзееў паклаў на Беларускай чыгунцы пачатак масаваму руху ваджэння цягнікоў павышанай вагі, які быў закладзены ў 1935 годзе ўкраінскім машыністам Пятром Крываносам.
– Вы разумееце, як было весці кіламетровы састаў, які ў тры разы перавышаў дапушчальную норму?! – з гонарам за сваё дасягненне гаворыць Фёдар Рыгоравіч. – Асабліва цяжка было на пад’ёмах…
На гэты выпадак у запасе заўсёды быў больш якасны вугаль, выручалі і добрае веданне профілю пуці, пастаянная работа над сабой, строгае выкананне службовай інструкцыі. Здаралася, праўда, што і паломкі ў дарозе адбываліся, і рукі пара апякала, але справу машыніст заўсёды выконваў. Пра поспехі камсамольца, а пазней – камуніста Фёдара Фадзеева і яго брыгады тады складалі вершы, яго імя і дасягненні былі на вуснах працаўнікоў і рабочых многіх прадпрыемстваў.
У 1958 годзе калектыў дэпо перавёз 2,5 мільёна тон народнагаспадарчых грузаў, расход паліва быў зменшаны на 15 працэнтаў. Дасягненне гэтае не засталося незаўважаным. І, вядома ж, асабісты ўклад у яго лідара сацыялістычнага спаборніцтва Фёдара Фадзеева таксама. А праз год, на Дзень чыгуначніка, які святкуецца ў першую нядзелю жніўня, за значныя поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця чыгуначнага транспарту, яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
– На якім адрэзку пуці Вас дагнала гэтая радасная вестка? – пытаюся ў Фёдара Рыгоравіча.
– Я быў дома і адпачываў пасля рэйса, калі нехта патэлефанаваў з дыспетчарскай і сказаў, што па радыё паведамілі аб прысваенні мне звання Героя Сацыялістычнай Працы, – узгадвае чыгуначнік. – Я тады ўсю ноч не спаў…
Пра што думалася яму? Пра тое, як угаворваў сяброў ісці вучыцца на чыгуначніка? Ці як памочнікам паехаў у першы свой рэйс? Ці як у 1946 годзе быў пераведзены ў качагары за тое, што чалавек трапіў пад цягнік? А можа, вяртаўся ў думках у 1952 год, калі давялося везці ў Вюнсдорф маршала Говарава?..
Уручалі 33-гадоваму Фёдару Фадзееву Зорку Героя ў клубе чыгуначнікаў, тады ж ён атрымаў знак “Ганаровы чыгуначнік”. Разам з ім Зоркі Героя быў уганараваны і тагачасны начальнік Беларускай чыгункі Гаўрыіл Кацяш, а ўзнагароды іншай пробы атрымалі многія чыгуначнікі. Віншаванням, здавалася, не будзе канца. Аднак машыніст Фадзееў пасля дамашняга свята зноў актыўна ўключыўся ў работу. Як і раней, вадзіў цяжкавагавыя саставы. У 1962 годзе без адрыву ад вытворчасці паступіў у чыгуначны тэхнікум, вучыўся па спецыяльнасці “Цеплавозная гаспадарка”. Праз тры гады паспяхова закончыў яго і атрымаў дыплом тэхніка-механіка.
Слава пра машыніста з Беларусі, які за адзін рэйс можа весці састаў вагой больш за 4 тысячы тон, даляцела і ў нямецкі горад Дормштат. Тут быў хімічны завод, які вялікімі аб’ёмамі пастаўляў сваю прадукцыю ў розныя еўрапейскія краіны, у тым ліку і ў Савецкі Саюз. Кіраўніцтва гэтага прадпрыемства запрасіла Фёдара Фадзеева вазіць іх грузы, з чым ён паспяхова справіўся. У яго гонар была нават названа адна брыгада. Перадавік вытворчасці, камуніст Фадзееў разам з Пятром Машэравым і іншымі дэлегатамі ад Беларусі ўдзельнічаў у рабоце ХХI з’езда КПСС.
– Тыя 13 дзён былі нібы ў казцы. Мы пражывалі ў аднамесных нумарах у гасцініцы “Расія”. У нашым распараджэнні была “Волга”. На расходы штодзённа выдавалі па 140 рублёў. Я тады навёз дзецям і жонцы з Масквы шмат усякіх прысмак, – успамінае Фёдар Рыгоравіч. – А яшчэ запомнілася, як фатаграфаваўся разам з Будзённым. Шкада толькі, што фатограф чамусьці выдаліў нас з таго здымка, застаўся толькі маршал…
У 1965 годзе, калі з’явіліся цеплавозы, Фадзеева як вопытнага машыніста перавялі на пасажырскія цягнікі. Ён яшчэ 20 гадоў ездзіў на Кіеў, Бранск, Гомель. Перад выхадам на пенсію некаторы час быў машыністам-інструктарам манеўравых цягнікоў. Яго вопыт стаў набыткам для многіх маладых чыгуначнікаў.
Зараз Фёдар Рыгоравіч больш жыве ўспамінамі пра тое багатае на розныя падзеі жыццё. Пра іх напамінаюць стосы грамат, якімі машыніст быў узнагароджаны за час работы на чыгунцы, і шматлікія медалі, якія ззяюць на кіцелі чыгуначніка. На ім побач з ордэнам Леніна і “Залатой Зоркай” Героя Сацыялістычнай Працы – медаль “За доблесную і самаадданую працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны”, уручаны шмат гадоў таму, і памятны медаль ЦК КПРФ “У азнаменаванне 140-годдзя з Дня нараджэння
У.І. Леніна”, атрыманы летась. Асаблівай гордасцю чыгуначніка з’яўляецца малюнак на ўсю сцяну гаража – яго цягнік.
З жонкай Ірынай Яфімаўнай, з якой разам ужо 62 гады, з дапамогай дзяцей даводзіць Фёдар Рыгоравіч да ладу домік, які быў выдзелены ім у 1960 годзе. Дапамагаюць Фадзеевы дзецям і ўнукам. Дарэчы, выгадавалі яны траіх дзяцей – дзве дачкі і сына, маюць чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Яны шчаслівыя, што, аднойчы прыехаўшы ў Брэст, засталіся тут назаўсёды, што Беларусь стала для іх сапраўднай Радзімай. І па-ранейшаму называюць зорачкай сваю малодшую дачку, якая нарадзілася ў 1959 годзе, калі знакамітаму машыністу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.