ад Людмілы МІХАЛАЧКІНАЙ, начальніка аддзела па справах моладзіКамянецкага райвыканкама:– У апошнія дні вельмі не хапае сонейка, таму ў якасці кампенсацыі часам хочацца папесціць сябе і дамачадцаў нечым салодкім. Смачная выпечка ў некаторай ступені паляпшае настрой і ратуе ад асенняй хандры.Стравай, якую прапаную паспрабаваць чытачам “НТ”, мяне пачаставала мама. Яна таксама падзялілася рэцэптам, а таму я і вырашыла назваць выпечку “Матуліна пяшчота” – менавіта гэтая назва цалкам адлюстроўвае неверагодна лёгкі, вышуканы смак салодкіх хрушчоў. Калі ўсё зрабіць правільна, то пячэнне будзе літаральна раставаць у роце і падорыць гурманам сапраўдную асалоду.Для прыгатавання нам спатрэбяцца: 1 яйкавы бялок, 10 жаўткоў, 1 сталовая лыжка смятаны, мука, сода, воцат і цукровая пудра.Інгрэдыенты змешваем, соду гасім воцатам. Для таго, каб цеста атрымалася не надта густым і яго можна было тоненька раскатаць – мукі дадаём нямнога, можна мераць на вока. Таўшчыня раскатанага цеста павінна быць не больш 1 міліметра. Цеста рэжам пласцінкамі, робім пасярэдзіне дзірачку і закручваем хрушчы. Апошні этап прыгатавання – абсмажваем у алеі, пасля чаго гатовую выпечку пасыпаем цукровай пудрай. За кошт пудры яна будзе салодкай, таму цукар у цеста дадаваць не рэкамендуецца.Усё! Можна частавацца. Ад сябе скажу, што такіх цудоўных хрушчоў, як тады ў мамы, я нідзе да гэтага не ела. Спадзяюся, чытачам “НТ” таксама спадабаецца прапанаваны варыянт.