Слынны пісьменнік Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько) і сапраўды вёў на Случчыне, у Мялешкаўскай школе, урокі. Іх паказвалі па тэлебачанні. Але часцей урокі грамадзянскасці, чалавечнасці і дабрыні атрымлівалі тыя, каму пашчасціла асабіста ведаць пісьменніка, сустракацца з ім.Калі коратка трэба было б ахарактарызаваць Васіля Вітку, я назваў бы адным словам – Мудрэц. Ссівелыя, аж да белізны, валасы, разумны пагляд з-пад інтэлігентных акуляраў, кожнае слова як у размове, так і ў творах – важкае і трапнае. Такім я ведаў і ўспамінаю сёння Цімоха Васільевіча.УРОК ПЕРШЫ.ВУЧЫЦЕСЯ Ў СУХАМЛІНСКАГАСтудзень 1970 года. Я першы раз пераступіў парог рэдакцыі часопіса “Вясёлка”, які рэдагаваў Васіль Вітка. Прынёс некалькі апавяданняў, адрасаваных маленькім чытачам. Сур’ёзна і добразычліва разбіраў іх Алесь Пальчэўскі.Васіль Вітка, які да гэтага быў заняты сваімі справамі, адарваўся ад чытання і запытаў:– Што вы ведаеце пра Сухамлінскага?Я ў той час працаваў настаўнікам на Палессі, чытаў артыкулы вядомага педагога. Так і адказаў Цімоху Васільевічу.– А ці ведаеце, што Васіль Аляксандравіч піша апавяданні для дзяцей? – хітравата ўсміхнуўся Вітка. – І паглядзіце, як піша!..Цімох Васільевіч падаў мне свежы нумар “Вясёлкі”, які пах яшчэ друкарскай фарбаю, з апавяданнямі Сухамлінскага. І зараз, калі чытаю Віткавы словы пра Васіля Аляксандравіча: “Тонкае адчуванне паэзіі маленства, глыбокае пранікненне ў псіхалогію дзіцяці адразу ж выявілі ў ім талент дзіцячага пісьменніка”, мне чамусьці здаецца, што яны былі сказаны яшчэ тады, пры першай сустрэчы.– Калі навучыцеся гэтак пісаць, як Сухамлінскі, – сказаў на развітанне Цімох Васільевіч, – тады можаце лічыць сябе дзіцячым пісьменнікам…Пазней, купіўшы кніжку В.А. Сухамлінскага “Блакітныя жураўлі”, у якой былі сабраны апавяданні, казкі, прытчы і абразкі выдатнага педагога, я зразумеў, як высока падымаў планку перад творчай моладдзю Васіль Вітка, заклікаючы яе вучыцца ў Сухамлінскага.УРОК ДРУГІ.ЯК ЗНАЙШЛІ “ЗАЙЦАЎ КАЖУШОК”Прайшоў год. Ізноў студзень, у школах канікулы, і я еду ў Мінск. У рэдакцыі “Вясёлкі” мяне сустрэў адзін Васіль Вітка. Ведаючы, што я прыехаў здалёку, пасадзіў насупраць і прапанаваў:– Чытайце, што прывезлі…І я стаў чытаць. Адно апавяданне, другое, трэцяе… Вітка слухаў уважліва, не перапыняў. Калі скончыў, спытаў:– І ўсё?..Я зразумеў, што апавяданні не спадабаліся галоўнаму рэдактару, адчуў, як у адзін момант перахапіла горла, і ледзьве выдавіў:– Ёсць яшчэ дзве казкі…– Прачытайце, калі ласка!Першая казка называлася “Зайцава футра”. Я чытаў – мяняўся Цімох Васільевіч. Ён то здымаў акуляры, праціраў шкельцы, быццам тыя ўраз запацелі, то зноў надзяваў. Рукі яго рухаліся, а твар ажывіўся. Затым Васіль Вітка ўпэўнена сказаў:– Гэта лепшае з таго, што вы сёння прачыталі, – і праз хвіліну: – А чаму “Зайцава футра”? Футра – у лісы, у мядзведзя, а ў зайца – кажушок. Так-так, кажушок. Падумайце: “Зайцаў кажушок”, – і дзіўна прыцмокнуў языком, мусіць, ад сваёй знаходкі.Я прачытаў і другую казку “Яблыня”. Яе таксама пахваліў рэдактар. Параіў дапрацаваць абедзве і прыслаць у “Вясёлку”.Ужо ў красавіцкім нумары часопіса быў надрукаваны “Зайцаў кажушок”, а крыху пазней – і “Яблыня”. Неўзабаве з лёгкай Віткавай рукі казка “Зайцаў кажушок” з’явілася ў школьным падручніку.УРОК ТРЭЦІ.МАГІЯ СЛОВАУ 70-я гады мінулага стагоддзя напрыканцы сакавіка, у час вясновых канікулаў, праводзіліся Усесаюзныя тыдні літаратуры для дзяцей і юнацтва. У Брэсцкі абласны інстытут удасканальвання настаўнікаў, дзе я быў на курсах перападрыхтоўкі, прыехала група дзіцячых пісьменнікаў з розных рэспублік Савецкага Саюза. Беларусь прадстаўляў Васіль Вітка. Вёў вечарыну Уладзімір Калеснік.Выступоўцы гаварылі цікава, чыталі свае творы. Калі падышла яго пара, Вітка сказаў пра вялікі абавязак настаўніка перад грамадствам за выхаванне падрастаючага пакалення, пра неабходнасць зазірнуць у дзіцячую душу, дайсці да яго сэрца. Бо ніхто гэтак, як малыя, не вераць у цудадзейную сілу слова. І прывёў лічылку, якая, перажыўшы стагоддзі, дайшла да нас:Ены бэны такі пакіОрбы торбы енцы смакіЕвус дэвус кут натэвус –Старой бабе за печ спаць!Нічога, апроч апошняга радка, гаварыў тады Вітка, не зразумела. Мабыць, таму лічылка жыве, што ў ёй ёсць самае галоўнае для дзіцячай гульні – магія слова, магія таямнічасці.Потым прачытаў лічылку сваіх унучак:Из-за горки катитсяГолубое платьице.На боку зеленый бант –Меня любит лейтенант.Лейтенант молоденький,Звать его Володенькой.Через месяц, через дваБуду я его жена.Он жену не полюбил,Взял топор и зарубил.А жена не умерла,Взяла сумку и ушла.І гэтая сучасная лічылка, як зазначыў Цімох Васільевіч, складзена самімі дзецьмі. Бо ў ёй, нягледзячы на трагічную сітуацыю, усё канчаецца аптымістычна, што характэрна для дзіцячай фантазіі.У той час, як выступаў Васіль Вітка, на дварэ бушавала навальніца. Раптам грымнуў гром – можа, першы ў тым годзе. У інстытуце згасла святло.– Вось бачыце, нава-ражыў! – усміхнуўся Уладзімір Калеснік.УРОК ЧАЦВЁРТЫ.ЯК АДЗЕННЕ НАВЫРОСТСнежань 1975 года. Мы ў Доме творчасці беларускіх пісьменнікаў у Каралішчавічах. На гэты раз тут сабраліся маладыя літаратары, якія пішуць для дзяцей.У адзін дзень да нас прыехалі Алена Васілевіч, Васіль Вітка і Вера Палтаран. Цімох Васільевіч расказваў пра майстэрства дзіцячага пісьменніка:– Калісьці нам куплялі адзенне навырост, бо за адзін год не зносіш. Для дзяцей і пісаць трэба гэтак жа, як для дарослых, толькі крыху з хітрынкай. Тады і бацькі возьмуць што-небудзь для сябе…Мы слухалі Васіля Вітку засяроджана. Словы аж звінелі добрай усмешкай.– Лірыкі, – казаў між тым Вітка, – праяўляюць свае здольнасці ў маладым узросце, а дзіцячыя пісьменнікі – потым, як становяцца бацькамі. Гэта першая ступенька. Вышэйшая – калі становяцца дзядамі. І найвышэйшая – як прыходзіць пара быць прадзедамі. Я пакуль не прадзед, а таму спадзяюся, што мая галоўная кніга яшчэ наперадзе. Гэта – па-першае, а па-другое, дзіцячы пісьменнік павінен мець багаты жыццёвы вопыт. Відаць, невыпадкова выхаванне малых спрадвеку давяралі бабулям і дзядулям. А казка – гэта народная педагогіка, якая будзе выхоўваць вечна. Хаця бываюць і выключэнні…І Цімох Васільевіч расказаў пра тое, што вядомую казку “Канёк-Гарбунок” Пётр Яршоў склаў у дзевятнаццаць гадоў. Пасля надрукаваў шмат твораў, у тым ліку і раманаў, а ў памяці людской так і застаўся аўтарам “Канька-Гарбунка”.Янка Маўр у свае амаль дзевяноста гадоў па характары заставаўся дзіцём. Хто блізка не ведаў яго, здзіўляўся, што Маўр мог залезці пад стол, хаваючыся ад доктара, які з-за стану здароўя забараніў яму прыходзіць у Дом літаратара.– Дык што, Цімох Васільевіч, загадаеце гэтым маладым хлопцам і дзяўчатам не пісаць твораў для дзяцей, пачакаць, калі стануць дзядулямі ды бабулямі? – усміхнулася Алена Васілевіч. – Дык і вы яшчэ дзедам не былі, як напісалі казку “Вавёрчына гора”?– Казка ўзнікла па неабходнасці, – прызнаўся Вітка. – Дзедам, праўда, я яшчэ не быў, а бацькам быў ужо. Паехалі мы з сынам Вісарыёнам, якога ўсе блізкія звалі Вілікам, да бабулі ў вёску. Прыехалі ў Слуцк раніцай, а да маіх Еўлічаў транспарта не было. Пайшлі пешкі, а гэта кіламетраў дванаццаць, не менш…Вілік стараўся не адставаць, аж пакуль ногі не стаміліся. Захныкаў, сеў на дарозе і кажа: “Пайду, калі будзеш казку расказваць!” Я яму адну, другую,трэцюю… дзясятую – і ўсё, скончыліся! А сын ужо без казкі ісці не можа. Тады я стаў фантазіраваць пра вавёрачку, у якой забалелі зубкі. Пачалі з сынам думаць, як дапамагчы беднай, і неўпрыкмет у Еўлічы прыйшлі.Там я залез на вышкі, дзе звычайна працаваў, як прыязджаў дадому, і стаў пераводзіць прыдуманае ў дарозе ў вершаваную форму. Так і казка з’явілася…УРОК ПЯТЫ.ЦЕСНЫ СВЕТ!..Быў яшчэ адзін урок, скіраваны на мяне. Хаця сустрэчы а сярэдзіне 90-х гадоў і не было. Перабудова і галоснасць унеслі перамены ў жыццё. Чалавеку далі магчымасць мець погляды, адметныя ад афіцыйных. Гэта, аднак, падзяліла грамадства на “нашых” і “нянашых”.У той час адна жанчына моцна пакрыўдзіла мяне і маю сям’ю. Я сёння не называю яе імя, бо ў 1995 годзе дараваў ёй усё, а тады, здавалася мне, ніколі не змагу забыць нанесенай крыўды.Але прыйшло ў сям’ю няшчасце: дачка Наташа трапіла ў аварыю. І ў гэты цяжкі момант жанчына зрабіла крок насустрач: яна сказала, што яе стрыечны брат працуе ў Мінску ўрачом-траўматолагам, і яна дамовіцца, каб ён агледзеў нашу дачку. У жыцці, мусіць, і павінна так быць: недалюбліваюць і сварацца людзі, а як прыйдзе бяда – дапамагаюць адзін аднаму.Наташа была ў такім стане, што везці яе нельга было, а пазней, як знаходзілася ў Мінску ў навукова-даследчым інстытуце, мы ўспомнілі колішнюю прапанову. Якім было маё здзіўленне, як даведаўся, што той урач-траўматолаг не хто іншы, а Вісарыён Цімафеевіч Крысько – сын Васіля Віткі! Некалькі дзён я быў пад уражаннем гэтага “адкрыцця” і раз-пораз паўтараў два словы:– Цесны свет! Цесны свет!..Сапраўды, калісьці Цімох Васільевіч дапамагаў мне як дзіцячаму пісьменніку станавіцца на ногі, а зараз яго сын ратаваў маю дачку. Потым неяк падсвядома прыйшло перакананне ў тым, што Цімох Васільевіч – гэты Мудрэц з вялікай літары – яшчэ раз працягнуў мне руку дапамогі, пастараўся памірыць з чалавекам, каб я не насіў у душы крыўды…Расціслаў Бензерук