Такім прынцыпам кіруецца малады перспектыўны бізнесмен са Століншчыны Аляксандр БанэльСваю першую справу 17-гадовы Аляксандр пачаў з гандлю дзіцячымі цацкамі. Пакуль яго равеснікі толькі-толькі выбіралі прафесіі ды вызначаліся з навучальнымі ўстановамі, дзе хацелі б атрымаць адукацыю, ініцыятыўны хлопец адразу прыступіў да практыкі. Навука мала цікавіла юнага бізнесмена, ён старанна даследаваў рыначную кан’юнктуру, пратоптваючы сцежкі для далейшага развіцця. Гандаль пайшоў добра, бо ў той час попыт перавышаў прапанову, а гэта значыць – фактычна не было канкурэнцыі.Праз некаторы час новая хваля зноў з галавой накрыла маладога чалавека: у моду ўвайшлі DVD-дыскі. Настойлівасць і мэтанакіраванасць Аляксандра пераканалі мясцовых чыноўнікаў зарэгістраваць нетыповы для горада гандлёвы аб’ект, які ўяўляў сабой невялічкую будку на калёсах. А фартуна працягвала ўсміхацца: хутка колькасць падобных кропак павялічылася да трох. Здаецца, дзіцячыя жаданні Аляксандра паступова ператвараліся ў рэальнасць. Але ж разам з чалавекам растуць і сталеюць яго мары. Аднойчы прадпрымальнік вырашыў: пара браць быка за рогі і арганізоўваць сур’ёзны бізнес…Ужо 6 гадоў Аляксандр Банэль кіруе вытворчасцю мэблі – пераважна кухоннай. Яго салон “Stilimax” выгадна вылучаецца з шэрагу падобных: яркая шыльда, аформленая ў чырвоным колеры, адразу прыцягвае ўвагу так, што прайсці міма проста немагчыма.– А калісьці тут было сапраўднае бязладдзе, – успамінае Аляксандр. – З сябрам Іванам, з якім, дарэчы, разам вучыліся ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы, пачыналі справу з венікамі ў руках. Шмат сіл уклалі, каб надаць салону прывабны выгляд. Маем і невялічкую майстэрню, дзе зараз задзейнічана 7 чалавек.На пытанне – чаму выбраў менавіта мэблевы бізнес? – хлопец упэўнена адказвае: “Заўжды падабалася займацца дызайнам інтэр’еру”. Адносна вытворчасці Аляксандр даўно збудаваў ідэальную схему ў сваім уяўленні: невялічкая майстэрня, дзе пераважае ручная праца, а індывідуальныя пажаданні кліента стаяць на першым месцы.Малады кіраўнік праводзіць у салоне амаль увесь вольны час, не застаецца нават і хвілінкі на любімую рыбалку і іншыя хобі. Працоўны графік з 9.00 да 21.00 даўно стаў прафесіянальнай звычкай. Ці варта казаць, што падобнай самааддачы Аляксандр чакае і ад сваіх падначаленых. Тым больш, што такі падыход да справы імпануе і кліентам, якіх у невялічкім горадзе знайсці не надта проста.Прынцып “кліент заўжды мае рацыю”, безумоўна, дадае плюсы і без таго добрай рэпутацыі салона мэблі. Калі ж глянуць на сітуацыю з іншага боку, дык індывідуальная праца з кожным пакупніком прадугледжвае і дадатковыя клопаты. Тут неабходна ўлічваць нават самую малюсенькую дробязь, напрыклад, крывыя сцены ў кватэры кліента.Не зважаючы на пэўныя цяжкасці, перспектыўны прадпрымальнік Аляксандр Банэль глядзіць далёка ўперад. Ён заўжды ў пошуках новай хвалі, якая прынясе не толькі нядрэнныя прыбыткі, але і асалоду ад любімай справы.Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,г. Столін.